Пятница, 17 января 2025

Майстар-ганчар і святар у адной асобе. Другі год настаяцелем храма ў Смаляніцы служыць іерэй Сергій Худзяеў

353

Другі год, як настаяцелем храма Святога Мікалая Цудатворцы ў Смаляніцы і прыпісной да яго Крыжаўзвіжанскай царквы ў Зельзіне стаў іерэй Сергій Худзяеў. Уласна кажучы, для мяне гэтая навіна стала нечаканасцю: у свой час ведала Сяргея Анатольевіча як майстра-ганчара. І раптам — такі круты паварот лёсу. Або я памыляюся, і гэта было не змяненнем напрамку, а мэтанакіраваным працягам жыццёвага шляху?

Позірк у зорнае неба…


— Айцец Сергій, калі Вы з дзясятак гадоў таму прыязджалі ў Пружаны з майстар-класамі па ганчарстве, ці задумвалі ўжо тады стаць на шлях служэння Богу?

— Скажам так, маё рашэнне не было нечаканым. Напэўна, у жыцці кожнага чалавека настае час, калі ён імкнецца асэнсаваць, навошта жыве на гэтым свеце. Спачатку неяк на гэтым не канцэнтраваўся: вучыўся, служыў у арміі, працаваў, стварыў сям‘ю. Як і ва ўсіх, былі выпадкі, асабліва ў армейскім жыцці (а я служыў на Поўначы, на паўвостраве Рыбачым), калі небяспека падыходзіла блізка.

І вось калі камень, які па ўсіх разліках павінен быў упасці табе на галаву, раптам пралятае міма, ты пачынаеш задумвацца, што цябе выратавала, і галоўнае — навошта…

— І Вы вырашылі, што павінны стаць святаром?

— Так, і не толькі вырашыў, але і паабяцаў Госпаду, што буду яму служыць. Было гэта яшчэ на пачатку 1990-х. На той час я быў чалавекам, што называецца, зусім не царкоўным. У нашай вёсцы Галынка Зэльвенскага раёна нават храм пасля вайны не захаваўся. Не, я з маленства ведаў, што Бог ёсць, нягледзячы на тое, што школа выхоўвала нас атэістамі: старэйшыя вяскоўцы захоўвалі традыцыі бацькоў, дома вісела ікона, з якой праводзілі дзядулю на вайну, перад якой малілася мама…

Варта сказаць, што ў дзяцінстве я вельмі любіў глядзець на зорнае неба. Побач з нашым домам раслі вялізныя вязы. Калі цямнела, літаральна над імі рассцілаўся Млечны Шлях — здавалася, што да зорных россыпаў рукой падаць. «Што гэта?» — пытаўся я ў мамы. І яна адказвала: «Гэта, сынок, душы памерлых глядзяць на нас з нябёсаў». І я імкнуўся разгледзець узорку маёй бабулі, якая рана пайшла з жыцця…

Будаўніцтва храма ў вёсцы і ў душы


— Напэўна, гэта былі праявы Вашай творчай натуры? Тым не менш Вы выбралі спецыяльнасць зусім не творчую.

— У свой час я скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, працаваў па спецыяльнасці ў калгасе на роднай Гродзеншчыне. На тэрыторыі калгаса, у вёсцы Вострава, была царква, зачыненая ў перыяд багаборніцтва. І вось тут зразумеў: Гасподзь заўсёды дае табе магчымасці для рэалізацыі сваёй мэты.

У 90-х актывізавалася духоўнае жыццё, і да нас у кантору звярнуўся бацюшка з просьбай дапамагчы ў аднаўленні храма. Старшыня калгаса даручыў гэтую справу мне, як інжынеру-будаўніку. Бацюшка, айцец Аляксандр, жыў у Жыровіцах, і аднойчы я туды паехаў па нейкія цвікі. Зайшоў да яго, расказаў усё, што было на душы, пра сваё абяцанне Богу. «А ты разумееш нешта ў праваслаўі?» — пытаецца святар. «Нічога не разумею», — адказваю. Пайшлі мы разам у царкоўную лаўку, падарыў ён мне Закон Божы, а я накупляў яшчэ розных кніг.

— Многія людзі даюць абяцанні, але ж іх не выконваюць.

— Гэта справа сумлення кожнага. Ды толькі калі ты чалавеку паабяцаў нешта і не выканаў гэта, можаш апраўдацца, чаму і як. А калі Богу — то не ведаю, як патлумачыш. Зразумела, міласць Божая павінна быць на ўсё. Ды толькі я ж паабяцаў, напрыклад, не свечку ў царкве ставіць кожную нядзелю, а адразу — святарства. Я шмат разважаў над гэтым. Зразумеў адно: такім было маё прадвызначэнне.

— Але да духоўнага сана давялося ісці доўга…

— Тры дзясяткі гадоў. Я быў і царкоўным старастам, і дзяком, і званаром… Ужо ў сталым узросце з Божага блаславення паступіў у духоўную семінарыю на багаслоўска-педагагічную спецыялізацыю. Калі ў нашу вёску Галынка, дзе таксама адраджалася царква, прыехала іканапісец з Пружанскага раёна Алена Васкаўшчук, я дапамагаў ёй — і таксама вучыўся многім рэчам.

«Чытанні ў ганчарні»


— У гэты перыяд жыцця Вы і прыязджалі ў Пружаны: Алена Уладзіміраўна запрашала Вас у школу мастацтваў для правядзення майстар-класаў па ганчарнай справе.

— Так. Між іншым, ганчарства, якім я заняўся недзе ў 2005 годзе, таксама стала прыступкай на шляху да служэння Богу. Каб дасягнуць святасці, трэба вучыцца пакоры, а ганчарства, як і любое іншае рамяство, выхоўвае ў чалавеку цярпенне. Дарэчы, не варта блытаць цярплівасць з абыякавасцю. Ты не абыякава ўспрымаеш удары лёсу, але з удзячнасцю Богу. Напрыклад, працуеш месяц, каб напоўніць вырабамі печку, рыхтуеш іх да абпалу. І раптам — нейкая неспадзяванка, і палова тваіх збаноў і глякоў ідзе ў брак. Страчаны час, намаганні, нарэшце, грошы, якія ты мог бы атрымаць ад продажу гэтых рэчаў. І што ты павінен зрабіць? Махнуць рукой і больш рамяством не займацца? Або пакорліва змесці чарапкі ў кучу і зноў мясіць гліну?

— Ганчарства звязваюць з Божым промыслам: згодна са Старым Запаветам, менавіта з пылу зямнога быў створаны Усявышнім першы чалавек.

— Пра любога рамесніка — каваля ці ганчара — ходзіць нямала паданняў у народзе. З язычніцкіх часоў людзі, якія яшчэ не ведалі сапраўднага Бога, пакланяліся зямным стыхіям, таму кавальскае рамяство атаясамлівалася з агнём, ганчарства — з зямлёй… У мяне самога падобнага атаясамлівання не было. Я працаваў над глінай і над сабой.

— Магчыма, гэта праца з глінай натхняла на напісанне вершаў?

— Вершаваныя радкі прыходзяць у галаву незалежна ад працы, якой займаюся. У майстэрні маёй у Галынцы вокны вялікія, царкву бачна. Молішся, людзі да цябе заходзяць. Быў час, калі мы праводзілі, як жартам называлі, «чытанні ў ганчарні». Прыязджалі сябры-паэты, мясцовая інтэлігенцыя збіралася. Ляплю гаршчок, іншыя чытаюць вершы, спяваюць, а потым ставяць свае подпісы на яшчэ сырой гліне. У мяне пару такіх гаршчкоў з подпісамі захавалася.

Дарэчы, рамесніцтва паспрыяла вырашэнню адной праблемы: я вельмі баяўся выступаць перад людзьмі, але шматлікія зносіны падчас кірмашоў, майстар-класаў дапамаглі пераадолець страх. Вельмі рады, што ганчарства не засталося маім асабістым хобі: з’явіліся вучні, я перадаў майстэрства.

«Вы — соль Зямлі»


— Вам падабаецца ў Смаляніцы?

