Суббота, 14 декабря 2024

Лён пасееш — золата збярэш. ААТ “Пружанскі льнозавод” завяршыў сяўбу

1 156

Лён для беларусаў – не проста сельгаскультура. Гэта сапраўдны сімвал краіны. З ільну нашы продкі спакон веку ткалі вопратку, рабілі прадметы побыту і нават цацкі для дзетак. Колер валасоў беларусаў часта менавіта льняны, і нават герб нашай краіны ўпрыгожваюць блакітныя кветачкі льну.
Летам такімі кветачкамі заззяюць і палеткі ААТ “Пружанскі льнозавод”. А на гэтым тыдні прадпрыемства толькі завяршыла сяўбу “паўночнага шоўку”.


Сёлетняя пасяўная кампанія на льнозаводзе пачалася 31 сакавіка – крыху пазней, чым у мінулыя гады. Прычына таму – зімовы сезон, які на гэты раз нечакана зацягнуўся і быў па-сапраўднаму халодным. Лён жа любіць хаця і вільготную, але цёплую глебу. Як удакладняе намеснік дырэктара Д.М.Жогал, усяго прадпрыемства засявае лёнам 2840 га. Акрамя палеткаў, размешчаных на Пружаншчыне, у гэтую лічбу ўваходзіць яшчэ 125 га ў Кобрынскім і 150 — у Бярозаўскім раёнах.


Штодзень на палеткі выходзіць каля 30 вадзіцеляў і механізатараў. Надзейны памочнік – тэхніка, якую не перастаюць абнаўляць. Акурат перад пасяўной быў набыты новы трактар “Джон Дзір 8320” і пасяўны агрэгат.

Па словах Дзмітрыя Мікалаевіча, на палях прадпрыемства падчас сяўбы шчыруе ўжо дзевяць такіх агрэгатаў. План на дзень немалы – засеяць не менш за 350 га. І работнікі прадпрыемства яго выконваюць. Больш за тое, па стане на 9 красавіка сяўба завершана практычна на 100% плошчаў.


— Ад таго, як спрацуем зараз, залежыць работа прадпрыемства ў бліжэйшы год, заработная плата супрацоўнікаў ды і ў цэлым прэстыж ільнозавода. Наша прадукцыя адпраўляецца на Аршанскі льнокамбінат, у Кітай, В’етнам, Расію, краіны Еўропы. І ўсе адрасаты зацікаўлены ў якаснай сыравіне. Каб сабраць золата, трэба закласці добры падмурак – не толькі насенне, але і якасныя ўгнаенні. Таму мы старанна працуем далей, — кажа Дзмітрый Мікалаевіч.
На здымку: адказны за якасць сяўбы механізатар Юрый Бушко.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).