Сярод вялікай колькасці накірункаў работы, якімі займаецца лідар сельгасгаліны раёна і краіны ААТ «Ружаны-Агра», цяжка вылучыць самы галоўны. Але ж немалаважнае значэнне тут надаюць свінагадоўлі. Комплекс ва ўрочышчы Бор-Ліпы быў пабудаваны больш за 10 гадоў таму. Колькасць свіней, якія ўтрымліваюцца тут сёння, перавышае 20 тысяч галоў. Сёлета прозвішча аператара свінакомплексу Сяргея Пятровіча Смаля было занесена на раённую Дошку гонару.
Яго працоўная раніца, як і ва ўрача, пачынаецца з абходу. Кантроль стану здароўя жывёл – на першым месцы. Ну, а добрае здароўе і прывагі напрамую залежаць ад правільнага харчавання. Таму аператар свінакомплексу пастаянна сочыць таксама за напаўняльнасцю кармушак. І гэта толькі малая частка яго абавязкаў.
Да такой работы Сяргей Пятровіч прывык даўно, і яна яму падабаецца. Хаця прыйшоў у«Ружаны-Агра» не адразу: працоўны шлях пачынаў у іншым сельгаспрадпрыемстве ў якасці зваршчыка. Наступны радок у працоўнай кніжцы заняў тады яшчэ Калазубскі ВПК д/с-пачатковая школа, куды ўладкаваўся рабочым. Калі ж даведаўся, што непадалёк ад роднай вёскі будуецца сучасны комплекс па ўтрыманні свіней, вырашыў паспрабаваць свае сілы ў жывёлагадоўлі. Як аказалася, паспяхова.
Мы сустрэліся з аператарам свінакомплексу не на яго месцы працы, а ў калазубскай сталоўцы. Сяргей Пятровіч тлумачыць:
— Любы свінакомплекс – аб’ект закрыты, да чысціні ў нас асаблівыя патрабаванні. Перад тым, як прыступіць да работы, прымаем душ, апранаем спецыяльную вопратку. Усё гэта робіцца, каб папярэдзіць хваробы свіней, напрыклад, тую ж афрыканскую чуму. А яшчэ на падворку работнікам комплекса нельга трымаць свойскую жывёлу. Зноў жа, каб не занесці якую-небудзь інфекцыю, — кажа аператар.
Раз на тыдзень свіней здаюць на мясакамбінат. Забой жывёлы вядзецца ў цэху ў Малочках. Мясная вытворчасць арганізавана і ў самой гаспадарцы, таму з упэўненасцю можна сказаць, што смак свініны з «Ружаны-Агра» ведаюць спажыўцы па ўсёй краіне. І тое, што яна адпавядае ўсім патрабаванням якасці, – заслуга ў тым ліку і аператара.
Не толькі Сяргей Пятровіч, але і ўся яго сям’я мае дачыненне да сельскай гаспадаркі. Жонка Наталля Пятроўна працуе лабарантам на камбікормавым заводзе. Сын Максім ужо ў наступным годзе атрымае дыплом механіка Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа і адправіцца па размеркаванні ў сельгаставарыства.
Пра сваё ўшанаванне С.П. Смаль кажа так: «Канечне, занясенню на Дошку гонару раёна я быў рады. Гэта пацвярджэнне таго, што кіраўніцтва раёна давярае і мне, і ўсяму калектыву нашай гаспадаркі. Любую работу, за якую бярэшся, трэба любіць, тады і вынік будзе. Лічу, што мне вельмі пашанцавала. Усе мы працуем для таго, каб спажыўцу было смачна. І, думаецца, працуем недарма».
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік