Суббота, 15 февраля 2025

«Магія танца» адбылася: расказваем пра конкурс, эмоцыі і вынікі (+многа фота)

342

У мінулую нядзелю краіна святкавала Дзень моладзі і студэнцтва. Пружанцам гэты дзень падарыў масу пазітыўных эмоцый і выдатных успамінаў.

Нягледзячы на спякотнае надвор’е, цэнтральную плошчу горада наведала вялікая колькасць людзей. На мерапрыемстве ў якасці і гледачоў, і ўдзельнікаў прысутнічала не толькі моладзь, але і людзі паважанага ўзросту. Хаця якая розніца: узрост — гэта не больш, чым проста лічба!

Праграма свята была рознабаковай. Імпрэза пачалася з адкрытага рэгіянальнага конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Магія танца». Артысты з Пружанскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, Свіслацкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Баранавіцкага раёнаў, а таксама з Брэста і Бярозы вельмі адказна аднесліся да сваіх выступленняў, дзякуючы чаму ўрачыстасць прайшла якасна і сапраўды цікава.

Пасля выступлення апошняй каманды танцораў пад гучныя апладысменты журы накіравалася прымаць няпростае рашэнне: хто ж паказаў самы высокі ўзровень майстэрства, стаў лепшым у сваёй намінацыі?

Тым часам свята моладзі толькі набірала абароты. Быццам бы другое дыханне надало гасцям мерапрыемства выступленне ўзорнага ансамбля эстраднага танца «Ваўкавыскія непаседы», а канцэрт удзельнікаў эстрадных студый горада і раёна «Танцуй і спявай, пакуль малады» прывёў публіку ў захапленне.

Удзельніцам клуба аматараў танцавальнага фітнесу «Нічога лішняга», якія займаюцца на базе Ліноўскага СДК, удалося падняць з месцаў нават самых сціплых гасцей, і ўсе дружна выканалі танцавальную размінку.

Нарэшце на прыгожай сцэне з’явілася журы. Яго старшыня начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш павіншаваў прысутных з Днём моладзі, артыстаў — з годнымі выступленнямі і пачаў абвяшчаць вынікі конкурсу.

Харэаграфічны калектыў «M&M’s» дзіцячай школы мастацтваў г. Жабінка, які выканаў палкі італьянскі народны танец — тарантэлу, быў названы лепшым у намінацыі «Народны танец. Стылізацыя народнага танца» (узроставая катэгорыя 10-14 гадоў).

Дыпломы І ступені ў намінацыі «Эстрадны танец. Танцавальнае шоу» (узроставая катэгорыя 6-9 гадоў) атрымалі адразу чатыры ўдзельнікі: танцавальны калектыў «Непаседы» (Жабінка), харэаграфічны калектыў «M&M’s» (Жабінка), узорны тэатр эстрадна-спартыўнага танца «Каскад» (Слонім), узорны ансамбль эстраднага танца «Рубікон» (Пружаны).

Калектыў сучаснага танца «Stardas» з Жабінкаўскага Дома культуры заваяваў перамогу ў намінацыі «Эстрадны танец. Танцавальнае шоу» (узроставая катэгорыя 10-14 гадоў).

У гэтай жа намінацыі прадставіў свой нумар адзін «незвычайны» калектыў. Клуб «Залаты ўзрост» Ваўкавыскага ГДК пакарыў гледачоў сваім запалам і весялосцю, а іх танец «Джайв» быў прызнаны журы лепшым у адпаведнай узроставай катэгорыі.

Самымі таленавітымі малышамі ў намінацыі «Сучасная харэаграфія» (узроставая катэгорыя 6-10 гадоў) былі прызнаны ўдзельнікі ўзорнага ансамбля эстраднага танца «Рубікон» ГПК г. Пружаны.

Дыпломы І ступені ў той жа намінацыі ва ўзроставай катэгорыі 11-14 гадоў атрымалі ўзорны тэатр эстрадна-спартыўнага танца «Каскад» (Слонім) і калектыў сучаснага танца «Stardas» (Жабінка).

Пераможцамі ў намінацыі «Сучасная харэаграфія» (узроставая катэгорыя 15-17 гадоў) сталі ўзорная цыркавая студыя Кобрынскага Палаца культуры «Sun Ray» і харэаграфічны калектыў сучаснага танца Ваўкавыскага ГДК «ELITE».

Удзел у конкурсе прынялі і жанчыны з ужо згаданага клуба танцавальнага фітнесу «Нічога лішняга». Прыхільніцы зумбы ўразілі журы сваім выступленнем і былі прызнаны лепшымі ў намінацыі «Сучасная харэаграфія» (узроставая катэгорыя больш за18 гадоў).

Уручэнне заслужаных узнагарод не паставіла кропку ў святочных гуляннях. Артысты Палаца культуры працягнулі радаваць прысутных сваімі шчырымі нумарамі, а завяршыўся Дзень моладзі дыскатэкай пад адкрытым небам.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы можна паглядзець тут: https://vk.com/album-23306785_294179691 і https://ok.ru/budni/album/963750926728