Среда, 30 апреля 2025

Лядовыя баталіі

674

На мінулых выхадных у Лядовым палацы горада Пружаны адбыўся захапляльны матч паміж аматарскімі хакейнымі камандамі «Авангард» (г. Пружаны) і «Партызан» (г. Брэст). Бітва на лёдзе прайшла ў напружанай і ажыўленай атмасферы, сабраўшы немалую колькасць гледачоў на трыбунах.

Для пружанскіх аматараў гульні ў хакей падобныя пераднавагоднія матчы сталі ўжо традыцыяй. Трэці год запар арганізуюцца паядынкі з рознымі камандамі, захоўваючы свае спартыўныя традыцыі.

Гэты ж матч падарыў гледачам мноства закінутых шайбаў і завяршыўся перамогай калектыву «Авангард» з лікам 10:8. Галамі ў складзе нашай каманды адзначыліся: Ілья Засім, Дзмітрый Сіцянкоў, Аляксей Раманчук, Аляксандр Хайко, Ілья Ільяшэвіч, Дзяніс Цанда і Арцём Супрун.

Усе ўдзельнікі гульні атрымалі медалі, а пераможца быў узнагароджаны яшчэ і кубкам ад СДЮШАР № 2 г. Пружаны. Гэты матч стаў сімвалам спартыўнага сяброўства, пакінуўшы яркія ўспаміны для ўсіх удзельнікаў і гледачоў падзеі, умацаваўшы традыцыю навагодніх хакейных паядынкаў у нашым горадзе.

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік