Калі толькі збіралася стаць гісторыкам, Віялета Пугач нават і не падазравала, што пасля атрымання дыплома Белдзяржуніверсітэта трапіць на адпрацоўку ў Мокраўскую школу на месца… свайго роднага дзядулі. Усё атрымалася вельмі нечакана, але, відаць, у такім павароце падзей была наканаванасць. Пра гэты і іншыя дзіўныя факты свайго жыцця малады спецыяліст расказала ў інтэрв’ю.
— Віялета, як і дзядуля, Вы абралі прафесію настаўніка. Цяпер у вашай сям’і ёсць шансы на з’яўленне педагагічнай дынастыі.
— Я б сказала па-іншаму: яна ўжо ёсць у нас. Справа ў тым, што настаўнікамі працавалі яшчэ мае прадзядуля і прабабуля: Уладзімір Рыгоравіч і Вера Васільеўна Чэрнікі выкладалі рускую мову і літаратуру ў Кляпацкай школе. А вось мае бацькі выпалі з гэтага педагагічнага ланцужка.
— Тым не менш, менавіта гістарычная навука пацягнула Вас за сабой. Калі пачалі захапляцца ёй?
— Яшчэ з самага дзяцінства я вельмі любіла міфы. А чытаць іх я пачала дзякуючы бабулі Жанэце Уладзіміраўне Гарачэўскай. Між іншым, адна з маіх любімых гульняў у дзяцінстве была такой: я загадвала бабулі з дзядулем імёны грэчаскіх багоў, а яны павінны былі сказаць, за што гэты бог адказвае і назваць яго аналаг з рымскай міфалогіі.
А мэтанакіравана займацца вывучэннем гісторыі я пачала ўжо ў сёмым класе. Менавіта з таго часу адлічваецца мой стаж удзелу ў алімпіядах, у тым ліку раённага і абласнога ўзроўню. У роднай Кляпацкай школе каласальную працу па падрыхтоўцы да іх праводзіла са мной цудоўная настаўніца гісторыі Таццяна Васільеўна Вараб’ёва. Акрамя таго, у старэйшых класах я дадаткова займалася гісторыяй у сапраўднага майстра, вядомага не толькі ў Пружанах педагога — у Тамары Сцяпанаўны Ляўчук.
Дома ж мяне трымалі ў тонусе «сямейныя настаўнікі»: дзядуля-гісторык і — не паверыце! — бабуля, якая працавала ў Клепачах на метэастанцыі, але гісторыя была яе захапленнем.
— Здагадваюся, што Ваша бабуля — вялікі аматар кніг.
— Адназначна! Ні дня без кніжнай старонкі — яе жыццёвы прынцып, прытрымлівацца якога стараюся і я. Бабуля вельмі многа чытае да гэтага часу. Дарэчы, яна ведае на памяць звыш 300 паэтычных твораў. У мяне самой адносіны з вершамі так сабе, і калі ў школе трэба было вучыць вершы на памяць, бабуля дапамагала мне: жэстамі паказвала словы, каб я здагадвалася і сама ўспамінала тэкст, а не проста механічна завучвала яго.
Бабуля, дарэчы, вучыла са мной многія школьныя ўрокі, у тым ліку англійскую мову. Яна нават сама пачала вывучаць гэты прадмет, каб дапамагаць мне. І гэта было вялікае дасягненне: потым мы ўжо разам чыталі кнігі па-англійску. А яшчэ мы любілі складаць (кожная сабе!) спісы кніг на лета ці на год і імкнуліся прачытаць усё запланаванае.
Сёння я вельмі ўдзячная бабулі за тое, што яна «заразіла» мяне чытаннем: яно дае магчымасць абстрагавацца ад рэальнага свету і паралельна пражыць шмат іншых жыццяў, а яшчэ гэта ідэальны «інструмент» для фарміравання граматнага маўлення і развіцця асобы.
— Калі гаварыць пра гістарычныя асобы і перыяды, якія з іх здаюцца Вам асабліва захапляльнымі?
— Мая асаблівая любоў — гэта палітычная гісторыя: яна не дасць засумаваць са сваімі канфліктамі, войнамі… Вельмі насычаны такімі падзеямі перыяды Сярэднявечча і Новага часу, таму яны і заваявалі маю прыхільнасць.
А што да гістарычнай асобы, то ў свой час я была ў вялікім захапленні ад першага італьянскага гуманіста Франчэска Петраркі. У школьных падручніках ён падаецца як аўтар санетаў. Аднак ва ўніверсітэце падчас напісання курсавой і дыпломнай работ, прысвечаных якраз Петрарку, я была вельмі здзіўлена, даведаўшыся, наколькі вялікі след пакінуў гэты чалавек у палітычным і культурным жыцці Заходняй Еўропы.
