Колькі цудоўнага змясцілася ў слове «школа». Успамін пра яе — нібы вяртанне ў дзяцінства, да школьных сяброў, любімых настаўнікаў, вясёлых і шумных перапынкаў. А яшчэ школа заўсёды была моцным і надзейным мостам, праз які з пакалення ў пакаленне перадаваліся навуковыя веды, культурныя дасягненні, нацыянальныя традыцыі, жыццёвы вопыт.
Пачалося ўсё ў 1864-м
Сёлета спаўняецца 160 гадоў з таго часу, як свае дзверы для першых вучняў расчыніла школа ў в. Магілёўцы.
Згодна з дакументамі, якія захоўваюцца ў ЦДГА г. Гродна, «у 1864 годзе ў Магілёўцах было адкрыта народнае вучылішча. Яно займала асобны дом даўжынёй 20, шырынёй 11 1/2, вышынёй 3 1/4 аршына. (Старажытная мера даўжыні, аршын складае каля 0,7 метра — Заўвага рэд.). У ім змяшчаўся клас з колькасцю парт 21. Будынак ацяпляўся дзвюма печкамі, асвятленне было лямпавае. У раён вучылішча ўваходзілі вёскі Магілёўцы і Масявічы Лыскаўскай воласці з насельніцтвам 990 мужчын і 995 жанчын. Дзяцей школьнага ўзросту, ад 8 да 12 гадоў, — 190».
У 1865 годзе ў вучылішчы навучалася ўжо 47 вучняў (у паблізу размешчаным Зельзіне — таксама 47, у Галоўчыцах — 50, у Лыскаве — 52).
Пасля 1875 года ў Магілёўцах пачалі навучацца і дзеці з Асошнікаў: уладальнік маёнтка Магілёўцы адстаўны генерал-маёр Станіслаў Быхавец звярнуўся да Гродзенскага генерал-губернатара з просьбай пра наладжванне прамой сувязі паміж вёскамі. Яна зводзілася да наладжвання каля паўвярсты дарогі і будаўніцтва моста праз ручай, для чаго памешчык даў патрэбныя матэрыялы. Дарэчы, менавіта Быхавец выдзеліў участак зямлі для будаўніцтва вучылішча і лесаматэрыял.
У 1890 годзе вучняў было 62 (з іх толькі дзве дзяўчынкі), а настаўнікам з 1887 года працаваў Андрэй Ільіч Шылянок. Па дадзеных за 1906 год вучылася 65 хлопчыкаў, а спасцігалі навукі яны пад кіраўніцтвам Івана Рыгоравіча Улейчыка. У 1913-м колькасць школьнікаў пабольшала да 85, з іх — пяць дзяўчынак. Да 1914 года настаўнікам быў Сяргей Захаравіч Ніканюк, які потым удзельнічаў у Першай сусветнай вайне.
Пры Альбіну Дзяконскім, які валодаў Магілёўцамі ў міжваенны перыяд, калі наш рэгіён уваходзіў у склад Польшчы, быў узведзены новы, ужо цагляны, школьны будынак. Зразумела, што школа ў гэты час была польскай і толькі пасля аб‘яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939-га дзеці змаглі вучыцца на роднай мове.
Вялікая Айчынная вайна зноў перарвала заняткі, якія ўзнавіліся 80 гадоў таму, у 1944 годзе. А 1951/52 навучальны год знамянальны тым, што адбыўся першы выпуск 10-годкі: выпускнікамі сталі восем чалавек з розных вёсак: Магілёўцаў, Асошнікаў, Крупы, Рудні, Сабалькоў, Цераховічаў.
Ляцелі гады, колькасць вучняў у школе ўзрасла да 400, перапоўнены былі нават прыбудовы, заняткі ішлі ў тры змены: акрамя дзённай, працавала і вячэрняя школа. Наспеў час заняцца будаўніцтвам. І 15 лістапада 1975 года прыняў вучняў новы сучасны будынак. Нямала намаганняў па яго ўладкаванні прыклаў Сцяпан Сямёнавіч Крэчка, які быў дырэктарам школы з 1961 па 1994 год.
Зноў у школу… Праз 50 гадоў
Школьны баль для 35-ці выпускнікоў 1974 года праходзіў яшчэ ў старым двухпавярховым будынку. Менавіта ён застаўся для іх родным домам. Тым не менш, не ў будынку ж справа, а ў школьным сяброўстве, сумесных успамінах, радасці зносін.
