Сёння сацыяльныя работнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Напэўна, не проста так гэты дзень прыпадае на самы казачны перыяд каляндарнага года, бо вельмі часта сацработнікі прымяраюць на сябе ролю добрых чараўнікоў.
У Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць неабыякавыя людзі, для якіх словы «альтруізм» і «эмпатыя» не пусты гук. Усяго ж у калектыве налічваецца 131 сацыяльны работнік, паслугамі якіх карыстаюцца 405 чалавек.

Сваё жыццё з гэтай няпростай прафесіяй звязалі Жанна Літвінава і яе дачка Святлана Чыж.
Жанна Літвінава: «Знайсці агульную мову з кожным»
Жанна Якаўлеўна трапіла ў ТЦСАН, можна сказаць, выпадкова: захацела працаўладкавацца ў горадзе, а тут была вакансія сацыяльнага работніка. Жанчына прайшла выпрабавальны тэрмін і працуе ўжо пяць гадоў.
— За мной замацаваны шасцёра чалавек: адзін жыве ў Сланімцах, астатнія — у райцэнтры. Я наведваю іх з рознай перыядычнасцю, у залежнасці ад патрэбнасцей: адным мая дапамога неабходна кожны дзень, другім — два разы на тыдзень.
У абавязкі жанчыны ўваходзяць усе бытавыя справы. Сацыяльны работнік гатуе ежу, мые посуд, прыбірае кватэру, ходзіць у магазіны і аптэкі, выносіць смецце, мые рэчы, гуляе са сваім падапечным. Калі чалавек жыве ва ўласным доме, пры неабходнасці чысцяцца сцежкі ад снегу. Адзінае, што не ўваходзіць у абавязкі сацработніка — гэта догляд агарода і двара.
Апроч фізічных нагрузак, праца бывае нялёгкай і маральна. Не кожны можа знайсці агульную мову з грамадзянамі, якім неабходна дапамога. Таму ў шэрагах сацыяльных работнікаў выпадковыя людзі надоўга не затрымліваюцца.
— Старога чалавека з раўнавагі можа вывесці літаральна ўсё: спазненне на 10 мінут, няправільна пастаўленая талерка, нават «не такі» позірк. Але да гэтага трэба рыхтавацца і ведаць, як паводзіць сябе ў крытычных абставінах. Ні ў якім разе не паддавацца эмоцыям, а старацца згладзіць магчымы канфлікт, — дзеліцца Жанна Літвінава.
— Я ад прыроды ўраўнаважаная, зусім не запальчывы і стрэсаўстой-лівы чалавек. Можа, цярплівасць звязана з маім хобі — вышыўкай. Там таксама трэба прыкласці нямала намаганняў, каб пабачыць канчатковы вынік. І ў адносінах з людзьмі: часам чакаю, каб чалавек прывык… Не задаю лішніх пытанняў: калі суразмоўца будзе гатовы, ён сам пачне гутарку. Мы ж павінны выслухаць кожнага і дыялог падтрымаць, не толькі прыбраць у доме, але таксама паўдзельнічаць у асабістым жыцці чалавека, — кажа сацыяльны работнік.
Напэўна, усім знаёмыя «неспрыяльныя» дні, калі адбываецца свое-асаблівае кораткачасовае выгаранне і цяжка сабрацца, пераадолець песімістычны настрой. Для Жанны Якаўлеўны сур’ёзнай матывацыяй трымаць сябе ў форме з’яўляецца ажыццяўленне чаканняў іншых людзей. Яна кажа, што ў нейкай ступені нясе адказнасць за сваіх падапечных, і таму не мае права расслабіцца.
Яўгенія Раманава: «Дзякуй сацработніку і сацыяльнай службе»
Былая настаўніца СШ № 4 Яўгенія Раманава, якую абслугоўвае Жанна Якаўлеўна, два гады таму патэлефанавала ў Пружанскі ТЦСАН з дакладным пажаданнем.
— Калі я вырашыла скарыстацца паслугамі сацыяльнага работніка, то папрасіла кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра прызначыць мне чалавека, які б нічога не распытваў, не лез у душу. Мае заўвагі былі пачуты, і ў хуткім часе я пазнаёмілася з Жаннай. На працягу двух гадоў яна выдатна выконвае свае абавязкі. Ніякіх нараканняў у мяне няма. Чалавек сапраўды валодае прафесійнай этыкай, — расказвае Яўгенія Пятроўна.
Як зазначае пенсіянерка, людзі паважанага ўзросту бываюць даволі капрызнымі, нецярплівымі і, як вынік, раздражняльнымі.
— Часам нікога не хочацца бачыць, а часам вачэй з гадзінніка не зводзіш, чакаеш сваю памочніцу. Я разумею, што з намі бывае цяжка наводзіць масты. Сацработнікам, насамрэч, даводзіцца няпроста, — шчыра кажа былая настаўніца. — Ведаеце, я лічу, што недапытлівасць проста цудоўная рыса чалавечага характару. Жанна менавіта такая, але пры гэтым уважлівая, заўсёды пацікавіцца здароўем, настроем. Дзякуй тэрытарыяльнаму цэнтру за тое, што рыхтуюць такіх спецыялістаў, гэта вялікая справа.
Святлана Чыж: «Я вучуся пазітыву ў сваіх падапечных»
Можна сказаць, што па слядах маці пайшла і дачка Жанны Якаўлеўны Святлана.
У свой час дзяўчына атрымала прафесію пекара-кандытара, працавала ў Пружанскай кулінарыі, у кафэ ў Баранавічах, у гэтай дзейнасці «варылася» пяць год, а потым вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці сацыяльнага работніка.
Некаторыя скептычна ставіліся да яе задумы. Маўляў, занадта вялікая розніца ва ўзросце з падапечнымі, але Святлана Уладзіміраўна сваёй якаснай працай даказала, што гэтыя меркаванні не маюць пад сабой грунту. Зараз за маладым сацыяльным работнікам замацавана ажно 12 чалавек, двое з якіх жывуць у аг. Шчарчова.
— У некаторых падапечных я нават чамусьці вучуся. Часцей гэта людзі з багатым жыццёвым вопытам і цікавым прафесійным шляхам за плячыма. Такім прыкладам жыццёвай моцы і бадзёрасці духу з’яўляецца для мяне былая настаўніца Ангеліна Іванаўна Самусь. Яе энергія, пачуццё гумару натхняюць, — кажа дзяўчына. — Так што давайце, як і яна, гнаць маркоту прэч, зараджаць наваколле пазітывам і вучыцца любіць жыццё.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
