Кожны год у розныя арганізацыі раёна прыходзяць працаваць выпускнікі прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Пасля таго як у маладых людзей заканчваецца тэрмін дзеяння адпрацоўкі, ім даво-дзіцца прымаць важнае рашэнне: працягваць працаваць і далей на сваім першым працоўным месцы або шукаць сабе новую работу. На гэты выбар уплывае шэраг фактараў, сярод якіх: стаўленне ў калектыве, грашовыя выплаты, заработная плата і іншыя. Мы звязаліся з ідэолагамі Пружанскага РАУС і Пружанскага лясгаса, ад якіх даведаліся, як іх арганізацыі клапоцяцца пра сваіх маладых спецыялістаў і якія прывілеі ёсць у курсантаў МУС. Не засталіся без нашай увагі і маладыя людзі гэтых устаноў.
Пружанскі лясгас
Ірына Раманюк, намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Пружанскага лясгаса.

— Што значыць для вашай установы малады спецыяліст?
— У нашай арганізацыі маладым спецыялістам надаецца вялікая ўвага, бо гэта будучыня лясной галіны. У многім ад таго, якія ўражанні застануцца ў новага работніка аб сваім першым калектыве, залежыць і яго будучае месца працы пасля заканчэння адпрацоўкі. Калі мы гаворым пра маладых работнікаў лесу, то паралельна згадваем і тых, хто працуе ў калектыве шмат гадоў і дапамагае асвойвацца маладому работніку на першым працоўным месцы. У большай ступені, ад вопытных работнікаў залежыць, якой якасці лесавода мы атрымаем на выхадзе.
— Што робіцца для таго, каб замацаваць маладога спецыяліста ў вашай арганізацыі і пасля адпрацоўкі?
— У Пружанскім лясгасе развіты механізм настаўніцтва, калі за маладым работнікам замацоўваецца высокакваліфікаваны супрацоўнік, які дапамагае яму адаптавацца да вытворчай дзейнасці, карпаратыўнай культуры і садзейнічае яго далейшаму прафесійнаму развіццю. Таксама ў нашым калектыўным дагаворы ёсць цэлы раздзел, які прысвечаны сацыяльнай абароне моладзі, у якім прапісаны розныя прывілеі для гэтай катэгорыі работнікаў. Сярод такіх можна вылучыць кампенсацыю выдаткаў па найме жылля ў памеры не менш за тры базавыя велічыні ў месяц. Таксама работнікам, якія вярнуліся пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы, аказваем аднаразовую дапамогу ў памеры не менш як пяць базавых велічынь. Ажыццяўляем будаўніцтва або набыццё жылля для маладых спецыялістаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Таксама пры заключэнні кантрактаў з маладымі спецыялістамі ў нас прадугледжана выдзяленне двух дадатковых дзён да асноўнага водпуску.
«Мая работа – лес»

Нядаўна ў Пружанскі лясгас прыйшла новая маладая работніца — Вераніка Карэтка, якая сёлета скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
— Мне заўсёды падабаўся лес, магчыма, таму, што ў лясной гаспадарцы працуе і мой бацька. Таму пасля сканчэння школы вырашыла пайсці па яго шляху і паступіла на лесагаспадарчы факультэт, дзе паспяхова адвучылася 4 гады і цяпер стала работнікам галіны, — адзначыла дзяўчына.
Падчас гутаркі Вераніка з любоўю расказвала пра зялёнае багацце нашай краіны і тое, як яна рада, што ўладкавалася менавіта ва ўстанову на сваёй малой радзіме.
— У калектыве мяне сустрэлі выдатна. Я заключыла з лясгасам кантракт на два гады і думаю, што нашы працоўныя адносіны працягнуцца і пасля гэтага перыяду. Насамрэч, тут працуюць вельмі спагадныя людзі, якія заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Адчуваецца, што маладым спецыялістам тут надаецца вялікая ўвага, — з усмешкай сказала Вераніка.
Упершыню з калектывам Пружанскага лясгаса дзяўчына пазнаёмілася яшчэ напрыканцы жніўня мінулага года, калі прыйшла ў арганізацыю на практыку. У яе засталіся прыемныя ўражанні як аб рабоце, так і аб людзях, якія тут працуюць. Таму ў выбары свайго першага месца працы Вераніка ўжо не сумнявалася, тым больш што ўстанова добра клапоціцца аб гэтай катэгорыі работнікаў і ў фінансавым плане.
— У нашай арганізацыі прадугледжана надбаўка для маладога спецыяліста, якую я атрымліваю штомесяц. Апроч гэтага, установа кампенсуе мне штомесячную аплату жылля. Магу сказаць, што ў лясгасе створаны ўсе ўмовы для таго, каб моладзь прыходзіла і ў далейшым тут заставалася, асабліва гэта тычыцца тых, хто любіць лес, — падкрэсліла субяседніца.
Пружанскі РАУС
Юрый Неміровіч, падпалкоўнік міліцыі, намеснік начальніка Пружанскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.

— Якія ёсць перавагі ў абітурыентаў і студэнтаў пры паступленні і навучанні ва ўстановах МУС?
— У нашай краіне ёсць дзве вышэйшыя ўстановы, якія тычацца работы па нашым напрамку: УА «Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і УА «Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь». У гэтым годзе для абітурыентаў быў агульны конкурс, гэта значыць, што ў выпадку не- прахаджэння на спецыяльнасць у адной ВНУ малады чалавек мог быць залічаны па гэтым жа напрамку ў другую. Да пераваг можна аднесці: тэрмін навучання (4 гады) залічваецца ў стаж службы, курсанты вызваляюцца ад тэрміновай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і залічваюцца ў кадры МУС, добрая стыпендыя, трохразовае харчаванне і забеспячэнне форменным абмундзіраваннем. Калі ж вы жадаеце стаць работнікам праваахоўных органаў, звяртайцеся ў Пружанскі РАУС, дзе вам падрабязна раскажуць, што для гэтага неабходна.
— Якім чынам пастаўлена работа з маладымі спецыялістамі ў Пружанскім РАУС?
— Кожны чалавек з’яўляецца неад’емнай часткай нашай арганізацыі. Мы стараемся стварыць добрую атмасферу ў калектыве, каб моладзь хутчэй адаптавалася. Па прыходзе на службу новы работнік забяспечваецца годнай заработнай платай, якая, як правіла вышэй, чым сярэдняя па раёне. Таксама для маладых спецыялістаў, якія прыйшлі на адпрацоўку пасля заканчэння навучальнай установы, прадугледжана выплата дадатковай надбаўкі. «Наваспечаны» работнік забяспечваецца жыллём. Варта адзначыць, што супрацоўнікі нашай арганізацыі маюць водпуск з вялікай колькасцю дзён — да 45, чым рэдка могуць пахваліцца іншыя ўстановы. Важнай перавагай з’яўляецца і той факт, што на базе Пружанскага РАУС ёсць свой цір, трэнажорная і більярдная залы, дзе малады чалавек можа перавесці дух ад напружанай работы. Эмацыянальная разгрузка —гэта таксама важны складнік любой працы.
Выбраў сэрцам і розумам

Аляксандр Арэшчанка ўжо «выйшаў» з катэгорыі маладых работнікаў, але застаўся служыць у Пружанскім РАУС.
— Маёй рабоце ў праваахоўных органах паспрыяла тэрміновая служба ва ўнутраных войсках МУС. Пасля паступіла прапанова ўладкавацца на работу ў сілавыя структуры, і я пагадзіўся. Пачынаў працаваць у ізалятары часовага ўтрымання, а пасля заняў адну з пасад у ДАІ, дзе працую і па сённяшні дзень.
Аляксандр з’яўляецца мэтанакіраваным маладым чалавекам, які заўсёды імкнецца да ўдасканалення, аб чым сведчыць і яго кар’ерная лесвіца. За невялікі прамежак часу ён прайшоў шлях ад малодшага сяржанта да старшага лейтэнанта.
— У нас падабраны выдатны калектыў, які заўсёды падтрымае і дапаможа ў цяжкіх сітуацыях. Мая арганізацыя прадаставіла мне арэнднае жыллё, за што я неверагодна ўдзячны. Пружанскі РАУС цалкам забяспечвае мяне службовым абмундзіраваннем і спрыяе вядзенню здаровага і актыўнага ладу жыцця — гэта ўдзел у розных спаборніцтвах, конкурсах, турыстычных злётах і іншых мерапрыемствах.
Аляксандр з’яўляецца сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, аб гэтым сведчыць і той факт, што малады чалавек сёлета заняў у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства трэцяе месца. Спадзяёмся, дадзенае дасягненне не апошняе ў кар’еры гэтага актыўнага і жыццярадаснага работніка праваахоўных органаў.
Старонку падрыхтаваў Руслан БАСАК. Фота Кацярыны Масік
