Воскресенье, 19 января 2025

Малалетні вязень канцлагера «Азарычы» Соф’я Карпей: «Нас пасадзілі на купіны, далі трошкі грэцкай кашы. Я дагэтуль памятаю яе смак. Смак вызвалення»

1 886


11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Яна не памятае чэрвень 1941-га: першыя дні вайны прайшлі незаўважна, ледзь закрануўшы крылом. Але сакавік 44-га застанецца ў памяці Соф’і Сяргееўны Карпей назаўжды. У той год маразы павольна змяняліся адлігай, завірухі — дажджамі, зрэдку днём з’яўлялася сонейка, напаўняючы яе родную вёску Ляўковічы, што на Магілёўшчыне, звонам капяжу. Але дзесяцігадовую Сонечку вабілі на вуліцу далёка не сонечныя зайчыкі.

-Мы, дзеці, калі пачулі ад дарослых, што набліжаецца фронт, пачалі прыпадаць вухам да зямлі: слухалі, як яна скаланалася ад далёкай артылерыйскай кананады, — успамінае Соф’я Сяргееўна, былы малалетні вязень канцэнтрацыйнага лагера “Азарычы”, створанага фашыстамі ўвесну 1944 г. на тэрыторыі Даманавіцкага раёна Палескай вобласці (зараз Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці). “Жывы шчыт” з людзей, большасць з якіх была заражана тыфам, павінен быў, па задумцы немцаў, выклікаць эпідэмію ў перадавых часцях Чырвонай арміі.


— Мы не маглі нават уявіць, які жах чакаў нас наперадзе. Добра памятаю, як у вёску ўвайшоў нямецкі атрад. Тату адразу прымусілі капаць акопы. А дзяцей з мамай выселілі ў хлеў да жывёлы. У нашай хаце пачалі гаспадарыць два нямецкія афіцэры, якія сталі для мяне жывым доказам шматаблічнасці ворага: старэйшы з іх быў горшы за звера, нават наблізіцца да дома не даваў. А малодшы ў яго адсутнасць, бывала, частаваў нас прысмакамі са свайго афіцэрскага пайка. Брацікам маім: сямігадоваму Валянціну, Віцьку чатырох гадоў і Сеньку, якому яшчэ і годзіка не было, – вельмі пудынгі спадабаліся…


— Мама кожны дзень насіла тату ежу, — працягвае аповед мая суразмоўца. — Аднойчы ў бохан хлеба яна схавала залатую манету, якую раней купіла за 12 пудоў збожжа, і напісала запіску: “Хлеб еш сам, нікога не частуй”. Гэта манетка, як даведаліся пазней, выратавала бацьку жыццё: аднойчы нямецкі ахоўнік “не заўважыў”, як тата збег… Так ён дабраўся да нашых часцей і быў мабілізаваны ў Савецкую армію. Можа, і добра, што ён тады не ведаў, што здарылася з яго сям’ёй…

Дарога ў пекла
— Як зараз памятаю: у вёсцы з’явілася вялікая калона грузавікоў. “Эвакуайт! Паехаў!” – крычалі немцы на ломанай рускай мове і зганялі старых, жанчын і дзяцей. Мяне з братамі фашысты забралі прама на вуліцы, — працягвае Соф‘я Сяргееўна. — Маці, якая на той момант якраз ад акопаў вярталася, ледзь змагла дагнаць запоўненую машыну з дзецьмі.


— Я бачыла, як мама бегла за намі і крычала … Кажуць, час лечыць. Але не забыць мне ніколі той жах… Нас прывезлі ў Бабруйск, як быдла, пагрузілі ў вагоны-“цялятнікі”, без вокнаў і прыбіральні, і зачынілі дзверы… Людзей было столькі, што немагчыма паварухнуцца… Стогн, крык, плач стаялі ў вагоне: ніхто не ведаў, куды нас вязуць, але навошта — здагадваліся… Калі пачалі нас выгружаць, мы заўважылі нейкія вялікія груды, прыцярушаныя снегам. Гэта былі трупы, зваленыя ў кучы…


Людзей пастроілі ў калоны і пагналі па разбітай дарозе. Тых, хто выходзіў са строю, адразу расстрэльвалі. Дарога ад перасыльнага пункта да лагера была ўслана трупамі.


— Жанчына адна несла трох дзяцей і аслабла, дык яе расстралялі разам з дзецьмі. У другой пачаліся роды — і нованароджанага тут жа фашыст растаптаў. Ніколі не забуду. Там былі нелюдзі ў ахове, звяры… Цяжка было ісці, ногі храслі ў брудзе. Сеньку з Віцькам мама несла: аднаго спераду, другога – за плячыма, прывязаўшы хусткай. А нас з Валікам вяла за рукі. Па дарозе мы згубілі чаравічкі, дык мама зняла з сябе верхнюю спадніцу, парвала яе і абвязала нашы ногі… Знямоглы Валік, у кішэні якога быў фотаздымак таты са сваякамі, праз некаторы час пачаў ныць: “Можна, адарву дзядзьку Косцю, каб было лягчэй?.. Адарву і тату, ён усё роўна нас знойдзе…”

10 дзён у балоце
Лагер уяўляў сабой забалочаную тэрыторыю, акружаную дротам і вышкамі, падыходы да якой былі замініраваны. У тыя сакавіцкія дні сюды было звезена больш за 50 тысяч людзей. Большасць — дзеці ўсіх узростаў, жанчыны з немаўлятамі, старыя і інфекцыйныя хворыя.

— Людзей трымалі пад адкрытым небам, без ежы і вады. Кожны дзень побач з намі ад холаду і голаду паміралі сотні людзей. Але іх не хавалі: не было сіл. Ахоўнікі спачатку прымушалі скідваць трупы ў роў, вырыты каля дроту, ці складваць штабелямі. А потым памерлых стала столькі, што яны заставаліся сярод жывых. “Ложкам” для нас служылі трупы, а коўдрай – калючы снег і дожджык. Мама, як і іншыя жанчыны, здымала з памерлых адзенне, каб нас, дзяцей, ухутаць… Калі днём наступала адліга, стаялі па калені ў вадзе. Пілі ваду, у якой ляжалі трупы… Кожны дзень у лагер завозілі хворых людзей. Памятаю, як немец расстраляў траіх дзяцей за тое, што маці хацела адвесці іх унутр лагера, далей ад тых, хто толькі прыбыў, — узгадвае Соф’я Сяргееўна.

Смерць Сенькі
Рэжым лагера быў невыносны. Зняволеныя не мелі права разводзіць вогнішча, хадзіць да бліжэйшага балота, каб дастаць з-пад моху хоць трохі вады. Нават пры нязначным дотыку да дроту рваліся міны, прычыняючы страшныя калецтвы тым, хто знаходзіўся побач. Ахоўнікі, гледзячы на гэта, рагаталі, а потым дабівалі знявечаных.

— Дзякуючы намаганням нашай маці, трое з нас засталіся жыць. Толькі маленькі Сенька назаўсёды застаўся ў тым азарыцкім балоце… Я і цяпер праз столькі гадоў, здаецца, чую яго: “Ам, ам, ам…”. Калі брацік заціх, маці паклала яго моўчкі побач з намі ў балотную жыжу. Яна не крычала: там такі маўклівы боль быў паўсюль… Сёння кожны дзень, калі падыходжу да стала са стравамі, узгадваю маці. Як ёй было тады глядзець на галодных дзяцей?! – не можа стрымаць слёз Соф’я Карпей.

Вызваленне
—Аднойчы ноччу нейкім чынам у лагер здолелі прабрацца савецкія разведчыкі. Добра памятаю іх маскіровачныя плашчы і шэпт: “Трымайцеся, міленькія, хутка вас вызвалім”.


Нарэшце гэты доўгачаканы момант настаў: вароты расчыніліся і ў лагер увайшлі савецкія салдаты. Яны прасілі, каб ніхто не разбягаўся, паколькі тэрыторыя вакол была замініравана.


— Але людзі рынуліся насустрач вызваліцелям… Тых, хто выжыў у балоце, салдаты выносілі на руках і насілках. Памятаю, як мяне нёс салдацік, а я ўсё азіралася вакол. То тут, то там крычалі і патаналі ў крыві тыя, хто паспяшаўся – і падарваўся на міне: дзяўчынка без ног, хлопчык без рукі… Ад страху я ўткнулася ў салдацкае плячо тварам, каб не бачыць гэтага жаху… Потым нас пасадзілі на купіны, засланыя яловымі галінкамі, далі трошкі грэцкай кашы. Я дагэтуль памятаю яе смак. Смак вызвалення, — прызнаецца Соф’я Сяргееўна Карпей.


