Среда, 17 декабря 2025

Любімы рок на фестывалі «Сонцастаянне» ў Пружанах

892

Крыху больш за месяц засталося да таго дня, калі ў Пружанах паветра ўскалыхнецца моцнымі гукамі якаснай рок-музыкі, калі на дзвюх сцэнічных пляцоўках выступяць сусветныя і беларускія зоркі такой сур’ёзнай, брутальнай і неўміручай музычнай плыні. Усё будзе рок!

На днях, вяртаючыся з запісу інтэрв’ю на канале «Беларусь 4. Брэст», у Пружаны завітаў суарганізатар рок-фестывалю «Сонцастаянне» Дзмітрый Ракусаў . Нагадаем, што арганізатарам фестывалю з’яўляецца Брэсцкая абласная філармонія пры падтрымцы кіраўніцтва Пружанскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.

Дзмітрый заехаў да нас, каб ацаніць будучую музычную і тусовачную пляцоўку і адказаць на пытанні.

Забягаючы наперад, скажу, што ў гэты раз да нас завітаюць такія сусветныя славутасці, як групы «Чайф», «Аліса», «Крэматорый», «Арыя», «Сурганава і аркестр», XOLIDAYBOY, Вячаслаў Бутусаў («Наўтылус Пампіліус»), а таксама некалькі замежных зорак: Nazareth, Graham Bonnet+Joe Lynn Turner (Ex-Rainbow). Магчыма, што гэты спіс яшчэ папоўніцца.

Вось што Дзмітрый Ракусаў расказаў пра асаблівасці фестывалю «Сонцастанне-2025»:

— Галоўная асаблівасць фестывалю ў тым, што ён складаецца з якаснай рок-музыкі і такіх жа калектываў. У гэтым годзе мы будзем радаваць гледачоў групамі, якія прыедуць да нас з заходніх краін, Расіі. Здзіўляючым будзе тое, што ў гарадскім парку ўстановім яшчэ адну сцэну, толькі меншых памераў, на якой выступяць айчынныя рок-калектывы. Яны звярнуліся да нас з просьбай паўдзельнічаць у рок-фестывалі. Такую магчымасць мы ім прадставілі. Так што на працягу дзвюх дзён, а гэта 27-28 чэрвеня, Пружаны стануць сталіцай якаснага року. Пакуль раскрыць імёны айчынных рок-музыкантаў, якія прымуць удзел у фестывалі, не магу. Няхай гэта будзе сюрпрызам для меламанаў. Скажу адно, што за ўсталяванне малой сцэны і выступлення на ёй груп адказвае наш партнёр — ТРК «Мір».

— Акрамя асалоды ад якаснай музыкі, будзе чым яшчэ заняцца гасцям фестывалю?

— Сёлета мы папрацавалі над памылкамі мінулага года, таму зробім больш палатачных гарадкоў, крыху павялічым галоўную сцэну, паставім яшчэ адзін дадатковы экран у парку. У нас будзе эка-вёска з кантактным заапаркам, мясцовай пружанскай кухняй, дзе будзем частаваць нашых гасцей. Зробім кулінарнае шоу. На спартыўным аўтамабілі выступіць Аляксандр Радкавец, які паказыча нервы гледачам дрыфтам. Дарэчы, Аляксандр родам з Брэстчыны.

— Ці лёгка было запрашаць зорак рок-музыкі на фестываль?

— У гэтым напрамку зроблены вялікі аб‘ём работы. Спісам патрэбных нам выступоўцаў пачалі займацца адразу пасля завяршэння фестывалю 2024 года. Калі шукаеш добрых выканаўцаў, то разумееш, што гастрольны графік многіх з’яўляецца даволі шчыльным. Пры перамовах трэба прывесці такія аргументы, каб зацікавіць прыехаць менавіта на наш фестываль у Пружаны.

Асвятляць фэст прыедзе вялікая колькасць журналістаў, блогераў.

— Ці ёсць перспектыўная будучыня ў гэтага рок-фестывалю?
— Безумоўна. Мы разлічваем яго зрабіць штогадовым. Для гэтага ажыццяўляецца многае. Вы самі можаце прачытаць нашы артыкулы, прысвечаныя фестывалю, пабачыць выступленні арганізатараў і суарганізатараў. У аргкамітэце працуе вялікая і даволі сур’ёзная каманда прафесіяналаў сваёй справы. Перспектыва музычнага фэсту даволі добрая. Мы жадаем, каб Пружаншчына развівалася і далей!

Віктар Ільюшчанка.