Пятница, 19 апреля 2024

Магазін для сапраўдных мужчын «Стыль МЭН» адкрыўся ў пружанскім «Універмагу» (+відэасюжэт)

491

Цудоўны падарунак для ўсіх мужчын зрабіла напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны Пружанскае райспажыўтаварыства.

У аўторак ва «Універмагу» адкрыўся новы магазін — «Стыль МЭН». Яго назва гаворыць сама за сябе: тут чакаюць мужчын, якія хочуць выглядаць стыльна і прыгожа.

Па словах намесніка старшыні Пружанскага райспажыўтаварыства Ларысы Жуковіч, на пастаяннай аснове вядзецца маніторынг гандлёвай сеткі і спажывецкіх пераваг. У выніку і прыйшлі да высновы, што ў Пружанах не хапае менавіта мужчынскага магазіна, — і вырашылі заняць гэтую нішу.

На 88 квадратных метрах былога дзіцячага кафэ «Церамок» прадстаўлена, бадай, усё, што неабходна мужчынам. Большасць тавараў — беларускай вытворчасці. Гэта, напрыклад, кашулі прадпрыемстваў «Надзея» і «Эліз». У асартыменце таксама паліто і курткі, мужчынскія касцюмы вытворчасці гомельскага «Камінтэрна» і сталічных фабрык «ІміджЛайн» і «Men Style». Прадстаўлены бялізнавы трыкатаж ад «Mark Formelle», «Купалінкі» і «Conte». Ёсць тут абутак, гадзіннікі, брытвы і многае іншае. Абмяжоўвацца айчыннымі таварамі не збіраюцца: у хуткім часе чакаецца паступленне фірменнага адзення з Турцыі.

Прадугледжаны беспрацэнтная растэрміноўка і падарункавыя сертыфікаты на любую суму.

Пакупнікоў тут чакаюць у часы работы «Універмага»: па буднях з 9 да 19, у суботу і нядзелю — з 9 да 16 гадзін.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік