Спартыўны флэшмоб «Ружанская гіра» ў рамках рэспубліканскага праекта «Папа-зал» прайшоў 21 мая ў гарадскім пасёлку Ружаны.
Планавалася наладзіць маштабнае свята спорту, сілы і моцы на тэрыторыі палацавага комплексу Сапегаў. Але свае карэктывы ўнесла надвор’е. З раніцы неба палохала свінцовымі хмарамі, потым зарадзіў споры дождж. Мерапрыемства аператыўна перанеслі ў спартыўную залу мясцовай школы. Тым не менш, яно прайшло на даволі высокім арганізацыйным узроўні.
А як такое свята магло не атрымацца, калі яго цэнтральнай фігурай, вядучым быў пяціразовы чэмпіён свету па гіраваму спорту, майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь па гіравым спорце Ігар Сігневіч?! Ігар і стаў асноўнай фігурай мерапрыемства.
Адкрыў свята спорту намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Затым пачаўся сапраўдны цуд. Ігар Сігневіч паказваў з гірамі рознай вагі неверагоднае шоу. Амаль што жангліраваў гэтымі важкімі снарадамі. Саракакілаграмовую нават мізінцам выжымаў. Невысокага росту, без гары мышцаў спартсмен паказваў такую моц, што дух займала.
Пасля майстар-класа Ігар прапанаваў раздзяліцца на каманды і паспрабаваць тэхнічна выканаць практыкаванні з гірамі ў 4, 8 і 16 кг. Са снарадамі імкнуліся пазаймацца нават дзяўчынкі і самыя маленькія вучні школы. Валанцёры ад ГА «БРСМ» зрабілі падлікі колькасці выкананых практыкаванняў, а пераможцы ў сваіх катэгорыях атрымалі граматы і сімвалічныя прызы.
Ігар Сігневіч ад сябе асабіста ўручыў каштоўны падарунак – палатку — дырэктару Ружанскай школы Аляксандру Юрэні. Але падарункам стала ўжо тое, што ўсе, хто прысутнічаў на свяце, зарадзіліся бадзёрасцю, станоўчым настроем і былі ўдзячны яго арганізатарам, асабліва райвыканкаму, галоўнаму спецыялісту Аляксею Лапыка, які курыруе спорт і турызм, і дырэктару раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец» Вікторыі Шаманавай.
Пасля заканчэння мерапрыемства я спытаў у Ігара Сігневіча, чаму ён для прафесійных заняткаў спортам выбраў менавіта гіры?
Спартсмен расказаў, што любоў да фізічнай культуры прывіў яму бацька-ваеннаслужачы. Было гэта на малой радзіме Ігара ў горадзе Бяроза. З шасці гадоў пачаў займацца на турніку, брусах. Далей старэйшы брат павёў хлопчыка ў трэнажорную залу. І толькі ва ўзросце 15-16 гадоў ён паспрабаваў займацца гірамі. Спадабалася. Першым трэнерам спартсмена быў Андрэй Шумовіч. У гэты час Ігар вучыўся ў Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя А.С. Пушкіна. У 2000 годзе ён выканаў нарматыў майстра спорту, а ў 2015-м – майстра спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь. Прымаў удзел у дзесяці чэмпіянатах свету. Са зборнай камандай праехаў ад Злучаных Штатаў Амерыкі да Ірландыі. Заўсёды выступаў у лёгкіх вагавых катэгорыях. Мара Ігара Сігневіча — выхаваць сваіх чемпіёнаў.
Віктар Ільюшчанка, фота аўтара
Альбом са спартыўнага флэшмоба: https://vk.com/album-23306785_284139961