Пятница, 17 января 2025

Любовь, которая не знает границ

1 446

Вы не паверыце, але гэтая прыгожая гісторыя кахання мусульманскага юнака і праваслаўнай дзяўчыны, пачутая мной з першых вуснаў у Пружанах, пачалася 15 гадоў таму ў далёкім цёплым Узбекістане… на прэм’еры шэкспіраўскага спектакля “Рамэа і Джульета”. Калі б яна разгортвалася ў XVI стагоддзі, напэўна, лягла б у аснову чарговага паэтычнага шэдэўра знакамітага англійскага драматурга.

Дзея I. Сустрэча

– Джульета, ты  як дзень! – збялеўшы ад хвалявання, соладка прамаўляў рэплікі харызматычны дзесяцікласнік Руслан.

– Рамэа, мне шкада, што ты Рамэа!  – чырванеючы ад няёмкасці і хаваючы свае велізарныя карыя вочы, маленькая далікатная прыгажуня Наташа пяшчотна шаптала  ў адказ…

Гэта быў смелы эксперымент. У кансерватыўным усходнім грамадстве, хай і ў прэстыжнай школе з еўрапейскімі класамі, правесці вечар кахання і паэзіі, ды яшчэ з пастаноўкай заходняй класікі, было падобна рэвалюцыі. Але вучні справіліся і ўжыліся ў ролі досыць лёгка. Пачуцці былі настолькі шчырымі, што пуб-ліка адразу зразумела: яны не гуляюць, а жывуць гэтым дзействам…

Дзея IIВера

Закаханыя годна прайшлі першыя выпрабаванні і, у адрозненне ад сваіх герояў, без ахвяр пераадолелі ўсе перашкоды ў галоўным спектаклі пад назвай «жыццё».

Руслан вырас у  талерантнай сям’і. Бацька, таджык-мусульманін, жыццё пражыў ва Узбекістане і ў свой час аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз, а мама – простая руская  жанчына – заўсёды чакала яго дома. Муж не быў катэгарычным у пытаннях веры і паважаў жончына праваслаўе: хаця  сына вазіў  па святых мусульманскіх мясцінах, дома віселі праваслаўныя  абразы.

На вялікія хрысціянскія і мусульманскія святы збіраліся ўсе сваякі і шчыра віншавалі адзін аднаго. На Вялікдзень бацька хрыстосаваўся з  праваслаўнымі суседзямі, біўся фарбаванымі яйкамі і за абедзве шчакі  аплятаў духмяныя кулічы. А ўжо ў Наўруз, 21 сакавіка, мама разам з суседкамі-мусульманкамі варыла ў вялікім казане «кулесу» – бараніну па адмысловым рэцэпце, а потым з раніцы на вуліцы накрываліся сталы і наладжвалася сумеснае святкаванне.

Мір і любоў панавалі і ў сям’і “Джульеты”. Сярод продкаў Наташынай мамы былі рускія, палякі, украінцы і беларусы, а ў рускага таты прадзед быў крымскім татарынам. І гэтая кропелька ўсходняй крыві аказалася настолькі моцнай, што яскрава адлюстравалася ў высокіх скулах і цёмна-карых вачах праўнучкі.

Па вялікіх святах сям’я наведвала праваслаўны храм, праўда, дабрацца да яго было даволі складана, бо знаходзіўся ён за межамі горада. А вакол — мусульманскія і цыганскія паселішчы, створаныя бежанцамі з іншых савецкіх рэспуб-лік. Аднак ніхто і ніколі не чуў ні пра якія інцыдэнты ў праваслаўным храме. Ніякай прадузятасці і нянавісці, пра якія мы так шмат чуем  зараз са старонак газет і тэлеэкранаў, не было. Нават пасля развалу СССР людзі працягвалі дапамагаць адзін аднаму – і ў горы, і ў радасці.

Дзея III. Бяда

У паўднёва-ўзбекскім горадзе Кагане, дзе быў вельмі вялікі працэнт рускамоўнага насельніцтва і дзе пражывалі нашы героі, ноччу з 9 на 10 ліпеня 2008 года ўзнік пажар на ракетна-артылерыйскім складзе, агонь перакінуўся на іншыя ваенныя склады. У выніку серыі выбухаў былі пашкоджаны дзясяткі шматпавярховых дамоў, некалькі будынкаў згарэла цалкам. Людзі  ў чым спалі, у тым і пабеглі з горада, думаючы, што  на горад напалі баевікі з Афганістана. Натоўп бежанцаў расцягнуўся на паўтара дзясятка кіламетраў, лік ахвяр ішоў на сотні.

Няшчасных, разгубленых бежанцаў, якія дайшлі да Бухары, пасярод ночы размеркавалі па мусульманскіх           сем’ях, дзе шчодрыя гаспадары накармілі, падзяліліся цёплым адзеннем, не робячы ніякага адрознення паміж узбекамі і людзьмі іншых нацыянальнасцей. Пазней сем’і былі пераведзены ў палатачныя лагеры, людзі пачалі шукаць  згубленых сваякоў. А Руслан шукаў Наташу. І калі знайшоў, то зразумеў, што другога расстання з ёй не перажыве.

Праз тыдзень, калі былі адноўлены ўсе камунікацыі, закаханыя разам са сваімі сваякамі вярнуліся ў свой горад, і жыццё стала наладжвацца.

Дзея IV. Мядовы месяц у Беларусі.

Джульета не магла не ацаніць свайго Рамэа, як адказнага і вельмі клапатлівага чалавека. У цяжкую хвіліну Руслан заўсёды быў побач з Наташай і яе сям’ёй  і аказваў пасільную дапамогу. Гэта вельмі імпанавала бацькам. Адчуўшы ў ім сапраўднага мужчыну,  яны дазволілі дачцэ выйсці замуж.

У 2010 годзе закаханыя ўзялі шлюб і мядовы месяц вырашылі правесці ў Беларусі: на той момант у в. Новыя Засімавічы пражывалі бабуля Наталлі па маме і цётка. Прыехалі, а тут такая цішыня і раздолле! Пасля гарачай пустыні і прамысловага смогу над Каганам – дзіўная прырода і чыстае гаючае паветра, якім яны ўсё не маглі надыхацца…

Дзея V. Яначка-ганначка.

У 2012 годзе ў Руслана і Наталлі нарадзілася дачка Яначка. Самым шчаслівым з гэтай нагоды аказаўся мусульманскі дзядуля, для якога ўнукі былі найбольшым багаццем. Калі сабраў ён на радасцях за адным святочным сталом усіх сваіх нашчадкаў, калі ўчынілі  восем карапузаў шум і гоман (як пажартаваў дзед, праявілі сапраўдную згуртаванасць), тады маладыя бацькі зразумелі: галоўная радасць жыцця — у вялікай і дружнай сям’і.

Але паўстала пытанне, кім па веравызнанні павінна стаць дзіця. Як паслухмяная ўсходняя  жанчына, Наталля дала мужу права вырашаць самому. А той… палічыў, што ў сілу сваіх неглыбокіх ведаў аб мусульманстве  не зможа даць малой належнага рэлігійнага навучання. І дзяўчынку ахрысцілі ў праваслаўным храме з імем Ганна.

Дзея VI. Пераасэнсаванне

Праз два гады маладая сям’я вырашыла назаўсёды пераехаць у Беларусь.  Бацькі – усе разам – блаславілі іх на дарогу, але аказалася так, што  праз тры месяцы сям’я Наталлі прыехала ўслед за імі. Мусульманскія ж сваякі так і засталіся ва Узбекістане.

У Беларусі  Руслан неўзабаве адчуў некаторае адчужэнне ад ісламскай культуры і пачаў атаясамліваць сябе з новым асяроддзем. Стаў чытаць Евангелле і  іншую літаратуру, а ў 2016 годзе прыняў хрышчэнне з імем Кірыла – балючага пераходу з адной веры ў іншую не адчуў.

Сёння малады мужчына мае патрэбу рэгулярна хадзіць у  храм і спазнаваць усё глыбей асновы праваслаўнай веры.

– Думаю, што мой пераход з ісламу ў хрысціянства не стаў простай заменай аднаго светапогляду іншым, – дзеліцца патаемным Руслан-Кірыл. – Бо хрысціянства не вычэрпваецца аднымі метафізічнымі ўяўленнямі пра Бога.  Тут у кожнага жывы вопыт зносін з Творцам, свая размова з Ім.

Пра што была яго апошняя гутарка з Богам, я не пыталася. Магчыма, пра тое, каб людзі розных вераванняў і нацыянальнасцей жылі ў міры і згодзе, не ведаючы войнаў і боек, каб ісламскі тэрарызм, што ганьбуе веру  яго бацькі, назаўжды знік з твару зямлі. І каб кожны дзень дарыў людзям толькі радасць  і звонкі смех дзяцей.

Алена Зялевіч. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *