Вторник, 21 января 2025

Лукашэнка: усе вялікія дамоўленасці ў супрацоўніцтве з Кітаем трэба перавесці ў канкрэтныя праекты

66

Усе вялікія дамоўленасці ў супрацоўніцтве з Кітаем трэба пераўтварыць у канкрэтныя праекты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пекінскім універсітэце на сустрэчы з сакратаром партыйнага камітэта ВНУ, старшынёй педагагічнага савета, намеснікам старшыні камісіі па міжнародных справах Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Хаа Пінам, паведамляе БЕЛТА.

«Мы са Старшынёй (КНР. — Заўвага БЕЛТА) даўнія сябры. Таму што мы аднолькава ацэньваем абстаноўку ў свеце і аднолькава глядзім на сусветныя перспектывы. Пасля нашай сустрэчы перагаворы прадаўжаюцца ва ўрадзе на ўзроўні віцэ-прэм’ераў. Усе нашы вялікія намеры, дамоўленасці трэба прызямліць, перавесці ў канкрэтныя праекты. Па даручэнні Сі Цзіньпіна і маім даручэнні віцэ-прэм’еры якраз гэтым займаюцца», — сказаў беларускі лідар.

Ён таксама заявіў пра неабходнасць узмацняць камунікацыю паміж народамі дзвюх краін: «Сёння асаблівы акцэнт на гэтым зрабіў Старшыня КНР. Камунікацыю ўзмацняць паміж маладзёжнымі групамі, маладымі людзьмі ў цэлым. Таму што за імі будучыня».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у тым ліку абмяркоўваліся пытанні студэнцкага абмену. «Нам трэба ўзмацняць, інтэнсіфікаваць гэты абмен. Трэба пашыраць супрацоўніцтва, не замыкацца толькі на біятэхналогіях. Нам трэба ў галіне хіміі, фізікі, матэматыкі… Ёсць цікавасць з боку Кітая наладжваць супрацоўніцтва», — адзначыў Прэзідэнт.

Хаа Пін расказаў, што ў 2015 годзе ў час дзяржаўнага візіту Старшыні КНР у Беларусь ён таксама знаходзіўся ў складзе дэлегацыі на пасадзе намесніка міністра адукацыі і асабіста змог адчуць гасціннасць і дружбу з боку жыхароў Мінска.

«Вы нагадалі перадгісторыю нашых адносін. Адна са старонак звязана з вамі. Гэта вельмі прыемна. Вы ведаеце Мінск, былі ў Мінску. Значыць, нам лягчэй будзе ўжо ў сферы адукацыі інтэнсіфікаваць нашы кантакты», — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе цяперашняга візіту каля чатырох гадзін размаўляў са сваім вельмі добрым і даўнім сябрам Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. «Ён успамінаў, калі мы сустрэліся ў Мінску ўпершыню. Ён быў намеснікам Старшыні і наведваў Мінск. І мне вельмі прыемна было, што ён памятае нават нюансы нашай сустрэчы», — сказаў Прэзідэнт.

Пекінскі ўніверсітэт — ключавая вышэйшая навучальная ўстанова Кітая. Разам з універсітэтам Цынхуа лічыцца самай прэстыжнай ВНУ краіны. Ва ўніверсітэце праходзяць навучанне больш за 46 тыс. студэнтаў, з якіх амаль 3,3 тыс. — іншаземцы.

У структуру ўніверсітэта ўваходзяць 55 інстытутаў прамога падпарадкавання, дзейнічаюць больш за 120 даследчых лабараторый, а бібліятэка ВНУ лічыцца адной з самых вялікіх у Азіі.

Аляксандр Лукашэнка ў верасні 2016 года выступаў перад студэнтамі Пекінскага ўніверсітэта.

У чэрвені 2019 года быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні Пекінскага ўніверсітэта з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. У маі 2022 года — пагадненне з БДУ аб стварэнні сумеснай адукацыйнай праграмы па спецыяльнасці «біятэхналогія».

БЕЛТА