— Віялета, давайце вернемся да сямейна-гістарычнай тэмы. Мы гаварылі пра ролю бабулі ў Вашым асобасным станаўленні. А што далі стасункі з тым самым дзядулем, на змену якому больш за месяц таму Вы прыйшлі працаваць у Мокраўскую школу?
— Безумоўна, мой дзядуля Валерый Аркадзьевіч Гарачэўскі адыграў у маім жыцці таксама значную ролю, і гісторыю я палюбіла ў тым ліку дзякуючы менавіта яму.
Трэба сказаць, у нас з дзядулем былі цудоўныя адносіны. Кожны марыў бы пра такія…
Так атрымалася, што мае бацькі разышліся, раз‘ехаліся па розных гарадах, а я засталася з бабуляй і дзядулем у родных Клепачах, пайшла тут у школу (са сваімі бацькамі я ў добрых адносінах, мы трымаем пастаянную сувязь, калі Вы пра гэта хочаце спытаць, але склалася так, як склалася).
Дзядуля заўсёды ўдзяляў мне шмат часу. Ён навучыў гуляць у шахматы, катацца на лыжах, плаваць. Разам мы любілі і піцу гатаваць, і гістарычныя пытанні абмяркоўваць. Калі я ўжо вучылася ва ўніверсітэце, дзядуля вельмі дапамагаў мне як настаўнік: тлумачыў усё складанае, незразумелае.
Увогуле нас звязвала многае… Помніце, раней выпускалася серыя фарфоравых лялек «Дамы эпохі», якія прадаваліся ў кіёсках? Мне вельмі захацелася мець такую ляльку. Дзядуля выканаў маё жаданне, тады ж мы і вырашылі, што будзем збіраць гэтых прыгажунь (іх у мяне цяпер 63!).
Попыт на лялек, асабліва на самым пачатку, быў велізарны, а іх колькасць у кіёсках — зусім невялікай. Мой дзядуля спецыяльна прыязджаў у райцэнтр і стаяў у чарзе, каб прывезці мне чарговую ляльку. І гэта толькі адзін з неверагоднай колькасці прыкладаў яго любові да мяне…
— А як жа атрымалася так, што дзядуля «саступіў» Вам сваё рабочае месца?
— Дзядуля выкладаў гісторыю ў Мокраўскай школе трыццаць гадоў. Ён мог бы працаваць яшчэ больш, але раптоўна пайшоў ад нас на 63 годзе жыцця… Гэта здарылася літаральна на самым пачатку мінулага навучальнага года. Я тады якраз перайшла на апошні курс гістарычнага факультэта БДУ. Узнікла пытанне пра размеркаванне — і я адразу вырашыла, што павінна заняць дзядулева месца. Патэлефанавала дырэктару школы Алегу Браніслававічу Бзоту, і ён падтрымаў маё жаданне…
— Ці давялося Вам пабачыць свайго дзядулю ў ролі школьнага настаўніка?
— Сама я вучылася ў Кляпацкай школе, аднак іншы раз па суботах прыязджала ў Мокрае да дзядулі і прысутнічала на факультатыўных занятках, якія ён праводзіў для сваіх вучняў. Тады я проста назірала за ім і разумела: хачу гэтак жа…
Аднак расказаць, якім іменна быў мой дзед як настаўнік, мне складана: усё ж такі я вельмі мала бачыла яго ў гэтай ролі. Цяпер, калі сама пачала працаваць настаўніцай, у школе мне расказалі, што вучні любілі ўрокі Валерыя Аркадзьевіча. Ён даваў тое, чаго не было ў падручніку, і тлумачыў матэрыял так, што ўсё запаміналася на ўроку.
Вельмі шкадую, што не паспела асабіста даведацца ў дзядулі, як ён праводзіў урокі. Цяпер мне вельмі не хапае яго парад…
— Віялета, Вы сталі пераемніцай дзядулевай справы ў самым прамым сэнсе гэтага слова. Якое значэнне гэта мае для Вас?
—Я была вельмі прывязана да дзеда. Спадзяюся, што, працуючы менавіта тут, у акружэнні калег і вучняў свайго дзядулі, я змагу даказаць самой сабе, што стала яго годнай заменай…
Заўжды буду дзякаваць і дзядулі, і бабулі за неверагодную любоў і за тое, што дапамаглі мне знайсці сябе.
Гутарыла Вольга Басак. Фота аўтара