Понедельник, 9 декабря 2024

Мацярынская любоў ратуе свет і абараняе мір

266
На здымку: Марыя Сакалоўская з дачкой Янай.

Маці дорыць жыццё, песціць сваіх дзяцей, выхоўвае і выводзіць іх у людзі. І ўвесь адведзены ёй лёсам час імкнецца абараніць іх ад пагроз і трывог. Жанчыны-маці выступаюць супраць войнаў і агрэсіі, мараць, каб дзеці жылі пад мірным небам. І многія з іх гатовы стаць актыўнымі абаронцамі жыцця і міру на зямлі. Нават калі для гэтага даводзіцца апрануць вайсковую форму.

Каля дзясятка жанчын служаць і на 210-м авіяцыйным палігоне. «Прыгожую частку» асабовага саставу вайсковай часці на пачатку бягучага года папоўніла Марыя Сакалоўская з г.п. Ружаны.

Але, як лічыць сама Марыя Эдуардаўна, сваю дзейнасць да гэтага часу яна таксама можа назваць абаронай людскіх жыццяў. Жанчына працавала фельчарам хуткай медыцынскай дапамогі. Таму калі атрымала прапанову заключыць кантракт на армейскую службу, то, можна сказаць, і не памяняла сваё прызванне. Хаця паўсядзённыя звычкі і стаўленне да рэчаіснасці крыху давялося змяніць.

— У арміі больш дысцыпліны і розных рэгламентаў, — расказвае суразмоўца. — Нават у размове ўжываецца шмат вайсковых тэрмінаў.

Пяць гадоў таму Марыя Сакалоўская стала мамай, нарадзіла дачку Яну. Малая прывыкла бачыць матулю ў вопратцы медработніка і вельмі здзівілася, калі тая аднойчы прыйшла дадому ў ваеннай форме. Здзівілася па-добраму, таму што для дзіцяці ўсё роўна, кім працуе матуля, галоўнае — гэта шчырая любоў, разуменне паміж роднымі душамі. Таму зараз Яна нават ганарыцца, што яе мама — сяржант беларускай арміі.

Варта адзначыць, што Марыя Сакалоўская не здрадзіла сваёй былой спецыяльнасці: яна працуе фельчарам медыцынскай часці. Да сваіх абавязкаў ставіцца адказна і ніякіх нараканняў на яе дзеянні з боку камандавання палігона не ўзнікала.

Ды і ўвогуле, як аказваецца, жанчыны — яшчэ больш «службоўцы», чым мужчыны: усе абавязкі выконваюць карпатліва, заўсёды захоўваюць дысцыпліну і з’яўляюцца ўзорам беларускага ваеннага, як па знешнасці, так і па характары.

А інакш і быць не можа. Таму што жанчыны ведаюць: абараняць мір на зямлі трэба таксама, як і абараняць сваіх дзяцей, — самааддана і бездакорна.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны МАСІК