Пятница, 14 февраля 2025

Любите цветы? Примите участие в конкурсе!

768

Вы даўно любаваліся першымі цюльпанамі і нарцысамі? А можа, ужо зараз зачароўваецеся ірысамі? Яшчэ крыху — і вашу ўвагу прыцягнуць півоні і ліліі, пазней – ружы, астры, вяргіні… Пералік цудоўных кветак, якія цвітуць з ранняй вясны да позняй восені, можна доўжыць бясконца. А калі ўзгадаць, як яны выглядаюць у кампазіцыі з дэкаратыўнымі раслінамі? Сузіранне ўсяго гэтага хараства захапляе і напаўняе радасцю, дорыць пазітыў і жаданне жыць і тварыць.


І такую душэўную “падзарадку” можна атрымаць не залежна ад пары года, усяго толькі азірнуўшыся навокал. Насамрэч, аматараў, якія захапляюцца кветкамі і вырошчваюць іх, нямала. Дык чаму б іх не заахвоціць за такую добрую справу, дзякуючы якой упрыгожваецца наваколле і ў людзей уздымаецца настрой?


З такой ініцыятывай выступіла мясцовая ўлада і аб’явіла штогадовы раённы агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне, санітарны стан і кветкавае афармленне тэрыторый Пружанскага раёна. Ён праводзіцца з мэтай актывізацыі і ўдасканалення работы па добраўпарадкаванні тэрыторый і фасадаў будынкаў, азеляненні, кветкавым, а таксама вячэрнім светлавым афармленні тэрыторый раёна.


У аглядзе-конкурсе, які будзе праводзіцца з 29 ліпеня па 5 верасня, могуць удзельнічаць як арганізацыі розных формаў уласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі, так і асобныя жыхары нашага горада і раёна.

Агляд-конкурс праводзіцца па наступных намінацыях:
*лепшая арганізацыя сельскагаспадарчай галіны;
*лепшая арганізацыя будаўнічай і дарожнай галін, энергетычнага комплексу і жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
*лепшая арганізацыя прамысловасці, лясной гаспадаркі, транспарту, сувязі, гандлю і сферы паслуг;
*лепшая ўстанова сацыяльнай сферы, лепшы дзяржаўны орган;
*лепшы суб’ект прыватнага прадпрымальніцтва;
*лепшая прыдамавая тэрыторыя аднакватэрных жылых дамоў;
*лепшая прыдамавая тэрыторыя шматкватэрных жылых дамоў.

Для арганізацыі і правядзення агляду-конкурсу распараджэннем старшыні райвыканкама створана камісія, якая пры падвядзенні вынікаў будзе ўлічваць шматлікія крытэрыі. А гэта: утрыманне ў належным парадку пабудоў (ці своечасова праведзены рамонт, пафарбаваны фасады і агароджы, ці ёсць элементы безбар’ернага асяроддзя), наяўнасць светлавой дэкаратыўнай падсветкі, добраўпарадкаванне пад’язных шляхоў і месцаў адпачынку, ну, і вядома, разнастайнасць элементаў азелянення і кветкава-дэкаратыўнага афармлення. Таксама будзе ўлічвацца наяўнасць ландшафтных кампазіцый і так званых малых архітэктурных формаў, наогул, знешні выгляд зямельнага ўчастка, які, бясспрэчна, упрыгожаць кветкі.


У кожнай намінацыі будзе вызначана па тры прызавыя месцы. Пераможцы агляду-конкурсу ў кожнай намінацыі будуць узнагароджаны адпаведнымі дыпломамі і грашовымі прэміямі:
за першае месца – у памеры 5 базавых велічынь,
за другое месца – у памеры 3 базавых велічынь,
за трэцяе месца – у памеры 2 базавых велічынь.

Аднак, не чакаючы падвядзення вынікаў конкурсу, пра лепшыя прыклады добраўпарадкавання і кветкавага афармлення будзе расказваць і паказваць у фотаздымках наша раённая газета. Калі вам, паважаныя чытачы, самім ёсць што расказаць пра прыгажосць каля жылога дома ці адміністрацыйнага будынка, не лянуйцеся патэлефанаваць у рэдакцыю і падзяліцца адрасам. Мы зробім здымкі, якія затым убачаць не толькі чытачы ў газеце, але і на сайце нашай “раёнкі”, групах у сацыяльных сетках. Пра дбайных гаспадароў і прыгожыя вынікі іх работы па азеляненні і кветкавым афармленні павінны ведаць усе!

Падрыхтаваў Кастусь Свідуновіч, студэнт факультэта журналістыкі БДУ.