Суббота, 13 апреля 2024

Маленькі Ванечка Пасько з Клепачоў, які нарадзіўся 21 верасня, атрымаў статус «Дзіця міру», а яго бацькі прымалі віншаванні

883

Да Тыдня бацькоўскай любові сёлета прымеркавана яшчэ адна вельмі важная акцыя: ушаноўванне дзяцей, якія нарадзіліся ў Міжнародны дзень міру, 21 верасня. Сімвалічны статус «Дзіця міру» ў нашым раёне атрымаў маленькі хлопчык Іван з аг. Клепачы. Сертыфікат, які пацвярджае гэта, яго бацькам Крысціне і Дзмітрыю Пасько ўручылі ў сераду старшыня Пружанскага аддзялення Беларускага фонду міру, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч і старшыня раённага аб‘яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.

Таксама да сертыфіката прыкладаецца прыемны дадатак — матэрыяльная дапамога. Але ж, зразумела, не яна і не самыя цёплыя і шчырыя словы віншаванняў прымусілі немаўля з‘явіцца на свет менавіта ў такі знамянальны дзень.

— Мы разлічвалі, што нараджаць давядзецца крыху пазней, а рыхтаваліся адзначыць зусім іншую дату, — усміхаецца Крысціна Леанідаўна. — Якраз 21 верасня роўна чатыры гады таму адбылося наша вяселле. Але ж Ванечка чакаць не стаў.

— Так, замест кафэ мы паехалі ў раддом, таму цяпер у нашай сям‘і ў гэты дзень будзе двайное свята, — пацвярджае Дзмітрый Васільевіч.

Дзмітрый і Крысціна Пасько — педагогі, некалі разам вучыліся ў Нясвіжскім педагагічным каледжы, але звярнулі адзін на аднаго ўвагу толькі праз гады пасля яго заканчэння. Ён, настаўнік фізічнага выхавання Кляпацкай СШ, суправаджаў дзіцячую экскурсію ў Нясвіж, дзе адпрацоўвала пасля ўніверсітэта яна, філолаг.

Выпадкова сустрэліся, каб ужо не расставацца.

Першай у маладой сям‘і нарадзілася дачка Сафія, якая цяпер наведвае Кляпацкі дзіцячы садок. Дзяўчынка прызналася, што якраз напярэдадні свята стала вучыць песеньку, прысвечаную Дню бацькі.

Але ж у першую чаргу цікавіць, ці падабаецца сям‘і Пасько жыццё ў Клепачах.

Крысціна Леанідаўна кажа, што сама яна родам з Салігорскага раёна, некаторы час жыла там у аграгарадку. І нават здзіўляе часам, як многа падобнага да сваёй малой радзімы сустракае цяпер. Праўда, калі чатыры гады вучылася ў Мінску, прывыкла да шматлюднага горада, крыху сумавала потым. Ды прызвычаілася хутка. Галоўнае — не месца пражывання, а тое, што побач каханы чалавек. Вось толькі родныя далекавата засталіся.

— Затое колькі радасці, калі прыязджаюць сваякі да нас у госці! Гэта дарагога каштуе, — прызнаецца маладая жанчына.

Дзмітрый Васільевіч наогул родам з Навасёлкаў, яму да бацькоўскага дома — рукой падаць. Але ж мужу і бацьку хочацца пабудаваць сваё жыллё.

— Усё ў нашым аграгарадку добра, — кажа мужчына. — Інфраструктура цудоўная: садок, школа, амбулаторыя, Дом культуры, магазіны — усё ў крокавай даступнасці. Плавальны басейн ёсць, дзецям ёсць, дзе гуляць. Вось толькі жыць пакуль даводзіцца ў наёмнай кватэры.

І гэтая праблема вырашаецца: сям‘я купіла стары дом, узяла крэдыт на яго рэканструкцыю, а гаспадар хутка асвоіў «сумежныя прафесіі» і муляра, і страхара. Зразумела, усё і адразу зрабіць немагчыма, але справа ўпэўнена рухаеца наперад.

А як адчувае сябе гаспадар у ролі бацькі, тым больш, напярэдадні новага мужчынскага свята?

Аказваецца, вельмі задаволены, што з‘явілася такое. Нарэшце дзяржава годна ацаніла не толькі працу жанчыны па нараджэнні, гадаванні, выхаванні дзетак, але і ролю бацькі ва ўсіх гэтых працэсах. І тут справа нават не ў тым, колькі муж дапамагае па хатняй гаспадарцы, хаця і гэта важна. Сапраўдны мужчына быў і застаецца апорай сям‘і, каменнай сцяной, за якой утульна і надзейна жонцы і дзецям.

— Толькі б мірнае неба свяціла над нашымі дзеткамі, над нашай краінай, — кажа Дзмітрый Васільевіч, трымаючы на руках «Дзіця міру», якое ціхенька спіць, прытуліўшыся да таты.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік