Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў народ Грузіі з нацыянальным святам — Днём Незалежнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Заснаваныя на гістарычных хрысціянскіх традыцыях аднолькавыя каштоўнасці народаў Беларусі і Грузіі, сапраўдная любоў да Айчыны і моцнае жаданне жыць і працаваць на сваёй зямлі спакон веку нас аб’ядноўвалі», — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што такая духоўная блізкасць, пачуццё разумення, добразычлівасць і шчырасць сучасных адносін дапамогуць у бліжэйшы час аднавіць паўнацэннае ўзаемадзеянне дзвюх краін па ўсіх напрамках.
«Упэўнены, што палітычная сталасць грамадзянскай супольнасці, жыццёвая мудрасць і непахісная воля грузінскага народа, а галоўнае — зацікаўленасць у захаванні стабільнасці ў нашым агульным рэгіёне з поспехам пераадолеюць усе існуючыя супярэчнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў грузінскаму народу міру, стойкасці і мужнасці для ўмацавання сваёй дзяржаўнасці.