Грып — хвароба, з якой знаёмы кожны. Напэўна, няма людзей, якія хаця б раз у жыцці не хварэлі на яго. Тым, хто перанёс грып удала, здаецца, што гэта — звычайная інфекцыя, якой не варта баяцца. Але медыкі запэўніваюць: грып небяспечны развіццём сур’ёзных ускладненняў (бранхітаў, пнеўманій, паражэнняў сардэчнай мышцы і г.д.), а таксама абвастрэннем хранічных захворванняў. Здараюцца нават смяротныя зыходы.
Як выглядае чарговы эпідэмічны сезон? Якія прагнозы робяць медыкі сёлета? Халодны перыяд года — гэта час павелічэння колькасці выпадкаў рэспіраторных захворванняў. Грып і вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі застаюцца адной з самых актуальных медыцынскіх і сацыяльна-эканамічных праблем: штогод яны ўносяць асноўны ўклад у структуру інфекцыйнага захворвання.
Як змагаюцца з вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі пружанскія медыкі, ці маюць эфект выкарыстоўваемыя меры прафілактыкі і як на сённяшні дзень выглядае эпідэмічная сітуацыя ў раёне? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні даў загадчык аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГЭ М.В.Жуковіч.
— У 2016 годзе ў Пружанскім раёне выпадкі захворвання на грып і ВРВІ складалі 94,6% у агульнай структуры інфекцыйных хвароб, — прыводзіць да-дзеныя Максім Васільевіч. — Пры гэтым 73% хворых з дыягназам «грып» ці «ВРВІ» — дзеці.
— Мяркуючы па гэтых лічбах, атрымліваецца, што барацьба з вострымі рэспіраторнымі інфекцыйнымі захворваннямі неэфектыўная…
— Гэтыя лічбы проста сведчаць, што ВРЗ знахо-дзяцца на першым месцы ў агульным рэйтынгу інфекцый. Але ў адносінах дынамікі захворвання на грып нельга так сказаць: аналізуючы эпідкарціну з 2011 года, улічваючы рост колькасці вакцыніраваных супраць грыпу, бачна, што назіраецца адмоўная тэндэнцыя паказчыка захворвання як вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, так і грыпам. Адметна, што ў Пружанскім раёне эпідэмічныя парогі на ВРВІ з 2013 года ні разу не перавышаліся.
— Максім Васільевіч, як выглядае эпідэмічная сітуацыя ў нашым раёне сёлета?
— Па стану на 20 студзеня 2017 года, эпідэмічныя парогі не перавышаны, захворванне вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі знахо-дзіцца на ўзроўні мінулага года.
— На Вашу думку, дзякуючы чаму вось ужо каторы год удаецца не дапусціць эпідэміі грыпу?
— Як гэта ні банальна, але, каб пазбегнуць распаўсю-джання грыпу і ВРВІ, неабходна выконваць прафілактычныя мерапрыемствы, якія дазволяць знізіць рызыку захворвання і далейшага распаўсюджання інфекцыі. Штогод адпор грыпу пачынаюць даваць загадзя агульнымі намаганнямі: высокі ўзровень захворвання вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі з’яўляецца не толькі медыцынскай, але і сацыяльнай, эканамічнай праблемай.
Найбольш эфектыўным сродкам прафілактыкі грыпу з’яўляецца імунізацыя. Выкарыстоўваемыя на сучасным этапе супрацьгрыпозныя вакцыны забяспечваюць абарону і ад шэрагу іншых вірусных рэспіраторных інфекцый.
У склад вакцын, якія выкарыстоўваліся ў ходзе кампаніі імунізацыі ў 2016 годзе ўваходзіць і вірус грыпу тыпу А (H3N2) A/Hong Kong/4801/2014 — так званы ганконгскі грып, цыркуляцыя якога ўжо заўважана і прагназуецца ў далейшым у эпідсезоне 2016-2017 гадоў. Сваю назву ён атрымаў падчас пандэміі, якая пачалася ў Ганконгу ў пачатку 1968 года. Гэта было сярэдняе па цяжкасці захворванне, калі адбылася мутацыя азіяцкага грыпу.
— І наколькі дасканала жыхары Пружаншчыны сёлета падрыхтаваліся да чарговага эпідсезону?
— За перыяд правядзення апошняй кампаніі ў раёне прышчэплены амаль 20 тысяч чалавек, што складае звыш 40% ад колькасці насельніцтва раёна. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту вакцыну атрымалі больш за 6600 чалавек, або амаль 14% жыхароў Пружаншчыны, за кошт сродкаў мясцовага бюджэту — звыш 9100 чалавек (без малога 19%), за кошт сродкаў прадпрыемстваў — 3862 чалавекі. Асабіста заплацілі за вакцынацыю толькі 20 грамадзян.
— Максім Васільевіч, і няўжо вакцынацыя сапраўды настолькі эфектыўная, як пра гэта расказваюць медыкі праз сродкі масавай інфармацыі? Пераканайце нашых чытачоў лічбамі!
— Штогод праводзіцца кантроль эфектыўнасці вакцынацыі. У мінулым 2016 годзе захворванне ВРЗ і грыпам у эпідэмічны сезон правяралася на двух кантрольных прадпрыемствах. Сярод прышчэпленых хворых не было зарэгістравана наогул, а сярод тых, хто не атрымаў прышчэпку, захварэлі 64%.
Увогуле, колькасць бальнічных лістоў з дыягназам ВРЗ і грып, а таксама часу, праведзенага на бальнічным, у перыяд правядзення масавай вакцынацыі з 2010 года па сённяшні дзень знізілася ў паўтара раза. Гэтыя паказчыкі сведчаць пра важнасць вакцынацыі як асноўнага сродку прафілактыкі захворвання грыпам і ВРЗ.
— У пачатку гаворкі Вы зазначылі, што найбольш успрымальнымі да вострых рэспіраторных інфекцый з’яўляюцца дзеці…
— Школьны ўзрост мае асаблівае значэнне ў эпідэміялогіі грыпу і ВРВІ: з улікам высокай успрымальнасці дзяцей да вірусу, частаты і цеснаты кантактаў сярод вучняў назіраецца хуткае і масавае распаўсюджванне захворвання. Менавіта школьнікі ўваходзяць у сацыяльную групу, якая першай уцягваецца ў эпідпрацэс ВРВІ, і з’яўляюцца крыніцай інфекцыі для астатніх — дарослых і дзяцей дашкольнага ўзросту.
Невыпадкова ў снежні 2016 года былі распрацаваны алгарытмы правядзення прафілактычных і супраць-эпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на пра-філактыку ВРІ і грыпу для ўстаноў адукацыі, устаноў з кругласутачным знаходжаннем людзей (санаторыяў, бальніц, дамоў-інтэрнатаў).
У прыватнасці, ва ўстановах адукацыі ўведзены дэзрэжым, кантралюецца праветрыванне памяшканняў і тэмпературны рэжым. Штодзённа ажыццяўляецца так званы «фільтр», калі медработнікі, а пры іх адсутнасці — педагогі, ізалююць ад калектыву дзяцей з прыкметамі ВРВІ. Спецыялістамі РЦГЭ штодзень кантралюецца колькасць дзяцей, якія адсутнічаюць. У цэлым, па стану на 19 студзеня бягучага года працэнт выхаванцаў дзіцячых садкоў, якім пастаўлены дыягназ «грып» ці «ВРВІ» па раёне не перавышае 6,5%.
— Максім Васільевіч, а калі грып усё-такі «прычапіўся», як параіце лячыцца?
— Самалячэнне пры грыпе недапушчальнае: прадбачыць, як будзе праходзіць хвароба, немагчыма, а ўскладненні здараюцца самыя розныя. Хворым на грып патрэбны нагляд з боку медработнікаў, а позняя шпіталізацыя можа прывесці да складаных наступстваў — пнеўманіі і нш. Толькі ўрач можа правільна ацаніць стан хворага, назначыць правільнае лячэнне, правесці дадатковае абследаванне. Адным словам, ваша здароўе — у вашых руках, а своечасовы зварот да спецыяліста — магчымасць яго захаваць.
Падрыхтавала Марына Вакульская.