Понедельник, 21 апреля 2025

Лукашэнка: Венесуэлу вельмі паважаюць у свеце за мужнасць і стойкасць у адстойванні суверэнітэту і незалежнасці

23

Венесуэлу вельмі паважаюць у свеце за мужнасць і стойкасць у адстойванні суверэнітэту і незалежнасці. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Венесуэлы па пытаннях планавання, міністрам планавання Рыкарда Менендэсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«За мінулыя гады ў свеце адбыліся значныя змяненні. Адна з асноўных і вельмі яркіх падзей — гэта вашы суверэнітэт і незалежнасць. Вы малайцы, вы адстаялі краіну. Цяперашняе пакаленне венесуэльцаў будзе дзякаваць заўсёды — вы абаранілі краіну, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы процістаялі ўсім і выстаялі». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Венесуэла і цяперашняе пакаленне палітыкаў краіны сёння маюць найвялікшую павагу ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, за мужнасць і стойкасць у адстойванні суверэнітэту і незалежнасці.

У сваю чаргу Рыкарда Менендэс падзякаваў за магчымасць сустрэчы і перадаў Аляксандру Лукашэнку ад Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры цёплыя прывітанні і словы захаплення беларускім народам. «Мы вельмі любім і захапляемся Беларуссю. У свой час Уга Чавес навучыў нас любіць і захапляцца Беларуссю і яе народам. І размова ідзе не толькі аб гістарычным гераічным мінулым вашай краіны, але і аб вашым бачанні будучыні, — сказаў віцэ-прэзідэнт. — Як адзначыў Прэзідэнт Мадура, і Беларусь, і Венесуэла з’яўляюцца архітэктарамі новага свету, развіваюць палітыку міру, дзе няма месца ні санкцыям, ні агрэсіі».

Рыкарда Менендэс таксама перадаў прапанову Нікаласа Мадуры аб арганізацыі сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы для абмеркавання актуальнага парадку дня і перспектыў далейшага ўзаемадзеяння.

БЕЛТА