Прыгожая маладая жанчына з вачыма колеру яснага неба, лепшая мама на свеце для двух выдатных сыноў, адданая і каханая жонка сапраўднага афіцэра… Сёння Алена Мікалаеўна Жамойда – вядучы спецыяліст раённага ваенкамата па сацыяльнай абароне льготнай катэгорыі грамадзян, пенсіянераў Міністэрства абароны. Вось ужо добры дзясятак гадоў яна працуе для тых, «чыя служба была і небяспечная, і цяжкая».
Здавалася, нішто ў жыцці не абяцала ёй такой “каляваеннай” біяграфіі. Тата не вайсковец, ды і ў родзе ніколі не было ваенных. Але дзяўчынка з дзяцінства ведала, што ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць, і не раз пераглядала фільм “Афіцэры”…
Пасля заканчэння Пінскага інстытута кіравання па спецыяльнасці “эканаміст-менеджар” Алена Мікалаеўна працавала некаторы час бухгалтарам у вайсковай часці ў в. Новыя Засімавічы. У 2007 годзе ўладкавалася на працу ў ваенкамат: спачатку займала пасаду эканаміста, затым інспектара па воінскім браніраванні і, нарэшце, стала “сацахоўнікам”.
— Вядома, спачатку, сапраўды, было цяжкавата: тут зусім іншыя задачы, ды і сама пастаноўка іх іншая – выразная і бескампрамісная. Праца вельмі падабаецца. Рэгулярна па дапамогу звяртаюцца людзі з просьбай адшукаць сваякоў, якія згубіліся падчас вайны, або знайсці месца пахавання дзеда, прадзеда. Даводзілася бачыць радасць людзей, якім мы дапамагалі знаходзіць родных. Гэта дарагога каштуе, — кажа жанчына.
На пытанне, кім бы яна хацела бачыць сваіх сыноў, Алена Мікалаеўна, не задумваючыся, адказвае: «Афіцэрамі» і дадае:
— Кірыл з Мікітам усё часцей заяўляюць, што будуць вайскоўцамі. Прымяраюць татаву форму і пачынаюць маршыраваць. Прызнаюся, мне вельмі падабаюцца мужчыны ў вайсковай форме: годнасць, статнаць…
Вядома, гледзячы падчас прызыўной кампаніі на чужых дзяцей-прызыўнікоў, матчына сэрца пачынае хвалявацца. Не за гарамі той час, калі старэйшаму сыну Алены трэба будзе надзець салдацкую форму і прайсці праз усе вайсковыя выпрабаванні.
— Але так трэба, — пераконвае сябе жанчына. — Так, у арміі камандуюць, маршыруюць, выконваюць загады. Аднак, дзякуючы службе, хлопчыкі сталеюць, гартуюцца і становяцца дысцыплінаванымі і адказнымі людзьмі, сапраўднымі абаронцамі сваёй сям’і і Радзімы.
Алена Зялевіч, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).