І вось праз 50 гадоў была наладжана сустрэча, прымеркаваная да апошняга школьнага званка. Арганізатарам яе стаў Мікалай Пятровіч Гардзейка. Шчымлівая карціна, калі людзі, многія з якіх не бачыліся дзесяцігоддзі, пазнаюць адзін аднаго, усміхаюцца і плачуць, абдымаюцца — і ў гэты момант нібы зноў становяцца дзецьмі.
Усе выпускнікі (а сабралася іх ажно два дзясяткі) ужо ў статусе пенсіянераў, але шэраг з іх працягвае працаваць, у асноўным гэта медыкі. У выпуску 1974 года іх было нямала: урач-тэрапеўт В.У. Ткачук жыве ў Калінінградзе, урач-рэаніматолаг В.У. Шыманчук — у Санкт-Пецярбургу, стаматолаг Н.М. Грынкевіч — у Пружанах, урач-псіхіятр Л.В. Казадой лечыць хворых на «астраўку міласэрнасці», у Магілявецкай абласной псіхіятрычнай бальніцы, санітаркамі працуюць І.У. Пракашка і Н.К. Грынкевіч…
Вясковая школа нічым не саступае гарадской. У святочна ўпрыгожанай актавай зале і праходзіла ўрачыстасць. Гасцей вітала дырэктар школы Наталля Малеўская.
— Наша школа заўсёды была і застаецца бацькоўскім домам для ўсіх вучняў і выпускнікоў, — падкрэсліла Наталля Мікалаеўна. — Мы імкнёмся не проста даваць веды, але і клапаціцца пра кожнага вучня, незалежна ад яго паспяховасці, фарміраваць асобу, расціць грамадзян сваёй краіны.
Магілявецкая школа ганарыцца сваімі выпускнікамі мінулых гадоў, а сярод іх і беларускія грамадскія дзеячы, выбітныя асобы.
У свой час вучыўся тут фучоны-філосаф, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Паўлавіч Вялічка, які быў апошнім памочнікам П.М. Машэрава, а потым працяглы час кіраваў часопісам «Беларуская думка». Іван Ануфрыевіч Вялічка быў старшынёй Пружанскага райвыканкама, адказным работнікам абласнога камітэта народнага кантролю. Заслужаныя дзеячы культуры Пётр Пятровіч Суцько, які 30 гадоў шчыраваў на пасадзе галоўнага рэдактара абласной газеты «Зара», і Міхаіл Аляксандравіч Шавель, які быў дырэктарам Брэсцкага тэатра лялек.
Але не толькі на радзіме праявілі свае таленты магілявецкія ўраджэнцы: К.І. Казадой быў інжынерам-даследчыкам у атрадзе касманаўтаў, К.М. Латыш працаваў ваенным карэспандэнтам у Манголіі, А.С. Латыш — ваенным перакладчыкам у Эфіопіі…
Гэты пералік можна працягваць, узгадаць і тых 20 нашых хлопцаў, што прайшлі выпрабаванне Афганістанам, і шматлікіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі, будаўнікоў, медыкаў, педагогаў (пэўная іх частка вярнулася працаваць у родную школу).
Безумоўна, свой уклад у школьны летапіс маюць магчымасць унесці і сённяшнія выпускнікі, і тыя, хто толькі пойдзе ў першы клас. Але праблема: усё менш становіцца вучняў у вясковых школах. Сёлета ў Магілявецкай СШ менш за сотню школьнікаў і выхаванцаў дзіцячага садка разам.
Падчас такой своеасаблівай сустрэчы пакаленняў было сказана нямала пранікнёных слоў. Былыя выпускнікі ўзгадалі педагогаў і семярых сваіх аднакласнікаў, што пайшлі ўжо з жыцця, уручылі школе падарункі. Але лепшым падарункам сталі яны самі — са сваёй шчырай памяццю пра тых, хто даў пуцёўку ў жыццё, сваёй радасцю ад сустрэчы са школай, якой шчодра дзяліліся з навакольнымі.
Як адзначыла Валянціна Мікалаеўна Латыш, якая працавала ў школе ў гады вучобы выпускнікоў 1974 года, усе былі выключна падобнымі адзін на аднаго сваёй улюбёнасцю ў школу. І гэта стварала тое маральнае поле, якое ніколі не зарасце пустазеллем раўнадушша і забыцця.
Вера Церахава