Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 жніўня прыняў з дакладам старшыню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлю Качанаву, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт абазначыў тры групы пытанняў. Яны датычацца сітуацыі ў сталіцы, паколькі Наталля Качанава таксама з’яўляецца ўпаўнаважаным кіраўніка дзяржавы па горадзе Мінску. Другая група пытанняў датычыцца таго, як у Савеце Рэспублікі пачала работу новая каманда. Трэцяя — міжнародныя кантакты па лініі Савета Рэспублікі.
«Наталля Іванаўна, перш за ўсё — Мінск. Вы, як упаўнаважаны чалавек па Мінску, сітуацыю мне далажыце. Асабліва па тых пытаннях, па якіх мы з вамі вызначаліся. І асабліва па эканамічных — прадпрыемствы. Мотавелазавод — як там сітуацыя? Па продажах асобных будынкаў, памяшканняў… Разумееце, аб чым ідзе размова. Ну і як пачала працаваць новая каманда верхняй палаты парламента? Міжнародныя вашы кантакты і іншыя пытанні, якія вы лічыце патрэбным абмеркаваць», — сказаў беларускі лідар.
Наталля Качанава ў сваю чаргу адзначыла, што Савет Рэспублікі ў новым складзе правёў ужо чатыры пасяджэнні. «Прыняты 31 законапраект. Мы актыўна працуем цяпер, у міжсесійны перыяд. Уключыліся ў работу даволі актыўна, працуем з людзьмі. Разглядаем тыя законапраекты, якія прадастаўлены нам на экспертным савеце. Работа вядзецца актыўна па ўсіх напрамках», — сказала яна.