Вторник, 22 апреля 2025

Лясны напой вясны

328
На здымку: начальнік лесапункта Аляксандр Лапіцкі кантралюе працэс збору бярозавага соку ў Гарадзечненскім лясніцтве.

З пачатку мінулага тыдня ў Пружанскім лясгасе пачаўся актыўны збор бярозавага соку.

Нарыхтоўка бярозавіку з’яўляецца традыцыйным відам дзейнасці ўсіх лесагаспадарчых устаноў нашай рэспублікі. Не выключэнне і Пружанскі лясгас, які штогод збірае і рэалізуе немалыя аб’ёмы гэтага натуральнага прадукту, як розным прадпрыемствам, так і насельніцтву.

– У кожным лясніцтве падсочана ад 350 да 600 дрэў бярозы. Нашай лесагаспадарчай установай ужо рэалізавана больш як 70 тон гэтага прыроднага эліксіру. А пры спрыяльных умовах надвор’я плануецца павялічыць лічбу да 300. Акрамя насельніцтва нашымі асноўнымі спажыўцамі з’яўляюцца такія прадпрыемствы, як Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат, Мінскі завод безалкагольных напояў і «фірма АВС», — адзначыў начальнік лесапункта Аляксандр Лапіцкі.

Што да насельніцтва, то кожны жадаючы можа набыць гэты карысны напой у любым з лясніцтваў Пружанскага лясгаса. Інфармацыю аб месцазнаходжанні дзялянак і наяўнасці гатовых аб’ёмаў можна ўдакладніць, патэлефанаваўшы ў бліжэйшае падраздзяленне. Ды і кошт на гэты натуральны прадукт вельмі «салодкі» – 0,185 руб. за 1 літр.

Самастойна весці збор гэтага прыроднага эліксіру забараняецца. Згодна з ч. 1 арт. 16.19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, незаконны збор соку цягне накладанне штрафу да 20 базавых велічынь, на прыватнага прадпрымальніка — да 100 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — да 500 базавых велічынь.

Руслан Басак. Фота аўтара