Понедельник, 16 сентября 2024

Любіць сваю працу і аддае ёй усю душу асемянатар малочнатаварнага комплексу з «Велікасельскага Агра» Святлана Намазава

300

Толькі разам і толькі наперад! Нічога сабе такі дэвіз. І прымяніць яго можна як у жыцці кожнага асобнага чалавека, якому дапамогу аказваюць родныя і блізкія, скіроўваюць на шлях адзіна правільны, жадаюць яму шчасця і дабра, так і непасрэдна на рабочым месцы. Паспрабуй, напрыклад, у сельскай гаспадарцы дамагчыся выніку самастойна, без сапраўдных памочнікаў, аднадумцаў, якія заўсёды падтрымаюць цябе, выкажуць слушную параду і не дакорам, а словам добрым заўсёды будуць сустракаць на працы і праводзіць з яе. Менавіта такім чынам пабудаваны ўзаемаадносіны і на
МТК «Вялікае Сяло № 2» на 720 галоў, які размяшчаецца ў ААТ «Велікасельскае Агра»
.

МТК «Вялікае Сяло № 2» ААТ «Велікасельскае Агра» разлічаны на 720 галоў.

На комплексе ўсе — ад начальніка да жывёлаводаў — заняты адной справай — павышэннем надояў і, канечне, якасці малака. А калі ўзяць у развагу, што дадзеная гаспадарка з’яўляецца прадпрыемствам малочнай накіраванасці і рэалізацыя малака прыносіць асноўны даход таварыству, то і работа ў гэтай галіне павінна быць наладжана на самым высокім узроўні. І гэта не проста гучныя словы, а ўзаемасувязь дабрабыту роднай гаспадаркі і ўласнага. І ўсё, як паказваюць лічбы, у працаўнікоў МТК атрымліваецца, работа адладжана, кожны на сваім месцы, пры сваёй справе. Мяркуйце самі: за мінулы год па надоях малака на карову занялі першае месца не толькі ў сельгаставарыстве, а і ў раёне — 10573 кг, сплюсавалі на 155 кг. Пры гэтым валавая вытворчасць малака склала 7801040 кг (102,1% да 2022 года). І, канечне, за дадзенымі паказчыкамі стаіць руплівая праца людзей, якія сумленна ставяцца да сваіх абавязкаў, душой хварэюць за сваіх рагуль. Разумеюць: у доглядзе жывёлы, па сутнасці, не можа быць выхадных, тут нельга дапускаць нядбайнасці і абыякавасці.

Святлана Намазава на сваім рабочым месцы і пры любімай справе.

Такім чалавекам і з’яўляецца асемянатар малочнатаварнага комплексу Святлана Намазава, якая верай і праўдай шчыруе ў прафесіі з 2011 года. А да гэтага была і праца даяркай у гаспадарцы, і трынаццаць гадоў ў школе ў в. Бакуны-2. І сапраўды, не месца ўпрыгожвае чалавека, а наадварот. Проста чалавек, які жыве дзеля родных, сваёй работы, а значыць, дабрабыту сваёй краіны, — словы пра Святлану Іванаўну. Не галаслоўнасць, а так сцвярджаюць калегі. І дарагога каштуе, калі так гавораць людзі, а не ты сам пра сябе думаеш.

Ды і чаму, скажыце, не паважаць Святлану Намазаву?! Справу сваю ведае, не проста ходзіць на працу, а душу ёй аддае. Дарэчы, добрым настаўнікам у асваенні прафесіі для жанчыны быў муж Жаўкон Абдушукуравіч, які адпрацаваў асемянатарам у ААТ «Велікасельскае Агра» 35 гадоў! Вось у каго сапраўды можна было вучыцца, пераймаць вопыт і тонкасці дадзенай работы.

Святлана Намазава ўжо даўно прыкіпела да сваёй работы і «Велікасельскага Агра».

І пераняла, і не сорамна паказаць рэзультат. А ён ёсць: напрыклад, выхад цялятак у 2023 годзе пасля асемянення ў Святланы Намазавай склаў 77%, не кожны комплекс у раёне можа пахваліцца такім вынікам. І яшчэ адно: ад таго, ці будзе пакрыта карова, напрамую залежаць і добрыя надоі. Атрымліваецца, што рукі ў нашага асемянатара калі не залатыя, то працавітыя, якія не баяцца запэцкацца ў брудзе.

Каб сям’ю Намазавых ніколі не пакідала шчасце, на тварах заўсёды ззяла ўсмешка і быў спакой на душы за сваіх родных.

Работа не з лёгкіх, але і адпачываць таксама патрэбна. Для Святланы Іванаўны найлепшы адпачынак — гэта клопаты аб сваіх родных. Разам з мужам паднялі на ногі сыноў Івана і Закіра, дачку Наргізу. Бусел чатыры разы прыносіў унукаў, якія радуюць бабулю з дзядулем сваімі прыездамі і ўсведамленнем, што род працягваецца, значыць, усё будзе добра і спакойна. Пра што забылі? Пра асабістую гаспадарку. Чакаюць сабачка і коцік, квохчуць куры і рохкаюць свінні. І кожная істота чакае ўвагі і ласкі. А яшчэ для душы Святлана Намазава аздобіла дом пакаёвымі кветкамі, у свабодную часіну займаецца вязаннем, хаця вольных мінут не так ужо ў жанчыны і многа. Але на гэтую акалічнасць не скардзіцца, бо для яе рух — гэта і ёсць сапраўднае жыццё.

Застаецца адно: пажадаць усім добрым людзям гэтак жа радавацца кожнаму пражытаму дню, бачыць толькі лепшае наперадзе, жадаць усім здароўя і шчасця, як гэта робіць Святлана Іванаўна. Няхай будзе так!

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік і з архіва сям‘і Намазавых