Штогод у жніўні штат Пружанскай раённай бальніцы папаўняецца новымі кадрамі. Гэты важны момант становіцца «кропкай адліку», з яго выпускнікі медыцынскіх каледжаў і ўніверсітэтаў прыступаюць да выканання сваіх прафесійных абавязкаў. У мінулым годзе на новае месца працы прыбыло 30 навічкоў. У іх складзе — і малады спецыяліст, урач псіхіятр-нарколаг Ірына Мальчук.
Ірына Мальчук сама родам з Кобрына. Два гады таму скончыла Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Лячэбная справа». З шостага курса цвёрда вырашыла засяродзіцца на псіхіятрыі, каб мець магчымасць дапамагаць людзям з цяжкімі захворваннямі, выводзіць іх з дэпрэсіўных станаў. Прайшла інтэрнатуру ў Брэсцкім абласным псіханеўралагічным дыспансеры па спецыяльнасці «Псіхіятр-нарколаг», пасля чаго ўпэўнілася, што зрабіла правільны выбар.
— Медыцыну я абрала свядома, скажам так, па поклічы сэрца, — з гонарам кажа Ірына Андрэеўна. — Прыкладам для мяне стала мама, якая ўсё жыццё працавала медсястрой у бальніцы. Пасля змены, стом-леная, але задаволеная вынікамі працы, яна расказвала розныя гісторыі і заўсёды падкрэслівала: калі хочаш і можаш дапамагчы чалавеку, то сумненняў няма — гэта прамы шлях у медыцыну. Я і паслухала маці. Памятаю, у дзяцінстве я ўсіх «лячыла», гуляла з бінтамі, перавязвала раны, — смяецца Ірына. — Зерне зарадзілася ўжо тады, і мама заўсёды падтрымлівала мяне ў жаданні пайсці далей і стаць урачом, таму ўсё і атрымалася.
Дружны калектыў ЦРБ з радасцю прымае навічкоў. Любая медыцынская ўстанова мае патрэбу ў маладых, кваліфікаваных кадрах. За першы год работы, як правіла, маладыя спецыялісты прывыкаюць да новай абстаноўкі, прыглядаюцца да больш вопытных калег. У гэты час вельмі важна замацаваць тэарэтычныя веды на практыцы, як кажуць, набіць руку.
— Спачатку я, вядома, вельмі перажывала, хацелася адразу ахапіць неабдымнае, не адразу ўсё атрымлівалася так, як хацелася. Паступова ўвайшла ў курс справы, усе дапамагалі, паказвалі, расказвалі, адказвалі на ўсе мае пытанні, гэта дапамагло прывыкнуць. Я лічу, што самае галоўнае для псіхіятра — упэўненасць у сабе і ў сваіх сілах, разуменне таго, што я ўсё змагу. Тады і на практыцы ўсё складаецца самым найлепшым чынам. Так і атрымалася.
Дзяўчына ў белым халаце захоплена расказвае пра сваю прафесію. Разумееш: чалавек сапраўды на сваім месцы! Аднак яе праца часта звязана з рызыкай недаверу, пацыенты паводзяць сябе па-рознаму і часам неахвотна ідуць на кантакт. Для псіхіятра-нарколага на першасным прыёме вельмі важна заваяваць гэты самы давер, сабраць неабходны анамнез, разабрацца ў праблеме і толькі тады прыступаць да лячэння. Усё гэта адбірае шмат сіл і энергіі, але разуменне таго, што ты можаш дапамагчы чалавеку, які ў роспачы, і выратаваць яго, пераважае над усімі абставінамі.
— Увечары я ўжо аналізую рабочы дзень, думкі не адпускаюць, яшчэ аб усім хвалююся. Некаторыя пацыенты прыходзяць нават у сне, — усміхаецца малады спецыяліст. — Старэйшыя калегі кажуць, што спачатку ва ўсіх так, вопыт прыходзіць з гадамі, я гэта выразна разумею. Прыводжу думкі ў парадак, адпачываю толькі ў басейне. Я вельмі люблю плаваць, адразу расслабляюся, хутка прыходжу ў норму. Гэта карысна і для ўласнага здароўя, што таксама важна: урач павінен быць прыкладам для пацыентаў, тады цябе слухаюць і паважаюць
Медыцына ідзе ў нагу з часам. Гледзячы на такіх маладых, таленавітых спецыялістаў як Ірына Мальчук, аддадзеных сваёй справе і прафесіі, выразна разумееш: да псіхіятра можна ісці смела, не аглядацца па баках. Страшней за ўсё застацца адзін на адзін са сваёй праблемай і спадзявацца, што «пройдзе само». Але так бывае толькі ў кінастужках, у рэальным жыцці намнога складаней, таму не трэба нічога баяцца і шукаць выратаванне там, дзе вам абавязкова дапамогуць.
Кожны дзень маладыя спецыялісты на практыцы ўдасканальваюць сваё майстэрства, убіраюць, як губка, усё карыснае, цікавае, каштоўнае. Будучыня за іх сучаснымі распрацоўкамі, наватарскімі ідэямі, крэатыўным падыходам да любой справы, а значыць — упэўненасць у заўтрашнім дні!
Ірына Велясевіч