Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае пляцоўку комплекснай рэканструкцыі забудовы ТАА «Мінскі гарадскі тэхнапарк», паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з ходам рэканструкцыі пляцоўкі. Але чакаецца, што размова будзе больш шырокая — у цэлым аб завяршэнні будаўніцтва праблемных аб’ектаў у Мінску.
Тут жа Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца з работай ТАА «Мінскі МотаВелаЗавод», яму даложаць аб пашырэнні наменклутары выпускаемых вырабаў і перспектывах развіцця прадпрыемства ў новых умовах.
Як паведамлялася БЕЛТА, мінулы раз кіраўнік дзяржавы наведваў мотавелазавод і тэрыторыі ў Мінску, якія некалі займала прадпрыемства, у сакавіку 2021 года. «Трэба зрабіць па-дзяржаўнаму, па-народнаму. Трэба па-гаспадарску падысці да гэтай тэрыторыі. Гэта залатое дно. Але ніякага жылля. Тут павінна быць вытворчасць, і высокатэхналагічная вытворчасць», — падкрэсліў тады кіраўнік дзяржавы. — Калі ласка, арандуйце і прадавайце прадукцыю на экспарт. І тут, у цэнтры Мінска, з задавальненнем прыйдуць людзі і будуць працаваць».
Тады ж у якасці варыянта выкарыстання тэрыторыі абмяркоўвалася размяшчэнне тут Мінскага гарадскога тэхнапарка ў сувязі з тым, што значная частка тэрыторыі «Мотавела» не выкарыстоўвалася. Частка будынкаў патрабавала рамонту, рэканструкцыі, а часам і зносу. Планавалася, што пасля выканання ўсіх работ на пляцоўцы, навядзення парадку і ўводу ў эксплуатацыю незадзейнічаных плошчаў, доля вытворчых памяшканняў павінна ўзрасці да 70 працэнтаў, арганізацый сферы лагістыкі і паслуг — 20 працэнтаў, а яшчэ 10 працэнтаў збіраліся выдзеліць пад грамадскую зону.
«Трэба зрабіць узорны тэхнапарк і па яго ўзоры развіваць у іншых гарадах і месцах, — сказаў беларускі лідар. — У цэнтры горада мы захаваем гэту пляцоўку як вытворчую, але чыстую. Тут не будзе ні ліцця, ніякіх нафтапрадуктаў, гэта будзе чыстая пляцоўка. І другая асаблівасць гэтай пляцоўкі тэхнапарка будзе ў тым, што гэта будзе выключна вытворчасць. Ніякіх пасрэднікаў і нават ніякага гандлю, за выключэннем толькі, калі тут будуць базіравацца людзі, якія будуць гандляваць прадукцыяй на экспарт».
Асобныя даручэнні ў сакавіку 2021 года былі дадзены і адносна перспектыў мотавелазавода. «У гэтай пяцігодцы мы павінны мець суперузорную вытворчасць на гэтай пляцоўцы, і мотавелазавод застанецца такім жа брэндам для беларусаў, як некалі быў. Мы павінны ўсё зрабіць, каб атрымаць добрую вытворчасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Пытанне нумар адзін для цябе — не толькі аднаўленне вытворчасці і яе падваенне, а лакалізацыя, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да дырэктара мотавелазавода Мікалая Ладуцькі.