Вторник, 18 февраля 2025

Май. Актуальныя парады для дачнікаў і агароднікаў

1 254

Многія нашы чытачы чакаюць чарговы выпуск “Фазэнды” менавіта таму, што тут друкуецца месячны каляндар садавода і агародніка. Але часта бывае, што надвор’е ўносіць значныя карэктывы. Халодны красавік і пачатак мая заставіў змяніць планы многіх вопытных агароднікаў. Вось і ў СШ №1, пра гаспадарку якой мы пісалі ў мінулым выпуску, пятунні даўно гатовы да высадкі ў грунт, але нізкая тэмпература не дазваляе гэта зрабіць.


А наогул у маі работы ў агародзе шмат. На што звярнуць увагу, расказвае лабарант прышкольнага ўчастка СШ №1 г.Пружаны, аграном па спецыяльнасці, Ірына Кашуба:

—З пачатку месяца ў адкрыты грунт можна высяваць пятрушку, шпінат, кроп, шчаўе, салату, цыбулю, моркву, радыску і буракі.
На расаду сеюцца кабачкі, гарбузы, цвятная капуста, патысоны, агуркі, кавуны, таматы, дыні.


Не забывайце рэгулярна правяраць расаду на наяўнасць тлі і павуціннага кляшча, глеба павінна быць падкормлена і ўгноена арганікай да моманту высадкі расады ў адкрыты грунт.


Пры спрыяльным надвор’і ў першай палове мая можна сеяць фасолю, брокалі, кукурузу і сланечнік, але сёлета гэта лепш зрабіць пазней.

У сярэдзіне мая ў грунт можна перанесці расаду цыбулі-парэю.

У другой палове месяца з парнікоў у цяпліцу пераносіцца расада агуркоў, баклажанаў, перцаў і таматаў.

Можна пасеяць у адкрыты грунт насенне аксамітак (бархатцы), цыніі, настурцыі, дэкаратыўнага сланечніку.

У канцы мая ад матчыных кустоў клубніц адсаджваюць разеткі.

На здымку: на прысядзібным участку працуюць вучні 7 «Б» класа СШ №1.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч. Фота Кацярыны Масік.

Больш матэрыялаў па тэме ў нумары «Рб» за 15 мая.