— Паветра тут неверагоднае, здаецца, на хлеб можна намазваць, такое водарнае, густое. Храм, самі бачыце, які прыгожы. У свой час папрацавалі на яго ўзнаўленні мае папярэднікі Андрэй Карсанюк, Аляксандр Мялешка, пры якім з’явіліся цудоўныя роспісы на сценах. Дарэчы, іх аўтар таксама Алена Васкаўшчук. У мінулым годзе мы набылі восем невялікіх званоў — і цяпер наш храм мае свой голас. Людзі цудоўныя, імкнуцца дапамагчы, мужчын, напрыклад, нават прасіць не даводзілася, калі трэба было тэрыторыю абкасіць.

— Шмат народу ходзіць у храм?

— Як і паўсюдна, па святах нямала збіраецца. Мне здаецца, колькасць сапраўды шчырых вернікаў заўсёды была не вельмі вялікай (хаця ў свой час масава пайшло ў храмы пакаленне 1930-40-х гадоў, яно ж у асноўным і адраджала цэрквы ў 90-я). Некалі Хрыстос сказаў пра сваіх вучняў: «Вы — соль Зямлі». А солі шмат не бывае, хаця і без яе немагчыма. Так, у нас рытм жыцця зараз іншы, мы працуем, маем шмат розных спраў. Для сучаснага занятага чалавека кожнае наведванне храма становіцца маленькім паломніцтвам. Царква наша ў Смаляніцы, але ж асноўныя прыхаджане жывуць у Кабылаўцы. І гэтыя некалькі кіламетраў паміж населенымі пунктамі могуць стаць перашкодай, калі аўтобус не ідзе, машыны няма, а пешшу ці на веласіпедзе ўжо не па сілах. А Зельзінская царква наогул паміж вёскамі, на могілках стаіць: на службу яшчэ складаней старым людзям дабірацца.

— Зараз хрысціяне рыхтуюцца да Вялікадня, якому папярэднічае Вялікі пост. Але ж часам глядзіш кулінарныя перадачы, дзе прапануюцца посныя стравы: у рэцэптах і рыба чырвоная, і ікра, і нейкія экзатычныя прадукты. Чалавек нібыта і посціць, але ў той жа час раскошна харчуецца.

— Мяса замяніць нейкімі далікатэсамі можна, але ж ні Бога, ні ўласнае сумленне гэтым не падманеш. У першую чаргу, перадвелікодны пост павінен успрымацца як час роздуму пра свае ўчынкі, час дабрачыннасці. Сэнс посту — пераадольваць сябе, ачысціць душу сваю перад Вялікаднем. Чым перабіраць прадукты, варта азірнуцца навокал: можа, некаму з блізкіх людзей патрэбна дапамога? Магчыма, у памперсах ці адзенні мае патрэбу сусед-інвалід…

Мы зараз шыкоўна жывём у параўнанні з тымі ж 70-мі, 80-мі, 90-мі гадамі, часам бывае цяжка нават знайсці, каму міласціну падаць. А мы ўвесь час адзін аднаго асуджаем, замыкаем свае сэрцы, свае дзверы перад людзьмі. Вось гэта галоўнае.

— Айцец Сергій, што б Вы пажадалі вернікам напярэдадні Вялікадня?

— Хочацца ўсім людзям пажадаць веры. Упэўненасці ў тым, што ўсе хваробы, выпрабаванні патрэбны для выратавання нашых душ. У кожнага з нас свая дарога, але кропка сутыкнення гэтых дарог — адна: уваскрашэнне, выратаванне душы.

Гасподзь нікога не прымушае, ён дае падказкі: хочаш быць са мной — рабі так, не хочаш — не рабі. Чалавек застаецца свабодным у сваім выбары. Мы можам займацца творчасцю, маляваць, спяваць. Ды толькі можна скласці такую песню, што слухач задумаецца: навошта я жыву? А можна накіраваць чалавека на грахоўныя ўчынкі, блуд, хлусню, нават забойства. Вельмі важна, што ты хочаш данесці.

Так што давайце разам папросім: «Госпадзі, верую, дапамажы майму нявер‘ю». І адкрыем свае сэрцы Богу.

Гутарыла Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік