Прэзідэнт Беларусі, старшыня Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка па селектарнай сувязі заслухаў даклад намесніка старшыні УНС Аляксандра Косінца і начальніка сакратарыята Валерыя Міцкевіча. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У развіццё праведзенага 24-25 красавіка першага пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу беларускі лідар паставіў шэраг задач, абазначыўшы галоўныя пытанні, над якімі неабходна працаваць у рамках новага канстытуцыйнага органа.
Па-першае, Аляксандр Лукашэнка даручыў выбудаваць сістэму работы з дэлегатамі УНС па вертыкалі «Старшыня — намеснік — сакратарыят — дэлегаты УНС». У склад сходу ўваходзяць каля 1,2 тыс. дэлегатаў. Гэта людзі самых розных сацыяльных груп, уключаючы дэпутатаў мясцовых Саветаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. «Сістэма работы з імі павінна быць выбудавана, — так Прэзідэнт абазначыў адну з галоўных задач. — Не ад сходу да сходу, а на пастаяннай аснове, уключаючы інфармаванне дэлегатаў, зваротную сувязь, графік сустрэч і гэтак далей».
Задача нумар два — выбудоўванне структуры для арганізацыі работы УНС. Яна павінна быць мінімальнай, але, безумоўна, эфектыўнай. У сувязі з тым, што асноўны орган, які займаецца арганізацыйнай работай УНС, — яго сакратарыят — будзе малалікім, пастаўлена задача арганізаваць сістэму ўзаемадзеяння з дзяржорганамі, губернатарамі, мясцовымі органамі ўлады, суб’ектамі грамадзянскай супольнасці.