Среда, 6 ноября 2024

Маладзёжнае лета…

1 175

У кожнага прадстаўніка маладога пакалення лета  сваё. Ой, як памыляюцца тыя, хто лічыць, нібыта сучасная моладзь здольна бавіць цудоўныя дні толькі каля манітора камп’ютара ці з шашлыкамі. Ёсць маладыя людзі (паверце, іх нямала), для каго лета — гэта маленькае жыццё.  Дык якім яно было?

ВУЧЭБНАЕ

 Ацэнка ведаў — 100 балаў!

Кульгавчук_измен.размер

Для  абітурыентаў  частка лета прайшла, канечне, за падручнікамі, здачай тэстаў і ўступных экзаменаў. Веды па беларускай мове выпускніцы СШ №1 імя ЧБВА Анастасіі Кульгаўчук па выніках цэнтралізаванага тэсціравання былі ацэнены ў 100 балаў.

Залатая медалістка з СШ №1 імя ЧБВА Анастасія Кульгаўчук пацвердзіла свае веды падчас праходжання цэнтралізаванага тэсціравання: сёлета яна — адзіная выпускніца ў нашым раёне, якая набрала 100 балаў, тым самым паказаўшы бездакорныя веды па беларускай мове. Сёлета дзяўчына была залічана на першы курс хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, дзе будзе набываць спецыяльнасць хіміка-фармацэўта.

СПАРТЫЎНАЕ

Уладзіслаў Дронь правёў лета на бегавых дарожках.

Дронь_измен.размер

Хлопец з Новых Засімавічаў прыйшоў у спорт яшчэ вучнем пачатковай школы.

— Трэнер ДЮСШ №1 Сяргей Аляксандравіч Чайкоўскі прыехаў у Параслянскую школу адабраць вучняў са спартыўнымі задаткамі, — расказвае Улад пра тое, як стаў займацца бегам. — Да таго, што ў гэты спіс трапіў я, бацькі ўсур’ёз не аднесліся: яны прывялі мяне ў спортшколу, каб я,  дастаткова хваравітае дзіця, умацаваў здароўе.

Нейкіх відавочных вынікаў лёгкаатлет сапраўды спачатку не паказваў. А гады праз тры, як кажуць, «выстраліў». У выніку  Уладзіслаў Дронь быў залічаны ў Брэсцкае вучылішча алімпійскага рэзерву. Сёння ён мае прэстыжны разрад кандыдата ў майстры спорту па лёгкай атлетыцы. А сёлета яшчэ стаў навучэнцам спецыялізаванай установы, дзе набывае спецыяльнасць трэнера.

Бягучы сезон у цэлым удала склаўся для лёгкаатлета.

Спачатку Уладзіслаў вызначыўся на рэспубліканскай спартакіядзе сярод навучэнцаў СДЮШАР і ДЮСШ Беларусі, якая праходзіла ў маі ў Гродне: у жорсткай канкурэнтнай барацьбе ён не проста стаў лепшым у асабістым заліку на дыстанцыі 800 метраў, але і змог выканаць на гэтай дыстанцыі нарматыў на ўдзел у спаборніцтвах еўрапейскага ўзроўню.

Затым былі Алімпійскія дні моладзі, якія прайшлі ў сярэдзіне чэрвеня: тут ён літаральна вырваў перамогу на дыстанцыі 1500 метраў (як прызнаваўся пасля фінішу, сапернікі былі вельмі моцныя), а таксама стаў першым і на сваёй «кароннай дыстанцыі» 800 метраў. Усе гэтыя перамогі і далі яму пуцёўку на юнацкі чэмпіянат Еўропы ў Тбілісі. Праўда, вынікам свайго выступлення ў Тбілісі Улад застаўся незадаволены: у тройку прызёраў не трапіў.

— З-за саракаградуснай спёкі было вельмі складана, што, безумоўна, мяне не апраўдвае. Але цяпер мне ёсць да чаго імкнуцца, каб не толькі не падводзіць сваіх трэнераў Аляксея Анатольевіча Ясковіча, Леаніда Францавіча Зубрыцкага, якім я ўдзячны за падрыхтоўку, але і даказаць сабе, што я здольны на большае.

…ПРАЦОЎНАЕ.

 Трэці семестр — на палетках.

Сельхозотряд_измен.размер

Правесці летні час з карысцю і зарабіць грошай студэнцкай моладзі дапамагае  БРСМ. Сёлета райкамам маладзёжнай арганізацыі заключаліся 18 дагавораў на часовае працаўладкаванне каля 200 чалавек. Самымі папулярнымі на Пружаншчыне накірункамі застаюцца сельскагаспадарчы і педагагічны.

Атрады, у складзе якіх за лета адпрацавала больш за 150 чалавек, фарміравалі на базе ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Жураўлінае», ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі». Усе маладыя людзі — навучэнцы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Акрамя таго, у трох дзіцяча-аздараўленчых лагерах раёна змаглі праявіць сябе ў якасці педагогаў амаль 50 чалавек — студэнтаў Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна, баранавіцкай і мінскіх педустаноў.

Не першы год на сезонную работу бяруць навучэнцаў Пружанскага каледжа ў ААТ «Жураўлінае». З пачаткам уборачнай пары вопытныя механізатары перасаджваюцца на камбайны, вось маладым людзям і даручаецца другасная работа.

Аляксандр Мурыновіч, Раман Кунда, Пётр Стаднік, Віктар Шыхараў, Сяргей Куберскі, Максім Канапацкі, Яўген Шумік вось ужо другі месяц за рулём трактараў. Большая частка працоўнага дня навучэнцаў праходзіць у рэйсах па вывазе рулонаў саломы з поля, а вось ездзіць з яшчэ больш грувасткімі прычапнымі агрэгатамі хлопцам пакуль не давяралі.

Маладыя механізатары прызнаюцца, што рытм працы напружаны, але хлопцам не прывыкаць: большасць з іх вырасла ў сельскай мясцовасці і знаёма з такім ладам жыцця. Пра жыллё для членаў сельгасатрада паклапацілася таварыства: яны пражываюць у Мокраўскай гасцініцы, — забяспечваюцца абедамі і вячэрамі. Дарэчы, юнакі ўжо атрымалі свае першыя ў жыцці разліковыя лісткі. Асаблівасць аплаты працы членаў такіх фарміраванняў у тым, што зарплата не абкладваецца 12% падаходным падаткам. Зарплаты ва ўсіх розныя — ад 280 да 400 рублёў — у залежнасці ад таго, каму якія работы дасталіся.

Трэці, працоўны, семестр хутка заканчваецца. Але многія з гэтых юнакоў хочуць папрацаваць яшчэ і на канікулах, якія ў іх пачынаюцца адразу пасля вытворчай практыкі. У таварыстве не супраць: у выніку падобнага партнёрства, як правіла, юнакі пасля атрымання дыплома вяртаюцца сюды на пастаянную работу.

Падрыхтавалі Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *