Пятница, 5 декабря 2025

Майстар з народу Людміла Яроцкая

467

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падчас святкавання Дня працы ва ўрачыстай абстаноўцы уручыў Людміле Яроцкай з вёскі Смаляніца важны дакумент — пасведчанне Народнага майстра Рэспублікі Беларусь. Рашэнне аб прысваенні такога высокага звання нашай зямлячцы было прынята экспертным саветам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Трэба адзначыць, што Людміла Міхайлаўна — гэта трэці прадстаўнік Пружаншчыны, які ўдастоены такога звання. У 2003 годзе яго атрымаў майстар драўлянай пластыкі Мікалай Тарасюк (в. Стойлы), а ў 2009 годзе — Марыя Кулецкая (г. Пружаны), якая адрадзіла «роспіс па шкле».   

Людміла Яроцкая з’яўляецца прадаўжальнікам і папулярызатарам традыцый мясцовага ткацтва і вышыўкі (гладзь, крыжык). Яна зберагае навыкі і прыёмы, атрыманыя ад продкаў, займаецца рэканструкцыяй народных касцюмаў, збірае прадметы народнай творчасці, якія прадстаўляе ў этнаграфічным кутку філіяла «Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры». Людміла Міхайлаўна перадае свае веды маладому пакаленню ў гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў клубнай установе, а таксама з’яўляецца захавальнікам многіх мясцовых абрадаў, аўтэнтычнага песеннага і танцавальнага фальклору, кулінарнай культуры і інш.

Майстрыха яшчэ і актыўны ўдзельнік розных мерапрыемстваў, выстаў, фестываляў, конкурсаў народнай творчасці. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У 2022 годзе была занесена на Дошку гонару Пружанскага раёна.

У 2023 годзе Людміла Міхайлаўна прымала ўдзел у стварэнні маштабнага палатна «Культурная спадчына Беларусі». Вышыла на стылізаванай карце краіны своеасаблівы сімвал Пружаншчыны — голуба са «шкляной» карціны Народнага майстра Марыі Кулецкай. У гэтым жа годзе Л.М. Яроцкая стала адной з удзельніц стварэння кнігі «Пружанская кулінарыя», а потым прэзентавала выраб унікальнай мясцовай стравы — бацваноў — у тэлепраекце «Беларуская кухня». У 2024 годзе падчас рэспубліканскага спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» шмат работ Людмілы Міхайлаўны, яе матулі і бабулі, а таксама твораў мясцовых ткачых былі прадстаўлены на выставе «Традыцыйнае беларускае ткацтва: скарбы пружанскіх куфараў». А ў сакавіку 2025 года з яе творчасцю пазнаёміліся ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-практыкума «Захаванне гістарычнай памяці і культурнай спадчыны праз пераемнасць пакаленняў», які праходзіў на базе Пружанскага раёна.

Наталля Пракаповіч