Суббота, 26 апреля 2025

Любоў і мара. Дырэктар Старавольскага СДК Наталля Дарошчанка — пра любімую работу і ўдзел у шоу «Х Factor»

1 686

У свой час яна паслухалася маму: схавала абвяшчэнне пра залічэнне на рэжысёрскую спецыяльнасць і стала эканамістам. Мяняліся месцы працы і пасады, але разуменне таго, што калісьці здрадзіла мары, не пакідала. Жыццё ўсё расставіла па месцах. Аднойчы Наталля Дарошчанка ўбачыла сон, а ў ім – сябе на сцэне. Праз пару месяцаў жанчыне прапанавалі ўліцца ў сям’ю культработнікаў. Сёння яна – дырэктар Старавольскага СДК.

Гісторыя нашага знаёмства з разраду тых, пра якія гавораць «калі Магамет не ідзе да гары, то гара ідзе да Магамета». З першага выпуску вакальнага праекта «Х Factor», імя пераможцы якога стане вядома ўжо заўтра, я стаў настойліва шукаць у ім землякоў. І вось яна ўдача! Наталля Барысаўна напісала мне сама са старонкі Старавольскага СДК у сацсетках. Аказалася, што яна і была адзінай у раёне ўдзельніцай прэстыжнага конкурсу вакалістаў. Заяўку і рэзюмэ адправіла яшчэ ў 2020-м, вельмі чакала адказу, сачыла за кастынгамі ў абласных цэнтрах. Пасля было зацішша з-за кавіду. Запрашэнне на праслухоўванне ў Брэст прыйшло 1 красавіка.

— Я адразу проста не паверыла. Думаю: першакрасавіцкі жарт. Але ўсё аказалася праўдай! Прыняла рашэнне ехаць: вельмі хацелася пачуць меркаванне прафесіяналаў наконт майго голасу, бо гэта – мой інструмент работы на канцэртах, — кажа Наталля і ўсміхаецца, бо калі дабіралася ў Брэст, яе… падвяла машына. Арганізатары сказалі, што будуць чакаць жанчыну ў любым выпадку. Дапамогу ў выратаванні аказаў сябар сына.

На кастынгу Наталля праспявала адну з самых любімых песень — «Любовь, похожая на сон» Алы Пугачовай. Яе выкананне ўразіла вядомую беларускую спявачку Аляксандру Гайдук.

— Як пасля аказалася, я выйшла ў тэлекастынгі, але для ўдзелу ў праекце трэба было адкласці ўсе справы ажно на тры месяцы. Гэтага зрабіць не магла: толькі-толькі паспяхова абараніла дыплом у Інстытуце культуры і пачала пісаць праграму Купалля, — дзеліцца эмоцыямі Наталля.

Ад запалу жанчыны даешся дзіву. Тое самае Купалле прайшло з вялікім размахам. Разам з жыхарамі аграгарадка культработнікі падрыхтавалі ажно сем абрадаў, і, відаць, зрабілі ўсё правільна, бо нават хмары, якія хадзілі вакол, выліліся дажджом у іншым месцы. Можа, яшчэ таму, што пры СДК дзейнічае кабінет этнаграфіі з унікальнымі артэфактамі сялянскага побыту?

Пасля была «Зарніца», на якую запрасілі вучняў гімназіі, «Баль кветак», калі дзеці прэзентавалі касцюмы з раслін, зробленыя сваімі рукамі, вялікі канцэрт да Дня маці… Зараз у СДК завяршаюцца рэпетыцыі навагодняй пастаноўкі «Снежная каралева»: прэм’ера ўжо ў нядзелю. А 30 снежня жыхароў і гасцей Стараволі запрашаюць на святочны канцэрт. Укараняе дырэктар у работу СДК новыя тэхналогіі: з мінулага года найбольш значныя канцэрты і пастаноўкі можна паглядзець у прамым эфіры на старонцы ў «Аднакласніках».

Яшчэ адзін накірунак СДК – рамесніцтва. Разам з культарганізатарам Юрыем Вакульскім дзеці вучацца майстраваць. Мы таксама палюбаваліся навагодняй кампазіцыяй, якая размесціцца каля СДК.

У канцы размовы прашу Наталлю Барысаўну спець – і са сцэны гучыць «Любовь, похожая на сон». У той момант разумееш, што ніякая іншая кампазіцыя лепш і глыбей не ахарактарызуе Наталлю, бо ў ёй, як і ў песні, у адзінае цэлае спалучыліся любоў да людзей, прафесіі, творчасці, якая ў выніку выліваецца ў любоў да жыцця і дазваляе дарыць радасць тым, хто побач.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік