Трэба не даць магчымасці ворагам уцягнуць Беларусь у ваенны канфлікт, і для гэтага ў краіне робіцца ўсё неабходнае. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу, якая адбылася 16 ліпеня ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ваенным добра вядома аб тым, што адбываецца цяпер на паўднёвым і заходнім прыграніччы краіны. Па сутнасці, беларусы апынуліся ў той жа сітуацыі, як і іх продкі восем дзесяцігоддзяў таму, — гэтак жа трэба выстаяць, не даць магчымасці ворагам уцягнуць Беларусь у ваенны канфлікт. «І мы робім для гэтага ўсё неабходнае. У тым ліку і размясціўшы ў сябе самае страшнае — ядзерную зброю», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь часам папракаюць у эскалацыі і нагнятанні абстаноўкі. Хоць на справе яна забяспечвае ваенную бяспеку і ўмацоўвае сваю абараназдольнасць, каб не дапусціць паўтарэння трагедыі 1941 года.
«Мы і далей будзем развіваць, умацоўваць і ўдасканальваць нашы Узброеныя Сілы, таксама з улікам вопыту баявых дзеянняў, — запэўніў Прэзідэнт. — Беларусы не хочуць вайны, але на любую правакацыю супраць нас адказ павінен быць рашучым і жорсткім. Кожны з вас гэта павінен засвоіць. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Ёсць каму і ёсць чым адказаць любому агрэсару».