Суббота, 12 октября 2024

Лукашэнка звярнуўся да ўкраінцаў: у сённяшніх няпростых умовах неабходна размаўляць на мове міру

19

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Украіны з Днём Незалежнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

«На беларускай зямлі заўсёды з асаблівай павагай і цеплынёй ставіліся да сардэчнага і працавітага народа Украіны. На працягу доўгага часу нашы нацыі знаходзілі сілы ў адзінстве, дзялілі радасць і гора, прытулак і хлеб, разам пераадольвалі нягоды і ганарыліся сваімі поспехамі. Нас аб’ядноўваюць не толькі агульны лёс і роднасныя сувязі, але і імкненне дружыць і ладзіць з суседзямі», — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў сённяшніх няпростых умовах не толькі магчыма, але і неабходна размаўляць на мове міру дзеля цяперашняга і будучых пакаленняў славянскіх народаў. «Іншай альтэрнатывы няма, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Беларусь са свайго боку прадоўжыць рабіць усё магчымае для як мага хутчэйшага забеспячэння бяспекі ў рэгіёне».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў жыхарам Украіны мірнага неба і грамадзянскай згоды, дабрабыту іх шчодрай краіне, з’яднанасці сем’ям.

БЕЛТА