Кожны дзень мы стаім перад выбарам. Напрыклад, ісці на працу пешшу ці ехаць на аўтамабілі, купіць цукерак ці сядзець на дыеце, дапамагчы бацькам у хатніх справах ці прабегаць з сябрамі да вечара. Гэта, канечне, не так складана, як выбраць для сябе прафесію па душы. Каб ногі самі неслі на працу, каб хацелася жыць і тварыць. А не наадварот, сніліся страшныя сны аб сваім працоўным занятку. Немалаважна выбраць і годнае месца працы. Ці ёсць сярод нас такія шчаслівыя людзі? Вырашылі высветліць. Для чаго і завіталі ў ААТ «Ружаны-Агра». Адным з асноўных кірункаў дзейнасці гаспадаркі з’яўляецца жывёлагадоўля. Чаму б там не пашукаць задаволеных жыццём людзей? І, як кажуць, хто шукае — той знаходзіць.
Прадстаўляем вашай увазе галоўнага заатэхніка сельгаставарыства Дзмітрыя Савіцкага.
Ураджэнец г. Іванава знаёмства з ААТ «Ружаны-Агра» пачаў з практыкі, якую праходзіў падчас навучання ва УА «Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж» па спецыяльнасці «Ветэрынарная медыцына». А калі скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт у 2013 годзе, то атрымаў размеркаванне на два гады ў гаспадарку, якая, па сутнасці, стала для Дзмітрыя роднай. Нават армія не змагла разлучыць.
Пачынаў Дзмітрый Савіцкі працоўную дзейнасць на пасадзе заатэхніка-селекцыянера. Праца падабалася. І гэта не проста гучныя словы: некаторы час жывучы ў бабулі на Украіне, любіў даглядаць каровак і коней, якія меліся ва ўласнай гаспадарцы. А ў 2023 годзе кіраўніцтва ААТ «Ружаны-Агра», убачыўшы ў Дзмітрыі перспектыўнага і адказнага работніка, прапанавала яму пасаду галоўнага заатэхніка: паспрабуй, ці справішся?
Было над чым задумацца. Ды і страшнавата: як адолець немалы кавалак работы? Але згадзіўся і, як адзначае кіраўніцтва, справіўся, хоць напачатку было вельмі складана. Сельгаставарыства вялікае, на яго тэрыторыі размяшчаецца сем малочнатаварных комплексаў, асноўны статак цяпер налічвае 14900 галоў. Калі на папярэдняй рабоце меў вузкі ўчастак адказнасці, то на новай пасадзе патрэбна арганізаваць распрацоўку і выкананне мера-прыемстваў па развіцці жывёлагадоўлі, паляпшэнні ўзнаўлення статка, павышэнні прадукцыйнасці жывёл, павелічэнні выхаду маладняку. Важны момант — складанне рацыёнаў кармлення, кантроль за выкананнем пастаўленых задач. Гэта адно. А праца з людзьмі? Да кожнага трэба знайсці падыход. Здараецца, лепш не загадваць, а папрасіць. Кожны ж са сваім характарам, са сваімі жаданнямі, а недзе і прэтэнзіямі. Тут па-вінны быць і вытрымка, і разважлівасць, і тактоўнасць.
Ніхто і не кажа, што ў чалавеку ад нараджэння гэтыя рысы закладзены. Таму Дзмітрый Аляксандравіч не баіцца вучыцца, пераймаць вопыт, заўсёды гатовы выслухаць парады калег. За гэта і паважаюць галоўнага заатэх-ніка ў ААТ «Ружаны-Агра», бачаць у ім сябра і дарадцу, ведаюць, калі Савіцкі паабяцаў, то абавязкова зробіць.
Дарэчы, вытворчасць малака ў сельгаставарыстве мае станоўчы паказчык, кожны год павялічваецца. Бо жывёлаводы працуюць зладжана, ведаюць справу, кожны сумленна выконвае свае абавязкі, прытрымліваецца працоўнай дысцыпліны.
Каму яшчэ з маленства падабалася праводзіць час з братамі нашымі меншымі, марыць аб тым, каб у будучым іх даглядаць і лячыць?
Знаёмімся: ветэрынарныя ўрачы Людміла Атулян з МТК «Юндзілы» і Вольга Дрыпа з МТК «Малочкі». Сімпатычныя, жыццярадасныя, усмешлівыя дзяўчаты. Што ж прывяло іх у жывёлагадоўлю, а не, напрыклад, у настаўніцтва ці інжынерыю? Адказ просты і аднагалосны: любоў і спачуванне да ўсяго жывога. Бо калі чалавек можа сказаць, што яму баліць, і папрасіць аб дапамозе, то тая ж цялушка так не зробіць, а яна ж таксама можа занядужаць, і толькі вочы жывёліны паказваюць боль і просьбу аб дапамозе.
Людміла Атулян мясцовая, родам з в. Юндзілы, працуе ў ААТ «Ружаны-Агра» з 2021 года. Уплыў на выбар прафесіі аказалі і яе бацькі, якія ў гэтай жа гаспадарцы доўгі час працавалі жывёлаводамі. Дапамагала ім, на свае вочы бачыла: праца цяжкая, але як прыемна бачыць удзячны позірк рагулі, калі яна цягнецца да цябе, сустракае прыветным мычаннем.
Чым займаецца ветэрынарны ўрач? У першую чаргу, прафілактыкай, калі патрэбна, то і лячэннем. І не думайце, пакуль Людміла не збіраецца нічога мяняць у жыцці, яе ўсё задавальняе, у тым ліку і заработная плата.
У 2010 годзе прыйшла ў гаспадарку з Ваўкавыскага раёна Вольга Дрыпа. Што паўплывала на выбар менавіта ААТ «Ружаны-Агра», чаму не засталася бліжэй дадому? Таму што пазнаёмілася з сельгаставарыствам завочна, яшчэ падчас вучобы ў Ваўкавыскім дзяржаўным аграрным каледжы, калі ва ўстанову адукацыі прыязджаў былы дырэктар гаспадаркі Васіль Севасцьянчык. Ён расказваў шмат цікавага пра таварыства, запрашаў будучых спецыялістаў на працу. І Вольга вырашыла: а чаму б і не, свабодны дыплом на руках, можна самой выбіраць працоўны шлях.
І не памылілася, кіраўніцтва гаспадаркі падтрымала і матэрыяльна, і добрым словам, забяспечыла жыллём. Спачатку працавала ветэрынарным фельчарам, а па заканчэнні Віцебскай акадэміі — ветурачом.
Ці сустракаецца са складанасцямі ў прафесіі? Канечне, гэта ж праца з жывымі істотамі, і душа баліць за іх, і добрае слова хочацца сказаць кожнай рагулі. Яны ж разумныя, добра адчуваюць, хто як да іх адносіцца. Часам здараецца, што і затрымацца даводзіцца на комплексе, у гадзіннікавыя рамкі тут ніяк не ўкладзешся, бо сітуацыі ж розныя бываюць. Але не скардзіцца на жыццё Вольга Дрыпа: сама выбірала прафесію і месца працы.
Зразумела, пра ўсіх адданых сваёй працы людзей з ААТ «Ружаны-Агра» ў адным матэрыяле ніяк не раскажаш. Іх намнога больш, працавітых, сумленных, шчырых. А калі палічыць ва ўсіх сельгаставарыствах раёна?! І атрымліваецца, што працаваць у сельскай гаспадарцы — гэта вельмі пачэсная справа, якая нясе дабрабыт усяму беларускаму народу.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік