У нядзелю на стадыёне аграгарадка Кабылаўка праходзілі незвычайныя спаборніцтвы. Пад адкрытым небам і спякотным жнівеньскім сонцам змагаліся паміж сабой майстры па “звышцяжкай атлетыцы” – лепшыя гаспадары раёна, якіх сілай надзяліла і акрыліла родная вёска. Дарэчы, раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” аграгарадок Кабылаўка прымаў у трэці раз.
Вельмі хваляваліся галоўныя ўдзельнікі свята. Ажно дзесяць маладых сем’яў з розных куткоў Пружаншчыны стараліся паказаць свае здольнасці і таленты, каб атрымаць ганаровае званне – “Уладар сяла-2019”. Гэта Максім і Марына Вяжбіцкія з вёскі Аранчыцы, Андрэй і Мар’яна Кнышы з Харавы, Дзмітрый і Вікторыя Чарнакі са Шчарчова, Дзмітрый і Ганна Раманоўскія з Муравы, сям’я Цімафеевых – Аляксандр і Аксана з аграгарадка Вялікае Сяло, сям’я Міхаіла і Алены Каненяў з вёскі Поланск, Андрэй і Вікторыя Казлоўскія з вёскі Мокрае, сям’я Аляксандра і Надзеі Гумінскіх з Новых Засімавіч, Леанід і Кацярына Бабко з аграгарадка Белавусаўшчына, а таксама Аляксандр і Марына Хаяны з Зеляневіч, якія ўжо ў другі раз вырашылі выпрабаваць свае сілы ў гэтым конкурсе.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў М.П. Кудравец.
– Сённяшні конкурс – сапраўдны прадвеснік таго свята, якое мы будзем сустракаць 31 жніўня на ружанскай зямлі – абласныя “Дажынкі-2019”! Свята вялікіх працаўнікоў, якія “спяклі” наш агульны брэсцкі каравай. Сярод іх – і нашы, пружанскія хлебаробы, якія сабралі на нашых палетках 118 тысяч тон зерня! – зазначыў Мікалай Пятровіч і пажадаў сем’ям моцнага здароўя, шчасця, рэалізацыі ўсіх планаў і задумак, а таксама спартыўнага настрою і поспеху.
У чатырох складаных конкурсах (сёлета, у адрозненне ад мінулых гадоў, не было спаборніцтваў касцоў) маладыя сем’і высвятлялі паміж сабой, якая з іх самая вясёлая, актыўная, моцная, дружная і гаспадарлівая ячэйка грамадства.
А ацэньвала іх работу журы, якое ўзначальваў старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І.І.Ярома. Дарэчы, у склад судзейскай камісіі ўвайшлі прадстаўнікі іншых устаноў — арганізатараў конкурсу: спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама райкама грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Сялянскія прысмакі
Спякотнае сонца штогод прымушае арганізатараў не заканчваць, а распачынаць конкурс з сапраўднага банкету: дзесяць сталоў, шчодра накрытых канкурсантамі, літаральна ламіліся ад розных страў і прысмакаў.
Бабкі і дранікі, кумпякі і каўбасы, аладкі і пірагі, торты і пончыкі пахацелі так, што, здавалася, правядзі ўдзельнікі адзін у аднаго дэгустацыю страў, то на гэтым этапе конкурс і скончыўся б. А дадайце яшчэ ягадныя морсы і квасы, фаршыраваныя Цар-рыбы і курачкі Рабы…
Як жартавала вядучая Таццяна Харытанюк, на смачныя кусочкі ўмомант знайшліся раточкі. Але суддзі звярталі ўвагу перш за ўсё на арыгінальнасць афармлення страў і адпаведнасць тэме конкурсу.
Нават і не ведаю, як журы змагло вызначыць пераможцу ў гэтым конкурсе. Была б мая воля, кулінарныя здольнасці ўсіх гаспадынь я ацаніла б па вышэйшым разрадзе, каб за сталамі прайграўшых не было.
Аднак журы аддало перавагу Максіму і Марыне Вяжбіцкім. Відавочна, у іх цудоўных блінных “мяшочках” хаваўся нейкі сакрэт, невядомы іншым гаспадарам…
Вітаем па-беларуску
Другі, музычна-паэтычны, этап паказаў, што ў Пружанскім раёне жывуць вельмі таленавітыя, энергічныя гаспадары з унікальнымі творчымі здольнасцямі, большасці з якіх, на жаль, не хапіла смеласці ці ведаў выступіць на роднай мове. Аднак, мяркуючы па выніках гэтага этапу, журы не звярнула ўвагу на гэтую акалічнасць.
