
Я не раз заўважала, чым чалавек больш сціплы, тым менш ён выстаўляе сябе на паказ. Часам за гэтай знешняй прастатой хаваюцца такія таленты, што дзіву даешся, калі бачыш яго тварэнні сваімі вачыма.
Крылаты выраз «майстар на ўсе рукі» — гэта менавіта пра яе. Са Святланай Швед я пазнаёмілася ў аг. Клепачы Мокраўскага сельсавета, у мясцовым Доме культуры. Валодаючы неверагодным знешнім і ўнутраным абаяннем, яна адразу прывабіла да сябе, і размова праляцела як адно імгненне.
— Мае мама і бабуля таксама былі рукадзельніцы, вышывалі навалачкі, карціны, ручнікі, вязалі кручком. Я з дзяцінства бачыла, як яны пракладваюць шво за швом, і аднойчы мне самой захацелася паспрабаваць. Спачатку было вельмі складана, вязаць па схеме кручком быццам бы вышэйшая матэматыка, але жаданне асвоіць гэтую тэхніку ўзяло верх над маімі першымі няўдачамі, і з часам усё атрымалася. Я вязала карункі да прасцінаў, бо бабуля казала, што багата прыбраная бялізна лічылася прыкметай багатай сям’і. Пасля вязання пачала вышываць і свае работы афармляла ў рамкі. Цяпер у мяне дома цэлая карцінная галерэя.
Святлана скончыла Брэсцкае вучылішча лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці «Закройшчык-кравец», але па прафесіі папрацаваць не атрымалася. У складаныя 90-я работы не было, атэлье закрываліся, а для шыцця дома неабходна было спецыяльнае абсталяванне. Тады маладая дзяўчына пайшла ў Дом культуры простым тэхработнікам, а пасля нараджэння дачкі яе запрасілі ўжо кіраўніком гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

За 25 гадоў працоўнага стажу шмат што змянілася. Са сціплай вышывальшчыцы Святлана стала сапраўдным майстрам рукадзелля. Кіруе дзіцячым гуртком «Рукадзельніца» і дарослым аматарскім аб’яднаннем «Фантазія». Яна настолькі захапляе святлом мастацтва, што да яе на заняткі разам з дзяўчынкамі прыходзяць нават і хлапчукі, займаюцца вязаннем, роспісам па шкле, шыюць мяккія цацкі, а нядаўна асвоілі новы від работы — бісерапляценне на станках.
З дарослымі Святлана праводзіць майстар-класы: валенне, вышыўка, канструяванне з кардону, выраб сувенірнай прадукцыі, абярэгаў, мужчынскіх «бабачак» для сцэнічных касцюмаў, усяго не пералічыць. Цяпер ушчыльную падышлі да навагодняй тэматыкі. Многія работы гурткоўцаў становяцца ўпрыгожваннем фотазон, кабінетаў, выставачнай залы. Каб матываваць вучняў на пашырэнне іх магчымасцей, майстар праводзіць выставы-конкурсы, і на падвядзенні вынікаў пераможцы заўсёды атрымліваюць памятныя падарункі.
Каб уважліва разгледзець усе работы, патрымаць іх у руках і атрымаць асалоду ад душэўнага цяпла рукадзельніцы, не хопіць нават і дня. Яны настолькі зачароўваюць сваёй прыгажосцю, што проста не адарвацца. У любым вырабе ўсё прадумана да дробязяў, кожная дэталь на сваім месцы, выдатна падабрана каляровая гама. Але і на гэтым Святлана не спынілася. Яна ўвесь час шукае новыя формы ўвасаблення сваіх задум і ідэй. Літаральна сёлета асвоіла новую тэхніку «Фоаміран», што азначае паветраная гума. Штуршком для знаёмства з навінкай паслужыла прапанова мясцовага кіраўніцтва зрабіць цікавую фотазону да Дня вёскі, і вынік яе натхнення перасягнуў усе чаканні.
— Спачатку прыйшла думка зрабіць некалькі вялікіх васількоў на стойках у рост чалавека. Я паспрабавала, паглядзела ў інтэрнэце, і ў мяне атрымалася, рукі ўжо ведаюць дробную працу. Потым наша загадчыца Рыта Станіславаўна прапанавала зрабіць букет, і я пагадзілася. У працэсе падрыхтоўкі фотазоны захацелася яшчэ дадаць каласкоў і рамонак. Працаваць давялося доўга і ўпарта, паколькі на кожны элемент патрабавалася шмат часу. Калі на адну кветку ішло 2-3 дні карпатлівай работы, то на выраб усёй кампазіцыі спатрэбілася чатыры месяцы. Калі я ўбачыла ўжо ўвесь букет, то захацелася зрабіць яшчэ адзін, каб яны стаялі ўжо парна. Працэс вырабу чагосьці новага заўсёды зацягвае, а калі яшчэ атрымліваецца, спыніцца проста немагчыма, — усміхаючыся, расказвае майстар.
Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім, нават у сваіх захапленнях. Гэта зноў пра яе, пра нашу майстрыху. У канцы нашай размовы я даведалася, што ў Святланы дома вялізная калекцыя лялек, якую яна пачала збіраць 15 гадоў таму. Першымі экспанатамі сталі фарфоравыя лялькі, падораныя сябрамі, а далей пайшло па накатанай. З’явіліся лялькі з «Сэканд-хенда», якія Святлана сама аднаўляла, затым іспанскія «Паола рэйна» з пахам ванілі, затым кітайскія манекены, якія змяняліся ў руках майстра да непазнавальнасці. З часам з’явіліся серыі лялек з часопіса «ДэАгасціні», а таксама вядомых фільмаў, напрыклад, «Мушкецёры». Усяго больш за 200 экзэмпляраў!
Гледзячы на ўсю гэтую прыгажосць, вочы разбягаюцца, і аб кожнай з іх Святлана расказвае з вялікай пяшчотай і цяплом. І гэта не дзіўна, паколькі ўсё жыццё яна займаецца любімай справай, а яе тварэнні — сапраўдныя шэдэўры высокага мастацтва. Толькі чалавек з адкрытай душой і добрым сэрцам можа ствараць вакол сябе дзівосны свет прыгожага, свет, які жыве ў ёй самой. А наперадзе ў майстра вялікія планы — асвоіць выраб ватных цацак, а таксама мастацтва фатаграфіі. Я абсалютна ўпэўнена, што з такім жаданнем, вялізным багажом ведаў і вопыту ў нашай гераіні абавязкова ўсё атрымаецца!
Ірына Велясевіч. Фота аўтара