Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня сустрэўся з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Дыялог паміж нашымі краінамі ў сферы ўмацавання калектыўнай бяспекі цяпер актуальны як ніколі. Скажу адкрыта, што ад вас, галоўных памочнікаў кіраўнікоў дзяржаў у вашых краінах па бяспецы, многае залежыць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што такія сустрэчы даўно выйшлі за рамкі пратакольных, паколькі геапалітычная сітуацыя патрабуе выпрацоўкі своечасовых рашэнняў.
Нядаўна кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з кіраўнікамі органаў бяспекі і спецыяльных службаў краін СНД. «Прайшла нарада кіраўнікоў. Як мне дакладваюць, вельмі эфектыўная размова была, вельмі важная размова. І я, шчыра кажучы, гэтаму рады», — сказаў ён.
Гэтымі днямі ў Мінску праходзіць пасяджэнне Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ. Яны плануюць абмеркаваць выклікі і пагрозы бяспецы дзяржаў — членаў арганізацыі і меры па іх нейтралізацыі. Плануецца таксама разгледзець дакументы, якія датычацца правядзення рэгіянальнай антытэрарыстычнай аперацыі АДКБ «Наёмнік», падрыхтоўкі органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ і іншыя.