Па іх рашэнні першае месца атрымала шматдзетная сям’я Казлоўскіх, якая замілоўвала прыгожымі строямі і артыстызмам.
Хочацца таксама адзначыць і сям’ю Раманоўскіх. У вершаванай форме па-беларуску ды з жартоўнымі прыпеўкамі яны вельмі выразна і лаканічна паказалі сваю сям’ю з лепшага боку. Замкнулі тройку прызёраў Андрэй і Мар’яна Кнышы, якія разам з трыма дзеткамі эфектна выехалі на сцэну на трактары асаблівай кардоннай вытворчасці. “Вялікая сям’я механізатараў па-іншаму заявіцца на такое свята не магла”, – трапна жартавала гаспадыня…
Але кожная з сем‘яў: цудоўныя вакалісты Чарнякі і Бабко, пяшчотныя паэты Вяжбіцкія і Канені, неверагодныя музыканты Цімафеевы, яркія гумарысты Гумінскія і таленавітыя майстры Хаяны – заслугоўвалі асаблівых пахвал.
Па дровы
Самы складаны конкурс, прайсці які маглі толькі людзі з “жалезнай” вытрымкай. Пасля двухгадзіннага знаходжання на адкрытым сонцы цяжка было нават назіраць за “дрывасекамі”: разам з мужчынамі за гонар сям’і змагаліся і далікатныя гаспадыні.
Сямейным парам трэба было распілаваць бервяно, потым гаспадары секлі калодкі на дровы, а жонкі складалі іх у касцёр. Ацэньваліся хуткасць і якасць работы.
З самага пачатку, акрамя бязлітаснага сонца, вайну канкурсантам аб’явіў інструмент: новыя сякеры-калуны ўсё ж патрабавалі папярэдняй апрабацыі, а старыя пілы рыпелі: «За-та-чы-це нас, інакш мы паўплываем на вынікі»…
Апусцім падрабязнасці і адразу скажам, што ў гэтым конкурсе пераможцамі сталі Аляксандр і Марына Хаяны, крыху секунд саступілі ім Андрэй і Вікторыя Казлоўскія. У ліку прызёраў таксама — Андрэй і Мар’яна Кнышы.
Вясковая эстафета
Каб у сям’і быў заўсёды лад і спакой, трэба ўсю хатнюю працу рабіць разам. Апошні конкурс праграмы яшчэ больш з’яднаў удзельнікаў каманд. Жонкі чысцілі бульбу і беглі з ёй да мужоў. Тыя высыпалі бульбу ў вядро і залівалі вадой. Пасля гэтага муж з жонкай разам беглі да стартавай лініі.
Калі верыць секундамеру, то самымі спрытнымі аказаліся Дзмітрый і Вікторыя Чарнякі, за імі прыбеглі Вяжбіцкія. Трэці вынік – у сям’і Хаян.
Той факт, што конкурс стаў самым вясёлым, сведчыў, што ўсе цяжкасці канкурсанты прывыклі пераадольваць не толькі разам, але і з вялікай доляй аптымізму…
Уладары сяла-2019
Пакуль журы падводзіла агульныя вынікі конкурсу, гледачам не далі сумаваць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Навасёлкаўскага Дома культуры пад кіраўніцтвам баяніста, гарманіста і проста добрага музыканта Аляксандра Харытановіча. Час чакання прайшоў весела і запальна.
А калі агучылі вынікі, аказалася, што “бронзавым” прызёрам стала сям’я Дзмітрыя і Ганны Раманоўскіх,
“серабро” – у сям’і Хаян. А званне раённых “Уладароў сяла-2019” атрымалі Максім і Марына Вяжбіцкія з вёскі Аранчыцы. Менавіта яны і будуць змагацца за гонар раёна на абласным этапе конкурсу, які адбудзецца 1 верасня ў аграгарадку Астромічы Кобрынскага раёна.
Трэба адзначыць, што не толькі прызёры, але ўсе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і прызы ад арганізатараў конкурсу. Некаторым канкурсантам былі ўручаны падарункі ад сельвыканкамаў і гаспадарак, у якіх працуюць члены сем‘яў, а таксама ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі союз жанчын”, якую ўзначальвае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н.С.Пракаповіч. Наталля Сяргееўна падзякавала ўсім канкурсантам за актыўны ўдзел у конкурсе і пажадала на развітанне здароўя, шчасця і нязгасных агеньчыкаў на-дзеі ў акенцах дамоў.
Алена Зялевіч. Фота аўтара.
Больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_265493144