Час існавання лагера “Азарычы” быў кароткім, але “спадчыну” пасля сябе ён пакінуў страшную. Цяжкахворых людзей адпраўлялі адразу на каранцін у бліжэйшыя вёскі, дзе адбывалася іх поўная санітарная апрацоўка. Але перажытыя ў лагеры холад, голад, балотная вада ўсё ж такі зрабілі сваю чорную справу: людзі працягвалі паміраць…

— Нас хацелі адразу ў інтэрнат размеркаваць, пакуль мама ўладкуецца на працу. Але яна адмовілася, сказала: “Дзе дзеці, там і я. Не аддам”… Я часта гляджу па тэлевізары перадачу “Няхай гавораць” і здзіўляюся, калі сучасныя матулі, не ведаючы сапраўднай бяды, кідаюць сваіх дзяцей ці співаюцца, — сумуе жанчына.

Мірныя часы
Некаторы час сям’я Соф’і Сяргееўны знаходзілася на каранціне ў вёсцы Каравацічы.
— Гаспадары для нас у сенях паслалі саломы, каб хоць крыху цяплей было спаць. Неўзабаве маці пачала працаваць у мясцовай гаспадарцы. А мы з Валікам пакідалі Віцьку аднаго ў хаце і хадзілі па вёсках жабраваць. Бывала, што і сабак на нас спускалі. Людзі розныя… А аднойчы добрыя людзі далі нам бутэльку малачка. Мы паставілі яе на лаўку і вырашылі дачакацца матулю. Але малы Віцька незнарок штурхнуў бутэльку, і малако разлілося. Мы заплакалі і пачалі, як кацяняты, лізаць падлогу…

Дома
— Пасля вызвалення роднай Магілёўшчыны мы нарэшце вярнуліся дадому, — расказвае Соф’я Сяргееўна. — Бацька быў яшчэ на фронце. Без яго жылося вельмі цяжка: і плуг цягалі, і барану… За тры кіламетры ад хаты галлё збіралі, каб мама магла распаліць пліту і зварыць поліўку з гнілой бульбы. Так і жылі… Бацька вярнуўся з вайны цяжкапараненым, але стала крыху лягчэй.


Маленькая Соф’я не паспела і азірнуцца, як вырасла, скончыла школу, потым – сельгастэхнікум. І па размеркаванні прыехала на Пружаншчыну, дзе пачаўся новы, шчаслівы, віток яе жыцця.
Тут Соф’я Сяргееўна займела аўтарытэт сярод калег і сяброў, якіх сустрэла ў калгасе “Першае мая” ў Вялікім Сяле, дзе працавала аграномам і намеснікам старшыні, а потым на доследнай станцыі, дзе да самай пенсіі шчыравала старшым лабарантам аддзела аграхіміі. У Пружанах сустрэла сваё каханне і нарадзіла сына Сяргея і дачку Святлану. Тут штогод прымае ўдзел у святкаваннях 9 Мая і заўсёды ў парку частуецца салдацкай кашай, якая ў тым далёкім 1944-м годзе стала для яе сімвалам вызвалення і пачаткам мірнага жыцця…

Замест пасляслоўя
Шаснаццаць гадоў таму, калі адзначалася 60-годдзе вызвалення вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Азарычы”, нямецкім фондам “Узаемаразуменне і прымірэнне” Соф’я Сяргееўна Карпей была запрошана ў Германію на сустрэчу са старшакласнікамі горада Кёльн, якія, як пазней аказалася, ведалі толькі пра пачатак і заканчэнне вайны, пра Асвенцім і Бухенвальд. А вось пра зверствы ў Азарычах – нічога.


Жанчына, па ўласным прызнанні, ехала да немцаў з “ледзяным” сэрцам і чэрствай душой. Але, калі пасля яе ўсхваляванага выступлення юнакі і дзяўчаты, стаўшы на калені, уручылі ёй букеты ружаў, яна заплакала.
Яна даравала…
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.