Суббота, 14 декабря 2024

Майстар цэха жыллёвай гаспадаркі ўчастка «Ружаны» Пружанскага КУВП «Камунальнік» Ірына Жытніцкая: «Жыццёвы дэвіз: не баяцца складанасцяў!»

417

Падчас выязной «лятучкі», якую рэдакцыя праводзіла ў сярэдзіне лютага ў Ружанах, абмяркоўваліся самыя розныя тэмы. Так, на сустрэчы з мясцовым актывам журналісты пачулі нямала добрых слоў пра адказнае стаўленне да працы майстра цэха жыллёвай гаспадаркі ўчастка «Ружаны» Пружанскага КУВП «Камунальнік» Ірыны Жытніцкай. Мы ўзялі на заметку выказванні аўдыторыі. А ў хуткім часе сустрэліся з Ірынай Аляксееўнай асабіста.

«Дзяўчына фабрычная»


Цяперашні майстар участка ў 1978 годзе ўладкавалася на Ружанскую мэблевую фабрыку. За 30 гадоў сумленнай, плённай працы жанчына прайшла значную прафесійную эвалюцыю: пачынала з вучаніцы-апрацоўшчыцы, працавала кантралёрам, тэхнолагам, намеснікам дырэктара па вытворчасці.

Ірына Жытніцкая.

— Мой «будаўнічы» шлях пачаўся з лёгкай рукі дырэктара мэблевай фабрыкі Ігара Дашкевіча. Ён даведаўся, што я маю адпаведную адукацыю, і сказаў: «Будзем узводзіць жылы дом». У спадчыну ад мінулага прараба мне перайшла купа чарцяжоў і каштарысаў, — узгадвае Ірына Жытніцкая. — Спачатку я збянтэжылася, была ў шоку ад таго, што мне даверылі кіраўніцтва такой сур’ёзнай справай. Гэта ж не хлеў пабудаваць, а дом, у якім будуць жыць людзі!

Але жанчына перамагла няўпэўненасць і прыняла своеасаблівы выклік лёсу. Так, у 1991 годзе ў Ружанах па вуліцы Урбановіча з’явіўся цагляны дом на 24 кватэры, а ў другой палове 90-х яшчэ адзін, крыху меншы.

Патрабавальны і справядлівы кіраўнік


1 ліпеня споўніцца 14 гадоў, як Ірына Жытніцкая працуе на Ружанскім участку «Камунальніка». У зоне яго абслугоўвання, акрамя саміх Ружан, жылыя дамы ў вёсках Юндзілы, Магілёўцы, Ласасін, Асошнікі, Бушнякі, Шпакі, Зельзін, Зіновічы і аграгарадку Варанілавічы. Жанчына кажа, што работнікі ўчастка адказваюць не толькі за ўборку і парадак на падведамасных тэрыторыях, але і займаюцца бягучым і капітальным рамонтамі, тэхабслугоўваннем дамоў.

На дадзены момант калектыў, якім кіруе Ірына Аляксееўна, складаецца з 12 чалавек.

— Амаль усё жыццё я працую сярод мужчын, і гэтая акалічнасць ніколі не была праблемай. Мне шанцуе на добрыя брыгады і адэкватных калег. У гэтым сэнсе мне падабаецца ўвесь «Камунальнік», тут сапраўды дружны калектыў. А гэта, насамрэч, вельмі важна. Ад таго, які клімат будзе ў вашай мікрагрупе, залежыць прадуктыўнасць і якасць працы кожнага яе члена, — кажа майстар ружанскага ўчастка.

У той жа час Ірына Жытніцкая разважае наконт ролі кіраўніка ў стварэнні мікраклімату ў калектыве:

— Кіраўнік павінен быць патрабавальным, але ўважлівым, простым у зносінах, ставіцца да людзей з павагай, не дазваляць сабе грубасці і, тым больш, абраз у адрас падначаленых. Умець прызнаваць памылкі і мець храбрасць прасіць прабачэння, — упэўнена Ірына Аляксееўна. — І гэта незалежна, наколькі вялікім ці малым калектывам кіруеш.

Як кажа жанчына, тэхнічны склад розуму і схільнасць да дакладных навук яна пераняла ад бацькі, ад мамы ўзяла здаровую ўпартасць і навык даводзіць справу да канца. Бабуля з дзядулем, у сваю чаргу, навучылі браць адказнасць за свае ўчынкі, не баяцца складанасцяў.

— Неяк няма ў мяне страху перад пастаўленымі задачамі. Адзінае, за што перажываю — якасць сваёй працы, зразумела, клапачуся аб тэхніцы бяспекі. Будаўніцтва — не самая бяспечная сфера дзейнасці, што тут казаць, — дзеліцца Ірына Жытніцкая.

Шчаслівая жонка, маці, бабуля


Сёлета Ірына і Віктар Жытніцкія будуць адзначаць 45 год сумеснага жыцця. Пара выгадавала сына і дачку, мае трох унукаў і дзвюх унучак.

Ірына Аляксееўна і адпачывае «актыўным» чынам: гатуе сваёй сям‘і розныя стравы, а летам на дачы займаецца кветкамі, з асаблівым захапленнем вырошчвае памідоры.

— Я рэдка карыстаюся дэкаратыўнай касметыкай, проста не ляжыць да гэтага душа. Але затое па будаўнічым магазіне магу шпацыраваць не адну гадзіну. Напэўна, прафдэфармацыя, — жартуе жанчына.

Сям’я Жытніцкіх святкуе і Дзень абаронцаў Айчыны, і Міжнародны жаночы дзень.

— Муж Віктар былы ваеннаслужачы, таму 23 лютага да нас звычайна прыязджаюць дзеці, збіраюцца сябры, — кажа Ірына Аляксееўна. — А вось наконт падарункаў не замарочваемся. Муж цікавіцца рыбалкай, але сама рыбацкія прыналежнасці ў падарунак не выберу. Таму адкладваем на гэта грошы. Таксама і на 8 Сакавіка: я атрымліваю падарунак ў грашовым выглядзе, ну, і кветкі, канечне!

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік