Воскресенье, 14 июля 2024

Любоў Давідзенка невыпадкова з’яўляецца дырэктарам дзіцячай школы мастацтваў

349

За паўсядзённымі клопатамі часам пачынаем звыкацца з думкай, што ў нашым досыць прагматычным жыцці ўсё менш месца пакідаем для музыкі. Аднак з гэтым нязгодна дырэктар Ружанскай дзіцячай школы мастацтваў Любоў Давідзенка.

— І калі дапускаю такое стаўленне да прыгожага ў дарослых, то не варта дзяцей прымушаць да падобных думак, — зазначае Любоў Іванаўна.

Гэта не проста словы апантанага творчасцю чалавека, а пацверджаныя статыстыкай высновы. Сёння ў музычным аддзяленні Ружанскай ДШМ займаецца 78 вучняў, што можна лічыць рэкордам апошняга дзесяцігоддзя. Пры тым, што частка выхаванцаў прыйшла сюды самастойна, як кажуць, па закліку душы. Відавочна, што малыя схільныя да мастацтва, толькі не ўсе бацькі бачаць і разумеюць гэта.

Установай культуры ў пасёлку Любоў Давідзенка кіруе амаль паўтара дзесяцігоддзя. За такі тэрмін музычныя педагогі (сама Любоў Іванаўна — педагог па класе акардэона) выпусцілі больш за паўтысячы выхаванцаў. Практычна ўсіх тут памятаюць пайменна і сочаць за далейшым лёсам выпускнікоў. Некаторыя не адмовіліся ад музыкі, самі сталі выкладаць музычныя дысцыпліны. І хоць пераважная большасць выпускнікоў ДШМ працуе ў іншых сферах, «жыццё з музыкай» засталося назаўсёды.

А яшчэ сёлета тут адрадзіўся клас харэаграфіі, дзякуючы прыезду на працу маладога спецыяліста Аксаны Балашук. Што прыцягнула яшчэ больш жадаючых навучацца тут.

У выхаванцаў школы мастацтваў ёсць магчымасці і для самарэалізацыі. Як зазначае дырэктар установы, практычна штомесяц вучні прымаюць удзел у анлайн-конкурсах майстэрства ігры на баяне, акардэоне, скрыпцы, домры, цымбалах, вакальных выступленняў. Словам, усё, што вывучаецца ў тэорыі, можна замацоўваць на практыцы, атрымліваючы за гэта ўзнагароды. У дадатак калектывы вучняў і педагогаў музычнай школы ладзяць уласныя канцэрты, наведваюць з выступленнямі іншыя ўстановы адукацыі і культуры, прымаюць удзел у пасялковых мерапрыемствах, рэгулярна зрываючы апладысменты ўдзячных гледачоў.

— Таму не гасіце агонь творчасці ў нашых дзецях. Часам яго нават не трэба падтрымліваць, проста не перашкаджаць ім расці душэўнымі людзьмі, што вельмі патрэбна цяперашняму грамадству, — заклікае Любоў Іванаўна.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік