Воскресенье, 14 июля 2024

Маладыя медыкі з усёй вобласці навялі парадак на брацкай магіле ў Барысіках

416

Моладзь прафсаюза медработнікаў Брэсцкай вобласці дапамагае аднаўляць і добраўпарадкоўваць помнікі загінулым у гады вайны.

«Маршрут добрых спраў» — гэта мерапрыемства па ўмацаванні адзінства маладога прафсаюзнага актыву, захаванні гістарычнай праўды і памяці аб подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Больш за восем гадоў Маладзёжны савет Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 9 Мая, па добраўпарадкаванні памятных месцаў.

— У акцыі бяруць удзел маладыя медыцынскія работнікі, члены Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя практычна з усёй вобласці, — расказала галоўны спецыяліст абкама Анастасія Сопіна. — Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць моладзі сфарміраваць уважлівыя адносіны да мінулага і сучаснасці сваёй краіны.

У Год міру і стварэння маладзёжны актыў вобласці сабраўся ў Пружанскім раёне, каб у рамках акцыі «Маршрут добрых спраў» дапамагчы жыхарам вёскі Барысікі навесці парадак на брацкай магіле.

Вёска Барысікі знаходзіцца недалёка ад Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы». Маладыя медыкі завіталі ва ўстанову аховы здароўя. Старшыня прафкама Ліка Гусак і пратаіерэй Аляксандр Багдановіч распавялі пра гістарычнае мінулае бальніцы і яе тэрыторыю.

Наступным пунктам для навядзення парадку стала тэрыторыя каля памятнага знака, які быў устаноўлены 9 мая 2020 года на месцы падзення савецкага самалёта-разведчыка СБ-2314 АРАП у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Каля памятнага знака моладзь сустрэў былы галоўны ўрач псіхіятрычнай бальніцы Віктар Бычык. Ён расказаў, як знайшлі абломкі самалёта і як з’явілася ідэя стварэння помніка.

— Заўсёды прыемна сустракаць моладзь, якая цікавіцца гісторыяй роднага краю, — звярнуўся да медыкаў Віктар Бычык. — Хачу адзначыць, што падобныя мерапрыемствы накіраваны на захаванне пераемнасці пакаленняў і прыцягненне маладых беларусаў да захавання гістарычнай памяці пра герояў вайны.

Пасля праведзеных работ Маладзёжны савет наведаў музей «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў». «Тур» па Пружаншчыне завяршыўся шчырым уражаннем ад руін велічнага палаца.

Падрыхтавала Юлія Янушка