Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання работнікаў культуры падкрэсліў, што ў краіне ўсё залежыць ад беларусаў: калі хочам лепш — будзе лепш, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў любой пазітыўнай сітуацыі, калі ўсё добра, знаходзіцца хто-небудзь, хто зайздросціць: «Камусьці добра, а хтосьці зайздросціць. Таму быць у акружэнні таго, што адбываецца каля граніц нашай краіны, такім некранутым кутком, дзе дзеткам добра і нам нядрэнна… Усё залежыць ад нас. Хочам лепш — будзе лепш. Не імкнёмся да лепшага — і не будзе лепшага».
«І не трэба ні ад кога патрабаваць потым нечага, калі ты сам недагледзеў, недарабіў, недапрацаваў», — дадаў Прэзідэнт.
Час цяпер складаны і цяперашняму пакаленню даводзіцца няпроста, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Магчыма, гэтак жа складана, як і папярэдняму пакаленню, якое аднавіла краіну з руін і попелу пасля вайны. «Не дай бог, вядома, перажыць тое, што было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на нашай зямлі», — заўважыў беларускі лідар.
«Складанасць у тым, што мы часам не бачым нашага праціўніка і ворага. Яго можаце ўбачыць толькі вы сваімі таленавітымі вачамі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў таго пакалення, якое прыме эстафету ў цяперашняга, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Паўтараю каторы раз: будзьце вельмі акуратныя, не спяшайцеся, не дапускайце памылак. Памылкі вельмі дорага абыходзяцца грамадству. Асабліва памылкі творчых работнікаў. Таму што за вамі, за кожным стаіць шмат людзей, тысячы людзей, якія глядзяць на вас з надзеяй. Беражыце сваю Беларусь. Трэба нам зрабіць так, каб мы, і асабліва нашы дзеці, родныя і блізкія не зведалі тых жахаў, якія, на жаль, перажываюць некаторыя народы, родныя нам, і недалёка ад нашай краіны».