Калі ж глыбей унікнуць у біяграфію Паўла Ліневіча, то сваё майстэрства, нягледзячы на маладосць, ён здабываў вучобай, прафесійным вопытам, сваёй настойлівасцю і прынцыповасцю.
Ураджэнец Пружан Павел Ліневіч у 2008 годзе закончыў СШ № 1. Сваю будучую спецыяльнасць тынкоўшчыка-плітачніка вырашыў набыць у Брэсцкім прафесійным ліцэі будаўнікоў. Восем гадоў свайго жыцця Павел аддаў працы на розных будоўлях. На працягу гэтага часу вучыўся ў каледжы будаўнікоў горада Кобрына, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка. Пасля выпуску хлопца прызвалі ва Ўзброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.
Пасля звальнення ў запас не траціў марна час, а паступіў у Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт. Пасля заканчэння вучобы атрымаў спецыяльнасць інжынера-будаўніка па цеплагазазабеспячэнні, вентыляцыі і ахове паветранага басейна. Падчас вучобы ўладкаваўся ў Пружанскі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення «Кобрынгаз» УП «Брэстаблгаз» майстрам участка эксплуатацыі. На гэтым прадпрыемстве ён прайшоў большасць ступеняў росту — ад слесара да майстра.
Спецыфіка цяперашней работы Паўла Вітальевіча заключаецца ў тым, што ён і яго калегі займаюцца абслугоўваннем газавага абсталявання, яго рамонтам, падачай газу ў дамы пружанцаў.
Павел Ліневіч не так даўно ажаніўся, у мінулым годзе нарадзілася немаўлятка. Не так і часта можна пачуць ад мужчын, што самым першым захапленнем у жыцці з’яўляецца сям’я. Павел вельмі сур’ёзна да гэтага ставіцца. Як кажуць, яго жонка за мужнімі плячыма як за каменнай сцяной. Калі хапае часу, то любіць парыбачыць.
З гэтай невялікай размовы я зрабіў заключэнне, што на такіх людзей, як Павел Ліневіч, можна спадзявацца, яны не падвядуць.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара