Тавараабарот Беларусі са Смаленскай вобласцю трэба вярнуць на ўзровень $5 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі Васіліем Анохіным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«У нас тавараабарот у свой час быў пад $5 млрд. Гэта проста, я так разумею, вароты Беларусі ў велізарную Расію. Гэта нармальна. Мы з гэтым згодны. Як мы з Пуціным дамовіліся, гэтыя тры вобласці павінны быць вельмі цесна звязаны з Беларуссю — Бранская, Смаленская, Пскоўская. Плюс побач Ленінград (Піцер) — родны нам, беларусам, і знаёмы горад. Яны гатовы з намі супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Калі трэба, будзем працаваць, як бы складана ні было, і з масквічамі. Яны гатовы з намі супрацоўнічаць і купляць усё, што мы вырабляем», — сказаў Прэзідэнт.
«Слухайце, дай бог нам гэта пераадолець. Але мы і на Сахаліне працуем. Па асобных напрамках, тэхналагічных і гэтак далей, дзе мы маем вопыт, мы і там працуем. Па ўсёй Расіі. Але аснова — гэта нашы суседзі. І тое, што мы крыху звальваемся па тавараабароце, — трэба разабрацца ва ўрадзе, у чым там праблема і паднапружыцца, каб мы гэтыя $5 млрд мелі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У 2023 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Смаленскай вобласцю склаў $4,4 млрд, а па выніках студзеня — верасня 2024-га — $3,1 млрд.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў асаблівую духоўнасць жыхароў суседніх Смаленскай, Пскоўскай абласцей: «Нам ёсць чаму ў вас павучыцца. Яна нават вышэйшая, чым у нашых людзей».
«Ведайце, што мы заўсёды вашы людзі і гатовы падставіць плячо, нават ва ўрон каму-небудзь і нават ва ўрон уласным інтарэсам, калі гэта будзе трэба», — запэўніў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама ў цэлым падкрэсліў, што ў Беларусі і Смаленскай вобласці агульныя гісторыя, сучаснае. «І я абсалютна перакананы, што і будучыня ў нас павінна быць агульная, — заявіў ён. — Раз’яднаць нас практычна немагчыма. Людзі жывуць, маюць нармальныя стасункі, перамяшчаюцца. Калі недзе мы не прынялі рашэнне, я думаю, Расія і Беларусь прымуць гэтыя рашэнні — стасункі праз граніцу паміж суседнімі абласцямі. Людзі ў нас абсалютна падобныя адзін да аднаго і няхай яны жывуць спакойна».
Больш таго, яшчэ з былых часоў адзін аднаму дапамагалі, напрыклад беларускія камбайны падстаўлялі плячо суседзям на ўборцы збожжавых, а там, у сваю чаргу, дапамагалі гаспадаркам палівам. «Гэта значыць, як бы мы там палітычна ні раз’ядноўваліся — разваліўся Савецкі Саюз — людзі зразумелі, што трэба жыць разам», — адзначыў Прэзідэнт.
Ён агучыў шэраг ключавых напрамкаў для далейшага развіцця супрацоўніцтва са Смаленскай вобласцю. Тым больш з гэтай вобласці можна працаваць на ўсю Расію. «Тармажэння ў нас ніякага няма і не будзе з боку Беларусі. Але скорасць. Час такі цяпер, што трэба ўключаць дадатковыя скорасці, каб, як я гавару, заднія, якія за намі ідуць, не затапталі нас, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы да гэтага гатовы. Я ведаю пазіцыю Прэзідэнта Расіі, майго вельмі добрага сябра. Як я гавару, старэйшага брата. Поўная падтрымка, узаемаразуменне па ўсіх напрамках».
Аб сэрвісным цэнтры і пастаўках тэхнікі
Адна з прапаноў — стварэнне ў гэтым расійскім рэгіёне сэрвіснага цэнтра МАЗ. «Я не бачу праблем, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба там ствараць сэрвісны цэнтр. У адваротным выпадку, навошта ім нашы МАЗы, калі мы не можам іх абслужыць. Хоць Беларусь побач, мы заўсёды падстрахуем. Але трэба, каб і там была гэта пляцовачка».
Пры гэтым у дадзеным цэнтры пажадана абслугоўваць і іншую беларускую тэхніку.
Што датычыцца абнаўлення парку пасажырскай тэхнікі, за апошнія два гады ў Смаленскую вобласць пастаўлена 55 аўтобусаў МАЗ. У тым ліку пастаўляецца электратранспарт. «Гэта — будучыня. Смаляне, як і беларусы, вымушаны проста будуць гэтым займацца. У нас ёсць пэўныя кампетэнцыі. Трэба працаваць разам», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.
Тое ж самае датычыцца паставак дарожна-камунальнай тэхнікі.
«Трэба дамаўляцца і пастаўляць. Але і абслугоўваць трэба», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ёсць магчымасці і для кааперацыі ў рамках зборачных вытворчасцей. «Зборачныя вытворчасці Бабруйскаграмаш і Мотавелазавода. Я выбіраю тое, што, магчыма, вам трэба будзе. Вашы людзі гавораць, што гэта вам трэба. Нам гэта выгадна. Мы падтрымліваем гэтыя прадпрыемствы. Нам трэба ў гэтым напрамку таксама рухацца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сельгастэхніка ў Смаленску заўсёды будзе патрэбна. Тое ж самае, мне далажылі, вялікая цікавасць па меліярацыі. Мы аднавілі тэхніку (для патрэб меліярацыі. — Заўвага БЕЛТА) — бульдозеры, экскаватары, дрэнаўкладчыкі. Зусім побач пад Оршай прадпрыемства АМКАДОРа. Калі патрэбна дапамога, вопыт, каб з чаго-небудзь пачаць, мы гатовы вам аказаць пасільную адпаведную дапамогу».
Ёсць што прапанаваць Cмаленскай вобласці і ў плане пажарнай тэхнікі. «Той від, які заўсёды патрэбны будзе. У нас нават Зімбабвэ, В’етнам, Кітай з задавальненнем купляюць нашы машыны. Без гэтага нікуды сёння не дзецца».
Аб дарожным будаўніцтве
«Калі вы будзеце будаваць недзе дарогі, мы можам уключыцца. Хочаце — пад ключ, хочаце — можам на субпадрадзе. Як вы захочаце. Калі гэта вам трэба будзе», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі вырабляецца поўны комплекс дарожнай тэхнікі.
Аб станкабудаванні
Станкабудаванне — гэта будучыня, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Калі быў у Іркуцку, Казані, я размаўляў ужо з кіраўнікамі прадпрыемстваў, спецыялістамі, авіябудаўнікамі. Яны вельмі зацікаўлены ў станках», — расказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў Беларусі гэты напрамак быў развіты яшчэ з савецкіх часоў, а потым крыху адсталі. «За апошнія гады мы нямала зрабілі ў станкабудаванні. Без гэтага нікуды. Любое прамысловае прадпрыемства без станкоў, ну якое гэта прадпрыемства? — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі сумленна, я не вельмі паглыблены ва ўзровень беларускай вытворчасці станкоў. Зімой хачу пацікавіцца і паглядзець. Але разам з мікраэлектронікай (таксама з Прэзідэнтам абмяркоўвалі) станкабудаванне — пытанне нумар адзін для Беларусі і Расіі. Наша запатрабаванасць у Расіі каласальная. Каму, як не смалянам, калі гэта трэба будзе, мы гатовы дапамагчы».
Аб пастаўках прадуктаў харчавання
Абавязковы напрамак супрацоўніцітва — гэта пастаўкі прадуктаў харчавання, улічваючы, што Беларусь непасрэдна суседнічае са Смаленскай вобласцю.
«Не думаю, што тут у нас праблемы ёсць. Калі ласка. Людзі прыязджаюць, самі купляюць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на якасць беларускай прадукцыі, а ў алкагольнай і тытунёвай галінах наогул вельмі строгае рэгуляванне дзяржавы. «Людзі ведаюць, што ў нас якасны тавар. Няма ніякіх праблем, каб нам супрацоўнічаць», — падкрэсліў ён.
Губернатар Смаленскай вобласці ў першую чаргу падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і выказаў шчырую ўдзячнасць за ўвагу да пытанняў прыгранічнага супрацоўніцтва. «Вашы цёплыя сяброўскія адносіны з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным з’яўляюцца ўзорам для паводзін і для нашых далейшых дзеянняў, з’яўляюцца прыкладам, якога мы стараемся прытрымлівацца ва ўзаемадзеянні з нашымі беларускімі калегамі», — сказаў Васілій Анохін. У прыватнасці, ён адзначыў, што многія пытанні абмяркоўвае са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Субоціным: «Шчыра, па-добраму, па-добрасуседску, абсалютна адкрыта». «Вы правільна сказалі, Аляксандр Рыгоравіч, што нашы братэрскія народы маюць агульную гісторыю, культурныя каштоўнасці, і, сапраўды, нам гэта трэба захоўваць. Беларусь заўсёды гасцінна нас сустракае», — падкрэсліў кіраўнік расійскага рэгіёна.
Паводле яго слоў, Смаленская вобласць у апошнія гады прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах рознай накіраванасці, якія праводзяцца ў Беларусі. Напрыклад, у Форуме рэгіёнаў, у тэматычных выстаўках, культурных фестывалях, у прыватнасці, у Славянскім базары. У сваю чаргу беларускія творчыя калектывы таксама прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, праводзімых у Смаленскай вобласці. Вядзецца ўзаемадзеянне па лініі грамадзянска-патрыятычнага выхавання — больш за 1 тыс. прадстаўнікоў рэгіёнаў Беларусі прымаюць удзел у пошукавым руху Смаленскай вобласці.
