Суббота, 12 октября 2024

Маленькі сантэхнік з вялікай літары. Мікалаю Рыгоравічу Панкратаву — 85!

742

Усе, хто калі-небудзь звяртаўся да Мікалая Рыгоравіча Панкратава, з упэўненасцю скажуць: зроблена сумленна. Толькі так, а не іначай падыходзіць да работы гэты чалавек. Нягледзячы на паважаны ўзрост (а Мікалаю Рыгоравічу на мінулым тыдні споўнілася 85), ён працягвае шчыраваць ва ўласнай майстэрні.

Вялікая частка жыцця Мікалая Рыгоравіча звязана з Пружанскім ільнозаводам. Тут слесар-рамонтнік Панкратаў адпрацаваў 26 гадоў і да выканання сваіх абавязкаў заўсёды ставіўся вельмі адказна.
— Пацвярджэнне таму – адна з аўтаматычных сістэм уключэння і выключэння каналізацыйна-помпавай станцыі, наладжаная Мікалаем Рыгоравічам 50 гадоў таму, працуе і зараз, – кажа дырэктар прадпрыемства М.С.Жогал.


Уласна, на льнозаводзе і было вырашана ўшанаваць паважанага работніка, а заадно і паказаць, як мадэрнізавалася вытворчасць за чвэрць стагоддзя, што правёў Мікалай Рыгоравіч на заслужаным адпачынку.


А змянілася сапраўды многае: праведзена маштабная рэканструкцыя, практычна пабудаваны новы льнозавод. Дзякуючы гэтаму, павялічыліся магутнасці прадпрыемства. Таксама заменена лінія кароткага валакна ў старым цэху, усталяваны сістэмы камп’ютарнага кіравання вытворчасцю…


– Разросся завод, пабуйнеў… – скажа юбіляр пасля экскурсіі па прадпрыемстве. А яго, як і Беларусь, Мікалай Рыгоравіч называе сваім другім домам.


Родам жа ён з Урала, нарадзіўся ў Верхняй Салдзе. Свае родныя мясціны ўспамінае з непадробнай цеплынёй. Кажа, што давялося жыць з людзьмі, якія працавалі з прадстаўнікамі роду Дзямідавых – знакамітых уральскіх заводчыкаў. Гэта і сфарміравала якасці мужчыны – цвёрдасць, рашучасць і настойлівасць.


– На Урале людзі вырастаюць у прамым сэнсе слова «на жалезе», майстравітыя. Калі ж я прыехаў у Пружаны, часта ў кампаніі сяброў даводзілася чуць: “Ну, што ты ўсё свой ільнозавод успамінаеш? Пайшоў з работы – забудзь пра яе!”. А як забыць, калі гэта не толькі твой хлеб – твая аддушына?


У Пружанах мужчына апынуўся, дзякуючы жонцы Наталлі Паўлаўне, ураджэнцы вёскі Лазоўка, ужо пасля дэмабілізацыі. Да гэтага была служба ў войску, якая праходзіла на тэрыторыі Венгрыі і якраз прыпала на 1956 год – час ваеннага перавароту ў гэтай краіне. Мікалай Рыгоравіч мае пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, што прыраўноўвае яго да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.


Менавіта на ваеннае ліхалецце прыпала дзяцінства. Мужчына ўспамінае яго як цяжкі час:
– Ежы амаль не было, хлеб выдавалі па картках. Памятаю, матуля прынясе хлеб, падзеліць паміж дзецьмі… Шмат было хіба толькі солі, ды саліць не было чаго.

Пасля вайны Мікалай Рыгоравіч скончыў рамеснае вучылішча, дзе і набыў прафесію на ўсё жыццё. Панкратаў успамінае, што спачатку многія работы даводзілася выконваць уручную. Дапамагалі нажоўка і зубіла. Зараз жа змянілася многае, у працы ўсё часцей дапамагаюць станкі і аўтаматыка.


У свае 85 Мікалай Рыгоравіч поўны аптымізму і жыццёвай энергіі. На пяты паверх падымаецца праз прыступку. А каб не губляць працоўную хватку, у падвале арганізаваў уласную майстэрню. Чаго тут толькі няма! З гонарам дэманструе юбіляр свае інструменты і станкі, многія з якіх, дарэчы, сабраў самастойна. Пры іх дапамозе сёння вырабляе прыгожыя шкатулкі.


– Неаднойчы звярталіся да мяне па парады пры наладцы ацяплення. Часам пытаюцца: «Ну, як ты без плана дома ведаеш, куды што трэба ўсталёўваць?» А я станаўлюся на месца, дзе павінен быць кацёл, і ў мяне ў галаве адразу ж план дзеянняў, – адзначае Мікалай Рыгоравіч.

Надзейнай падтрымкай для мужчыны з’яўляецца сям’я. Больш за 20 гадоў таму пайшла з жыцця першая жонка Мікалая Рыгоравіча. Апорай для яго стала Марыя Міхайлаўна.
– Паболей бы цяпер такіх работнікаў, як Мікалай Рыгоравіч, – кажа Мікалай Сцяпанавіч Жогал. – Такіх, якія не падвядуць, у якіх залатыя рукі і такое ж сэрца. Мікалай Рыгоравіч – невялікі ростам, але вельмі ўдалы і адказны чалавек. Гэта маленькі сантэхнік з вялікай літары…
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.