Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што саміт АДКБ у Мінску, які плануецца правесці 23 лістапада, пасадзейнічае нарошчванню калектыўных намаганняў па абароне і бяспецы. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«У нас з вамі адказны перыяд. Нам трэба дастойна правесці сесію нашай ваенна-палітычнай арганізацыі. І я хацеў бы перш за ўсё ад вас пачуць, калі гэта ёсць, пэўныя нюансы напярэдадні гэтага мерапрыемства. Вельмі адказнага мерапрыемства. Мы вельмі сур’ёзна рыхтуемся да гэтага мерапрыемства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца АДКБ, Прэзідэнт канстатаваў наяўнасць няпростага перыяду на постсавецкай прасторы. Перш за ўсё гэты перыяд характарызуецца некаторымі канфліктнымі сітуацыямі на гэтай прасторы, у тым ліку ў зоне адказнасці арганізацыі. «Але мы да гэтага гатовы, і я спадзяюся, што гэта мерапрыемства ў рамках ваенна-палітычнай арганізацыі ў Мінску будзе якраз садзейнічаць нарошчванню нашых намаганняў па абароне і бяспецы членаў АДКБ», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку таму факту, што ў гэты момант на поўдні ў Цэнтральнай Азіі ўдалося знайсці развязкі некаторага канфлікту, які існаваў паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам.
Скончылася таксама процістаянне паміж Арменіяй і Азербайджанам. «Трэба думаць пра будучыню — як уладкоўваць там жыццё дзвюх дзяржаў», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Зразумела, што і там, і там праблемы збіраліся не адзін год, не два, не тры і не пяць. Гэта даўнія вострыя праблемы. Але намеціўся пазітыў у гэтых адносінах. Гэта не таму, што мы старшынствавалі (у АДКБ у цяперашнім міжсесіённым перыядзе.- Заўвага БЕЛТА). Але на гэты перыяд прыпалі вось гэтыя добрыя захады, прыпаў такі момант, рух, трэнд да заспакаення сітуацыі на постсавецкай прасторы. Яшчэ раз падкрэсліваю, у зоне адказнасці АДКБ. Таму што і Арменія, і Кыргызстан з’яўляюцца членамі АДКБ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.