Среда, 15 января 2025

Лёгкаатлеты пружанскай ДЮСШ №1 вярнуліся з узнагародамі з міжнароднага турніру

299

Пакуль звычайныя пружанцы заканчвалі мінулы працоўны тыдзень і рыхтаваліся да выхадных, лёгкаатлеты ДЮСШ № 1 г. Пружаны абаранялі гонар Пружанскага раёна. Яны паспяхова выступілі на 67-м Міжнародным турніры па лёгкай атлетыцы памяці Дзмітрыя Карбышава.

Спаборніцтвы штогод праходзяць у Брэсце. Іх удзельнікамі на гэты раз сталі спартсмены двух узроставых катэгорый: 2008—2009, а таксама 2009—2010 гадоў нараджэння з Расіі і Беларусі.

Па выніках турніру ў выхаванцаў ДЮСШ № 1 г. Пружаны пяць узнагарод. Дзве з іх заваяваў Анатоль Хоміч. Нагадаем, што ён — чэмпіён і прызёр ІІ Гульняў краін СНД, а таксама леташні чэмпіён Міжнароднага турніру памяці Карбышава. Сёлета ў Анатоля, які змагаўся сярод юнакоў 2008—2009 г.н., бронзавыя ўзнагароды ў кіданні дыска (вынік — 46.09 м) і штурханні ядра. Спартсмен адправіў яго на 17.30 метраў. Трэнер Анатоля Хоміча — Яўген Данцоў.

Яшчэ адна яго падапечная Валерыя Гарустовіч таксама паспяхова выступіла ў спаборніцтвах па кіданні дыска сярод дзяўчат 2010—2011 г.н. Снарад яна адправіла на 26.27 метраў — і гэта бронзавы медаль Міжнароднага турніру.

Таксама на трэцюю прыступку п’едэстала па выніках спаборніцтваў па штурханні ядра сярод дзяўчат 2010—2011 г.н. з вынікам 11.03 метры ўзнялася Ганна Кардзіс. Дапамагла спартсменцы дасягнуць такіх вынікаў трэнер Карына Карпеш.

І, нарэшце, пра самае прыемнае! Абсалютная чэмпіёнка і пераможца турніру ў бегу на 1000 метраў сярод дзяўчат 2010—2011 г.н. — спартсменка ДЮСШ № 1 г. Пружаны Валянціна Патоцкая. Кіламетровую дыстанцыю дзяўчына, якая трэніруецца пад кіраўніцтвам Анастасіі Пузаванай, пераадолела за 3 мінуты 05.4 сек.

Радуемся поспехам пружанскіх атлетаў і жадаем пакарэння новых міжнародных вяршынь!

Уладзіслаў Шпарла

Фота прадастаўлена ДЮСШ № 1 г. Пружаны