Суббота, 13 апреля 2024

Любіць лясную справу ўсёй душой ветэран працы Уладзімір Барысевіч, які прымаў віншаванні з 90-годдзем

273

Свой 90-гадовы юбілей адсвяткаваў ветэран працы і былы галоўны інжынер Пружанскага лясгаса Уладзімір Іванавіч Барысевіч. Чалавек, які любіў сваю працу душою і быў адданы ёй да апошняга працоўнага дня.

У гэты аўторак да юбіляра ў госці з віншаваннямі завіталі прадстаўнікі Пружанскай лесагаспадарчай установы ў асобах дырэктара Віктара Карніенкі і намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ірыны Раманюк, якія ўручылі ветэрану працы падарунак.

Наш юбіляр нарадзіўся ў вёсцы Крыніца Пружанскага раёна. Гады дзяцінства выдаліся вельмі цяжкімі, бо прыпалі на час Вялікай Айчыннай вайны. Яе страшныя падзеі засталіся ў памяці Уладзіміра Іванавіча, ды ён не вельмі хоча іх успамінаць… А вось калі гутарка зайшла пра лясгас, імяніннік ажывіўся.

— Я да гэтага часу цікаўлюся справамі ў Пружанскім лясгасе. Заўсёды хочацца даведацца, што там у іх новага, і ў якім напрамку ідзе развіццё арганізацыі. Увогуле цікаўлюся навінамі ў лясной галіне, шмат свежай інфармацыі атрымліваю з «Лясной газеты», якая прыходзіць мне кожны чацвер, — расказвае Уладзімір Іванавіч.

Сказаць, што гэта працавіты, рознабаковы чалавек, можна было б па адной толькі яго працоўнай кніжцы: настолькі яна багатая на запісы. І гэта не таму, што Уладзімір Іванавіч па сваёй волі мяняў месцы працы, а таму, што быў вельмі важным звяном у сваёй арганізацыі, паднімаўся па кар’ернай лесвіцы ўверх, дамагаючыся добрага выніку на кожнай прыступцы свайго прафесійнага росту.

Працоўны шлях у лясной галіне Уладзімір Іванавіч Барысевіч пачынаў на пасадзе бухгалтара Шарашоўскага лясніцтва. Праз невялікі прамежак часу стаў эканамістам лясгаса. Пазней быў начальнікам цэха, інжынерам па тэхніцы бяспекі, інжынерам па лесанарыхтоўках і, нарэшце, галоўным інжынерам. Уладзімір Іванавіч з радасцю дзяліўся ўспамінамі аб тым цудоўным часе, калі жыў працай і здабываў новых сяброў і знаёмых, з якімі вырашалі пастаўленыя кіраўніцтвам задачы.

— Гэта зараз дрэваапрацоўчы цэх Пружанскага лясгаса знаходзіцца ў вёсцы Слабудка. А ў той час, калі працаваў я, наш асноўны цэх размяшчаўся ў в. Бярозаўцы. Ён пачынаў будавацца пры мне. Працэс гэты быў складаным і няхуткім. Але затое, калі яго пабудавалі, працоўныя месцы атрымала вельмі шмат людзей — як з бліжэйшых вёсак, так і з саміх Пружан, — расказвае Уладзімір Іванавіч. — У той час адначасова з арганізацыяй вытворчасці будавалася і сама вёска Бярозаўка: там з’яўляліся дамы для кіруючага складу цэха. А для работнікаў наладжвалася дастаўка транспартам да месца працы.

Як успамінае юбіляр, у цэху ажыццяўлялася распілоўка піламатэрыялаў, а затым іх струганне.

— Таксама ў нас быў цэх па вытворчасці іглічна-вітаміннай мукі. Адзін з вытворчых цэхаў знаходзіўся ў Шарашэве, — працягвае ўспамінаць Уладзімір Іванавіч. — Перапрацаваная драўніна рэалізоўвалася на ўнутраным рынку. Пасля мы пачалі супрацоўнічаць з замежнымі фірмамі і адпраўляць драўніну на экспарт. Таму аб’ём працы быў дастаткова вялікі.

Пра тое, што Уладзімір Барысевіч сапраўды заслужаны работнік лесу, кажа і колькасць узнагарод і падзяк, якімі ён быў заахвочаны за час сваёй працы. Былы галоўны інжынер быў занесены і на дошку гонару, а таксама ўзнагароджаны медалём «Ветэран працы».

Калі гаворка зайшла аб тым, ці не шкадуе 90-гадовы юбіляр, што практычна ўсё сваё працоўнае жыццё аддаў лясной гаспадарцы, ён упэўнена адказаў: «Ні ў якім разе». Пасля гэтых слоў стала адразу зразумела, што чалавек вельмі любіў сваю работу. Пра гэта гаворыць і тое, што Уладзімір Іванавіч працягваў працаваць у Пружанскім лясгасе і пасля выхаду на пенсію, а на заслужаны адпачынак пайшоў толькі ў 71 год, пакінуўшы пасля сябе прыкметны след у арганізацыі.

— Сёння з нагоды юбілею мяне павіншавала шмат людзей, у тым ліку і тыя, з кім разам працавалі ў лесагаспадарчай установе. Прыемна было чуць кожнага!

Да віншаванняў юбіляра, які тварыў гісторыю Пружанскага лясгаса, далучыўся ўвесь калектыў гэтай установы з пажаданнямі моцнага здароўя, аптымізму, бадзёрасці, любові ад блізкіх і родных людзей.

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік