Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня падпісаў указ нумар 222, якім зацверджаны тэкст прысягі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і парадак яе прынясення асобамі, якія сталі грамадзянамі Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакументам таксама ўстаноўлены пералік асоб, якія вызваляюцца ад прынясення прысягі. Адначасова вызначана працэдура ўнясення кіраўніку дзяржавы матэрыялаў аб страце грамадзянства за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь асобамі, якія знаходзяцца за межамі краіны.
Указ распрацаваны ў мэтах рэалізацыі апошніх змяненняў закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь».