Лета — час адпачынку для навучэнцаў і студэнтаў. Зразумела, пасля чарговага навучальнага года трэба набрацца сіл, і на гэта юнакі і дзяўчаты маюць поўнае права. Але кожны год знаходзяцца сярод моладзі тыя, хто стараецца сумясціць прыемнае з карысным. Пакуль галава адпачывае ад формул і задачак, чаму б не папрацаваць рукамі? У гэтым выпадку шлях адзін — шчыра запрашаем у студатрады!
Штогод сельгаставарыствы раёна з радасцю прымаюць на працу маладых людзей на летні перыяд, напрыклад, падчас жніва. Работы, паверце, хапае. Тут вам і праца на палетках, і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, калі маецца вадзіцельскае пасведчанне — сядай за баранку і адмервай кіламетры свайго працоўнага шляху. Незаменны вопыт, не толькі збоку бачыш сельскія будні, а на практыцы ўпэўніваешся — праца на зямлі хоць і цяжкая, але ад веку вельмі пачэсная, яе не трэба цурацца. І вялікі гонар быць паўнавартасным членам дружнай сям’і хлебаробаў.
Такой думкі прытрымліваюцца і навучэнцы Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. З году ў год у летні перыяд яны папаўняюць рады сельскіх працаўнікоў і шчыруюць дзеля сябе, сваёй старонкі, роднай краіны.
Студатрадаўскі рух заўсёды знаходзіць падтрымку ў ААТ «Жураўлінае», з якім каледж у свой час падпісаў дагавор аб узаемадзеянні. Сёлета восем юнакоў выказалі жаданне папрацаваць у гаспадарцы.
Забягаючы наперад, задаём пытанне: чаму менавіта ААТ «Жураўлінае»? У сваю чаргу чуем адказ: выбар, канечне, быў, але ў гэтым сельгаставарыстве і ўмовы працы наладжаны на высокім узроўні, і заработная плата годная — у сярэднім атрымліваецца 25 рублёў за дзень.
З 23 мая па 17 ліпеня па дагаворы ў аддзяленні «Клепачы» «прапісаліся» чатыры трэцякурснікі каледжа, якія асвойваюць спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці» — будучыя механікі. Трактарыстамі-машыністамі ўладкаваліся Раман Лазюк і Уладзіслаў Палякоў, які ў мінулым годзе ўжо паспеў паспытаць свайго хлеба на доследнай станцыі. Хлопцы прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы камбайнаў да жніва-2024, а цяпер у якасці камбайнераў будуць папаўняць хлебную скарбонку краіны.
Разабраць і скласці рухавік, прыкруціць кола, пачысціць дэталь, нават пафарбаваць той жа прычэп дапамогуць Кірыл Парманік і Савелій Кулеша, якія працуюць у рамонтных майстэрнях «Клепачы» слесарамі. Ці ёсць нараканні на работу навучэнцаў? Дык іх жа ніхто не прымушаў працаваць, таму і выконваюць свае абавязкі сумленна.
Закранулі і пытанне распарадку дня. Да месца працы навучэнцаў дастаўляе з Пружан транспарт гаспадаркі, рабочы дзень доўжыцца з васьмі гадзін раніцы да пяці вечара. Але з пачаткам уборкі для Уладзіслава і Рамана будуць выдзелены пакоі ў інтэрнаце ў Клепачах, бо ў разгар жніва працаваць, як вядома, давядзецца дапазна, тут на гадзіннік глядзець не будзеш, не той момант.
Што тычыцца харчавання, то хлопцы забяспечаны смачнымі абедамі, якія ім абыходзяцца… у 1 рубель! Для ўдзельнікаў жніва, вядома, і вячэры будуць дастаўляцца.
І на што ж мяркуюць патраціць студатрадаўцы заробленыя грошы? Ну, гэта ж хлопцы! І мара, у большасці выпадкаў, адна — атрымаць пасведчанне вадзіцеля, каб у будучым купіць уласны аўтамабіль.
Мары марамі, але чыстая праўда прапісана ў старажытнай прымаўцы: пад ляжачы камень вада не цячэ. Сапраўды, калі проста марыць, лежачы на канапе, і нічога не рабіць для дасягнення жаданага, то будзеш мець «нуль». Гэта толькі ў казцы залатая рыбка выконвае жаданні на раз. Іншая справа самому зарабіць капейку і распарадзіцца ёю так, як пажадаецца. І сам задаволены, і бацькам радасна: сын не баіцца працы, значыць, вырасце сапраўдным мужчынам.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі